Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спрактыкаваны хлус»: Кіраўнік МЗС Украіны пракамэнтаваў абяцаньне Пуціна не забіваць Зяленскага


Кіраўнік МЗС Украіны Дзьмітро Кулеба
Кіраўнік МЗС Украіны Дзьмітро Кулеба

Абяцаньні прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна нельга ўспрымаць сур’ёзна, у тым ліку яго заяву аб тым, што ён не плянаваў забіваць Уладзіміра Зяленскага, заявіў у нядзелю, 5 лютага, у Twitter міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба.

«Раней Пуцін абяцаў не акупаваць Крым, не парушаць Менскія пагадненьні, не ўрывацца ва Ўкраіну, але ён усё гэта зрабіў. Не падманвайце сябе: ён спрактыкаваны хлус. Кожны раз, калі ён абяцаў нічога не рабіць, гэта было ў яго плянах», — падкрэсьліў кіраўнік МЗС.

Былы прэмʼер-міністар Ізраіля Нафталі Бэнэт сьцьвярджае, што на пачатку вайны расейскі кіраўнік Уладзімір Пуцін абяцаў яму не забіваць прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, піша The Jerusalem Post.

У інтэрвію ізраільскаму 12 каналу Бэнэт, які ўзначальваў урад краіны ў 2021-2022 гадах, заявіў, што абмяркоўваў гэтае пытаньне з прэзыдэнтам Расеі, калі прыяжджаў у Маскву ў сакавіку 2022 году. Па словах экс-прэмʼера, ён задаў наўпроставае пытаньне аб забойстве прэзыдэнта Ўкраіны, і Пуцін адказаў: «Я не зьбіраюся забіваць Зяленскага». Затым Бэнэт папрасіў расейскага прэзыдэнта даць яму слова, і Пуцін паўтарыў, што ня будзе гэтага рабіць.

Пасьля сустрэчы Бэнэт, як ён сьцьвярджае, патэлефанаваў Зяленскаму, які ў той момант хаваўся ў сакрэтным бункеры, і сказаў, што яму нічога не пагражае. Праз некалькі гадзінаў прэзыдэнт Украіны апублікаваў відэа са свайго офіса, сказаў Бэнэт.

Экс-прэмʼер Ізраіля дадаў, што ўсе яго дзеяньні былі ўзгодненыя з ЗША, Нямеччынай і Францыяй.

У сакавіку 2022 года брытанская газэта The Times паведаміла, што Уладзімір Зяленскі перажыў як мінімум тры замахі за тыдзень. Паводле інфармацыі выданьня, з задачай забіць прэзыдэнта Ўкраіны ў краіну прыбылі дзьве групы — найміты «ПВК Вагнэра» і чачэнскі спэцназ, але іх плянам нібыта перашкодзілі супрацоўнікі ФСБ, якія выступаюць супраць вайны. У студзені 2023 года паведамлялася, што з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Зяленскі перажыў ужо больш за 12 замахаў, некаторыя з якіх ЦРУ дапамагло прадухіліць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG