Як паведаміў Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы, праект пастановы, падрыхтаваны камітэтам, будзе разгледжаны на паседжаньні Сэнату 15 лютага.
У дакумэнце даецца ацэнка цяперашняга становішча ў Беларусі, а менавіта:
- КДБ і ГУБАЗіК выкарыстоўваюцца рэжымам для перасьледу апазыцыі і запалохваньня грамадзянскай супольнасьці Беларусі;
- арганізацыі зьдзейсьнілі акт дзяржаўнага тэрарызму і замаху на дэмакратыю, свабоду слова і эўрапейскі сувэрэнітэт, пасадзіўшы самалёт авіякампаніі Ryanair і затрымаўшы Рамана Пратасевіча і Сафію Сапегу;
- зь лютага 2022 году ўзброеныя сілы Расейскай Фэдэрацыі ажыцьцяўляюць напады на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі, што робіць вышэйшых прадстаўнікоў беларускага рэжыму саўдзельнікамі злачынства агрэсіі, учыненьнем якога яны груба парушаюць Статут ААН;
- нязгода з ваеннай агрэсіяй Расеі супраць Украіны сёньня ў Беларусі лічыцца злачынствам;
- у Беларусі прымяняецца сьмяротная кара, з шэрагам пратэстоўцаў абыходзяцца як з тэрарыстамі, каб да іх можна было прымяніць вышэйшую меру пакараньня;
- судовыя пасяджэньні з удзелам несправядліва асуджаных часта праходзяць без удзелу грамадзкасьці і журналістаў, таму грамадзкі кантроль за дзеяньнямі пэнітэнцыярных структураў адсутнічае;
- на сёньняшні дзень у Беларусі каля 1450 палітвязьняў, іх колькасьць павялічваецца, да іх ня маюць доступу ні чальцы семʼяў, ні прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу, ні назіральнікі.
З улікам вышэйназванага, сэнацкая камісія рэкамэндавала ўраду накласьці санкцыі на супрацоўнікаў карных структураў КДБ і ГУБАЗіК і з улікам іх мэтадаў абвясьціць іх арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм.
Таксама прапануецца:
- забясьпечыць працяг візавай праграмы «Грамадзянская супольнасьць» на наступны пэрыяд;
- даваць новыя ўрадавыя стыпэндыі для абраных беларускіх студэнтаў;
- выкарыстаць усе іншыя інструмэнты, каб аказваць эфэктыўную дапамогу грамадзянскай супольнасьці, незалежным СМІ і журналістам, якія працуюць у Беларусі, а таксама тым, якія перамясьцілі сваю дзейнасьць за мяжу.
Камэнтуючы рашэньне сэнацкай камісіі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка сказаў, што яно «было б немагчыма без плянамернай працы юрыстаў і дыпляматаў Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва і прадстаўніцтва Абʼяднанага пераходнага кабінэту Беларусі па транзыце ўлады, шматлікіх сустрэч з парлямэнтарыямі ў сьнежні-лістападзе 2022 году ў Варшаве і Празе, падрыхтаваных абгрунтаваньняў, аналітычных матэрыялаў і справаздачаў».