Сэйм Літвы заклікаў кіраўніцтва Літвы, усіх структураў Эўразьвязу, эўрапейскіх краін, NATO, ААН і АБСЭ адрэагаваць на сур’ёзныя сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.
У рэзалюцыі адзначаецца, што рэжым у Беларусі працягвае масавыя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, нягледзячы на тое, што Беларусь падпісала абавязаньні выконваць Усеагульную дэклярацыю правоў чалавека.
«Цяпер у Беларусі каля 1,5 тысячы палітвязьняў, дзясяткі тысяч затрыманыя, сярод палітвязьняў ёсьць непаўналетнія дзеці, палітвязьняў прымушаюць насіць апазнавальныя знакі, іх паддаюць гвалту, катуюць, зь іх зьдзекуюцца, ім не аказваецца своечасовая мэдычная дапамога, а адвакаты, якія абараняюць палітвязьняў, пазбаўляюцца ліцэнзіі», — адзначаецца ў рэзалюцыі.
Ухваленьне рэзалюцыі ініцыявала дэпутатка Сойму Давіле Шакалене.
«Мусім пасьлядоўна, сыстэматычна паўтараць, паўтараць і паўтараць, што палітвязьні павінны быць вызваленыя, што непаўналетнія палітвязьні — дзеці, зьняволеныя паводле палітычных матываў, — павінны быць вызваленыя, што мэдычнае абслугоўваньне палітвязьняў абавязковае.
Нават калі здаецца, што зараз гэта нічога ня зьменіць, або мы не спадзяемся і адчуваем, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўсё роўна ня будзе зьвяртаць увагу на нашы словы, але гэта наш маральны абавязак», — заявіла Давіле Шакалене.
Літоўскія дэпутаты заклікалі неадкладна прызнаць тэрарыстычнымі арганізацыямі так званыя беларускія сілавыя і праваахоўныя органы, у прыватнасьці Камітэт дзяржаўнай бясьпекі і Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС (ГУБАЗіК), прыпыніць удзел Рэспублікі Беларусь у розных спэцыялізаваных міжнародных арганізацыях, у тым ліку UNESCO, міжурадавых радах і праграмах у галіне культуры, адукацыі, навукі і інфармацыйнай палітыкі, а таксама абмежаваць любую фінансавую і іншую падтрымку дзяржаўных установаў Беларусі.