Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зарабляюць на арэндзе, грузчыку плацяць 900 рублёў. Што цяпер з холдынгам «Гарызонт», які запусьціў вытворчасьць ноўтбукаў


Завод «Гарызонт» у Менску. Архіўнае фота
Завод «Гарызонт» у Менску. Архіўнае фота

«Гарызонт» анансаваў старт продажаў яшчэ адной мадэлі ноўтбука, яна даражэйшая і магутнейшая за першую. Паглядзелі, што цяпер адбываецца з холдынгам.

Новую мадэль ноўтбука анансаваў холдынг «Гарызонт». Гэта будзе H-book 15 MAK4, з працэсарам Intel Core-i5, таксама ноўтбук мае памяць на 8 гігабайт і SSD-дыск на 512 гігабайт.

Абяцаюць, што кампутар зможа працаваць 10 гадзінаў без падзарадкі ў рэжыме онлайн-сёрфінгу. Цана — 1999 рублёў.

Раней холдынг «Гарызонт» прэзэнтаваў свой першы ноўтбук. Той абсталяваны працэсарам Core-i3, мае 8 гігабайт апэратыўнай памяці і SSD-дыск на 512 гігабайт. Каштуе 1599 рублёў, купіць яго можна ў фірмовай краме «Гарызонт» у менскім гандлёвым цэнтры «Сталіца».

Першы беларускі ноўтбук аказаўся вельмі падобным да кітайскай распрацоўкі Itel Spirit 2. Нават колер такім ж самы. Адрозьненьні два: на беларускім ноўтбуку ёсьць лога «Гарызонта» і ён даражэйшы. Itel Spirit 2 каштуе ў раёне 480 даляраў, ці 1300 рублёў.

Глядзім, што цяпер адбываецца з «Гарызонтам», які за апошнія два месяцы стаў вытворцам ноўтбукаў.

Што цяпер з «Гарызонтам»

На сёньня, згодна з афіцыйным сайтам холдынгу, ён аб’ядноўвае 17 прадпрыемстваў, адзін інавацыйны цэнтар і мае 5 000 супрацоўнікаў.

Апроч ноўтбукаў, цяперашні «Гарызонт» вырабляе мікрахвалёўкі, тэлевізары, маніторы, асьвятляльныя прылады, прамысловую тэхніку.

З 2020 году «Гарызонт» не публікаваў фінансавых справаздач. Чысты прыбытак холдынгу за 2020 год — 1,3 мільёна рублёў. Тады завод меў 292 мільёны рублёў па кароткатэрміновых і доўгатэрміновых крэдытах (агулам).

Згодна з дакумэнтамі на сайце холдынгу, у верасьні мінулага году прайшоў сход акцыянэраў у пытаньні зьмяншэньня статутнага фонду прадпрыемства. Сумы ў дакумэнтах не агучваліся.

Холдынг здае ў арэнду больш за дзесяць памяшканьняў агульнай плошчай 655 квадратных мэтраў. Сярод іх офісы, склады, майстэрні, пляцоўкі для захаваньня. Напрыклад, адна майстэрня на 100 квадратаў за месяц будзе каштаваць 800 рублёў.

Таксама «Гарызонт» мае каля 3 тысяч адзінак розных неліквідаў, якія прадпрыемства гатовае прадаць. У іх пераліку такія рарытэты, як манітор «Няміга» (выпускаліся з 1988 году), тэлевізар «Верас» (выпускаліся з 1994 году), фотаапарат «Зенит» (выпускаліся ў 1952— 2005 гадах). Разам зь пералікам неліквіду пазначаны кантакт «для рэалізацыі».

Колькі зарабляюць на «Гарызонце»

На сайце кампаніі знаходзім 7 вакансій. Напрыклад, начальніку фінансавага ўпраўленьня гатовыя плаціць 1700 рублёў на месяц, начальніку тэхналягічнага аддзелу — да 2000, начальніку выпрабавальнага цэнтру — ад 1000, кладаўшчыку — ад 850 рублёў, начальніку плянава-эканамічнага аддзелу — да 1500 рублёў.

Рабочаму на канвэеры прапануюць ад 900 рублёў на месяц, грузчыку — ад 900 рублёў.

Такім чынам, каб грузчык захацеў купіць новую, палепшаную мадэль беларускага ноўтбука, яму давялося б працаваць на «Гарызонце» больш за 2 месяцы і адкладваць увесь заробак. Начальніку тэхналягічнага аддзелу хапіла б аднаго месяца, калі аддаць на ноў-хаў ад холдынгу ўвесь заробак, а начальніку фінансавага ўпраўленьня — адзін месяц і тыдзень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG