Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканоміка страчвае працаўнікоў, актыўней за ўсё — айцішнікаў


Беларуская эканоміка стала больш актыўна страчваць работнікаў. За 11 месяцаў мінулага году — ад студзеня да лістапада — кампаніі звольнілі на 66,5 тысячы чалавек больш, чым нанялі. Актыўней за ўсё меншае колькасьць айцішнікаў — адных з найбольш высокааплатных спэцыялістаў, піша «Зеркало».

Беларуская эканоміка працягвае страчваць эканамічна актыўных людзей

Летась, за выключэньнем верасьня (а за сьнежань яшчэ няма статыстыкі), наймальнікі больш актыўна звальнялі людзей, чым бралі на працу. За 11 месяцаў за кошт гэтага эканоміка страціла 66,5 тысячы работнікаў. Гэта больш, чым за аналягічны пэрыяд 2021 году (64,6 тысячы).

Тэмпы зьмяншэньня работнікаў набліжаюцца да пэрыяду рэцэсіі 2015-2016 гадоў.

У кастрычніку летась у эканоміцы было занята 4 196 000 чалавек. Гэта на 1,9% менш, чым у кастрычніку 2021 году. Вось жа, страты эканамічна актыўнага насельніцтва краіны набліжаюцца да дзесяцігадовага рэкорду: вышэйшым ён быў толькі паводле зьвестак на кастрычнік 2012-га (2%) і 2016-га (2,2%).

За год эканоміка страціла больш за 68 тысяч занятых.

Самая пэрспектыўная галіна пазбаўляецца ад працоўнай сілы

Сярод галін абсалютным лідэрам у страце працаўнікоў стаў IT. Калі ў 2020 і 2021 гадах у гэтай галіне больш наймалі людзей, чым звальнялі, то ў летась карціна кардынальна зьмянілася: за 11 месяцаў было звольнена больш чалавек, чым у суме за два папярэднія гады.

Хваля звальненьняў у IT-кампаніях пачалася ў сакавіку 2022-га, гэта значыць адразу пасьля пачатку вайны, і працягнулася да канца году. У выніку колькасьць звольненых супрацоўнікаў больш чым у два разы перасягнула колькасьць найманых: 27,8 тысячы супраць 12,4. Шмат у чым гэта зьвязана з рэлякацыяй цэлых фірмаў ці вялікай часткі офісаў у іншыя краіны.

За студзень-лістапад 2022 году будаўніцтва страціла больш за 11 тысяч работнікаў, але гэты працэс запаволіўся ў параўнаньні з тэмпамі мінулых двух гадоў. Тое самае датычыцца розьнічнага гандлю. Але ў аптовым гандлі звальненьні перавысілі наём амаль на 2 тысячы чалавек, хаця да гэтага сытуацыя была адваротнай.

Працягнулі страчваць працаўнікоў адукацыя (4,3 тысячы чалавек), фінансавая галіна і нерухомасьць. Вярнулася да мінусу хімічная прамысловасьць, працягнулі страчваць працаўнікоў нафтавая галіна, дрэваапрацоўка і папяровая прамысловасьць.

У ахове здароўя, наадварот, сытуацыя павярнулася ў бок перавышэньня найму над звальненьнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG