Вуглядар — яшчэ адзін горад у Данецкай вобласьці, які цяпер спрабуе захапіць расейскае войска. У выходныя яны абстралялі горад зь цяжкай агнямётнай сыстэмы «Солнцепёк». Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведаміў адзін з расейскіх «вайсковых карэспандэнтаў».
27 студзеня стала вядома, што ў адным з баёў у Вуглядары загінуў беларускі добраахвотнік Эдуард Лобаў.
У Вуглядары да поўнамаштабнага расейскага ўварваньня жылі каля 20 тысяч чалавек. Цяпер, як сьцьвярджаюць украінскія ўлады, нягледзячы на тое, што ўсе жылыя дамы пашкоджаны абстрэламі, у горадзе застаюцца сотні мірных жыхароў.
Баі цяпер ідуць у дачных пасёлках на ўскраінах Вуглядару. Украінскі журналіст Юры Бутусаў апублікаваў відэазапіс, як украінскія артылерысты наносяць удары па расейскай бранятэхніцы, што набліжаецца да гораду.
Пра сытуацыю каля Вуглядару «Настоящему времени» паведаміў прэсавы афіцэр украінскай 68-й асобнай егерскай брыгады Яўген Назаранка.
— Што адбываецца ў горадзе? Ці сапраўды расейскія вайскоўцы спрабуюць прасоўвацца да Вуглядару? Ці атрымліваецца ў іх гэта?
— У самім горадзе стаіць 72-я брыгада. Мая брыгада стаіць проста каля Вуглядару. На гэты момант сытуацыя стабілізавалася. Расейскія вайскоўцы цягам чатырох дзён спрабавалі штурмаваць горад, у тым ліку праз пазыцыі нашай брыгады, яны спрабавалі абысьці Вуглядар з боку Паўлаўкі. Але не ўдалося.
І тут адыграла ролю, што [хоць яны і] ішлі з трох бакоў, але гэта былі ня «вагнэраўцы», гэта значыць, яны ня кідалі хвалі мяса, якога не шкада. Гэта было рэгулярнае войска, марская пяхота, гэта паветрана-дэсантныя войскі. Гэта значыць, яны дзейнічалі абсалютна паводле школы: на бранятэхніцы, на танках з падтрымкай артылерыі і авіяцыі. Яны змаглі дасягнуць невялікіх посьпехаў на пазыцыях украінскай арміі, але істотных — не змаглі. Яны крыху дайшлі да гэтых дачных паселішчаў на ўскраіне Вуглядару, і там яны спыніліся. Калі яны зразумелі, што ўкраінскае войска не пабегла, што фронт ня сыплецца, што ніводнае падразьдзяленьне не адступіла і далей біцца аб нас проста няма сэнсу, яны гэты наступ спынілі.
Фактычна цяпер стала значна цішэй. Ужо другі дзень сытуацыя значна лягчэйшая, чым была. Зараз расейскае войска ня робіць спробаў новых штурмаў.
— Вы згадалі ПВК «Вагнэр». Мы часта расказвалі пра Бахмут, і ўкраінскія вайскоўцы казалі, што расейцы штурмуюць Бахмут і Салядар літаральна пяхотным наступам гэтых людзей з ПВК «Вагнэр». У Вуглядары, як вы кажаце, ня так. Ці адрозьніваецца тактыка супрацьстаяньня іншаму па характары расейскаму наступу пад Вуглядарам?
— Калі параўноўваць з Бахмутам — зноў жа, я там не ваюю, не служу, але зразумела, што ёсьць шмат знаёмых і шмат адкрытай інфармацыі, — то там проста кідаюць хвалямі гэтыя малыя групы па 20–50 вайскоўцаў. Першая група памірае, другая ідзе за імі. І так яны па трупах наступаюць на Бахмут.
У нас гэтага зусім няма. У нас дзейнічае рэгулярнае войска, там усё паводле школы. Яны на бранятэхніцы, запавольваюцца пры падтрымцы танкаў, пры падтрымцы авіяцыі, артылерыі. Людзей яны ў значна большай ступені шануюць, чым тое, што я бачу ў ПВК «Вагнэр». Так, у расейскага войска ёсьць страты. Прыблізна за тры-чатыры дні штурмаў яны страцілі каля 100 чалавек жывой сілы, вялікую колькасьць бранятэхнікі — дакладнай колькасьці мы ня ведаем. Але такога штурму закідваньнем трупамі на вуглядарскім кірунку — на пазыцыях нашай брыгады, на пазыцыях 72-й брыгады — мы не назіраем.
Гэта больш было падобна да летняга наступу, калі яны крылі ўсё артылерыяй бяскарна. Цяпер на кадрах гарыць Вуглядар — гэта наступствы. То бок гэта масіраваная атака артылерыі, масіраваная атака авіяцыі, і потым ідзе пяхота ў надзеі, што нашы падразьдзяленьні адступілі пад гэтым вогненным валам. Але гэтага не адбылося.
— Калі гаварыць пра тэхніку, якую выкарыстоўваюць расейцы, ці можна нейкія высновы рабіць наконт таго, што ў іх з тэхнікай, што ў іх са снарадамі цяпер — з таго, што вы бачыце пад Вуглядарам?
— Да гэтага наступу многія байцы, у тым ліку маёй брыгады, казалі, што значна зьнізілася колькасьць артылерыйскага агню і адчуваецца, што ў расейцаў, у прынцыпе, ёсьць снарадны голад. Гэта яны пішуць і ў сябе ў тэлеграм-каналах. Але на гэты наступ яны, відаць, падцягнулі ўсе свае снарады, таму што па шчыльнасьці агонь быў вельмі моцны: як увесну і ўлетку. Былі і танкі — у іх ішлі наперад танкі Т-72, БМП-2, БМП-3, авіяцыя. Толькі пры нас, калі мы былі на пазыцыях дзьве гадзіны, пяць разоў рабіла заходы расейская авіяцыя з выпусканьнем снарадаў па пазыцыях нашых падразьдзяленьняў. Гэта значыць, тут яны вырашылі падцягнуць усе свае рэзэрвы, але не атрымалася.
— А з самалётамі на гэтым кірунку могуць змагацца Ўзброеныя сілы Ўкраіны?
— З усім можна змагацца заўсёды. Але я заўважыў, дый усе адзначылі, што самалёты дзейнічалі на вельмі вялікай вышыні. Яны разумелі, што яны трапляюць у зону нашай СПА, таму яны дзейнічалі на вышыні больш за пяць кілямэтраў. Гэта значыць, іх візуальна было відаць, але гэта была такая белая лінія ўдалечыні. Дастаць на той момант, мусіць, іх было немагчыма. Гэта, у прынцыпе, уплывае і на дакладнасьць агню. Калі самалёт лятае ніжэй, ён страляе дакладней, наколькі я ведаю. Але яны не падляталі занадта нізка, каб ня трапіць у зону. Я бачыў, што СПА наша адпрацоўвала, спрабавала зьбіць, але вынікаў, на жаль, я ня ведаю.
— Вуглядар — гэта ўсё ж даволі малы горад. Чым ён важны для расейскага войска? Проста тым, што адчыняе шляхі для далейшага наступу?
— Не, Вуглядар — гэта надзвычай важны населены пункт, таму што Вуглядар — гэта пануючая вышыня. Ён рэальна знаходзіцца вельмі высока, ён відаць з усіх нашых пазыцый. Калі б расейцы яго ўзялі, то гэта б стварыла істотныя праблемы для ўкраінскага войска. Нам бы давялося перабудоўваць абсалютна ўсю сваю лінію абароны. Аж да таго, што расейцы б з Вуглядару кантралявалі ўсе нашы лягістычныя дарогі, аж да таго, што нам давялося б адыходзіць ледзь не да Курахава, таму што Вуглядар рэальна вельмі высока знаходзіцца, і расейцы, атрымаўшы кантроль над ім, проста б бачылі ўсё, што адбываецца на пазыцыях нашых войскаў.
— Ці азначае гэта, што ў выпадку захопу расейцамі Вуглядару ўкраінскім войскам давядзецца адыходзіць яшчэ і з суседніх гарадоў?
— Там у асноўным вёскі. Ізноў жа, гэта пытаньне, вядома, больш да людзей, у якіх вялікія пагоны. Але тое, што я бачу, — нашаму падразьдзяленьню прыйшлося б перабудоўваць цалкам лінію абароны. Я не скажу, у якія населеныя пункты мы б адышлі, але тое, што на іншыя пазыцыі, якія прыйшлося б нанава абсталёўваць, — гэта дакладна.
— Зяленскі, камэнтуючы сытуацыю на Данбасе, сказаў, што неабходна прысьпешыць заходніх партнэраў з пастаўкамі ўзбраеньня і тэхнікі. Вам цяпер на фронце чаго не хапае? Чаго не хапае ў раёне Вуглядару?
— Сказаць, што чагосьці крытычна не хапае, — такога няма. Вядома ж, калі б у нас было больш артылерыі, больш танкаў, больш цяжкага ўзбраеньня, сытуацыя, вядома, была б нашмат лягчэйшая. І ўжо не расейцы ішлі б на Вуглядар, а мы б ішлі з Вуглядару наперад. Натуральна, нам трэба больш зброі.
У прынцыпе, гэтыя тэмы ўсе агучваліся. У прынцыпе, крытычнага нічога няма, усяго хапае, ёсьць чым адбівацца, у тым ліку і заходняй тэхнікай, і савецкай тэхнікай, і ўкраінскай. Але трэба значна павысіць гэтыя пастаўкі, каб мы не сядзелі ўвесь час у абароне, а маглі б ужо вырашаць больш сур’ёзныя задачы.
— Танкі зьменяць сытуацыю?
— Танкі — гэта наступальнае ўзбраеньне. Натуральна, яны зьменяць сытуацыю.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.