Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Харкаўская, Запароская, Днепрапятроўская вобласьць — расейскія войскі працягваюць абстрэлы Ўкраіны


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Мясцовыя ўлады Харкаўскай, Запароскай, Днепрапятроўскай абласьцей 21 студзеня распавялі пра новыя абстрэлы з боку расейскіх войскаў.

У выніку абстрэлаў прымежных населеных пунктаў Харкаўскай вобласьці загінуў адзін чалавек, яшчэ чацьвёра параненыя, у прыватнасьці, дзіця, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў.

«Вораг працягвае тэрор мірнага насельніцтва Харкаўшчыны ў прыгранічных населеных пунктах Купянскага, Чугуеўскага і Харкаўскага раёнаў. За мінулыя суткі са ствольнай і рэактыўнай артылерыі, танкаў і мінамётаў акупанты абстрэльвалі Ваўчанск, Купянск, Стрэлку, Вільчу, Агурцова і — іншыя населеныя пункты», — паведаміў ён.

Па словах Сінягубава, больш за ўсё ад абстрэлаў пацярпеў горад Ваўчанск Чугуеўскага раёна. У суботу раніцай снарад трапіў у прыватны дом, у выніку чаго загінула 60-гадовая жанчына, а раненьні атрымалі жанчына 45 гадоў і 7-гадовая дзяўчынка, іх шпіталізавалі. У пятніцу ў Ваўчанску атрымаў раненьне 71-гадовы мужчына. У вёсцы Каўшароўка Купянскага раёна таксама паранены мужчына 27 гадоў.

За мінулыя суткі расейскія вайскоўцы абстралялі 21 горад і пасёлак Запароскай вобласьці, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Старух.

«166 абстрэлаў перажылі нашыя грамады. У рэестар дадалося яшчэ 18 разбураных дамоў», — напісаў ён. Учора ў Гуляйполі загінула жанчына, а ў горадзе Арэхава загарэлася памяшканьне кінатэатру, двое мірных жыхароў атрымалі раненьні, удакладніў Старух.

Таксама расейскія войскі ў чарговы раз абстралялі за ноч з 20 на 21 сьнежня горад Нікапаль Днепрапятроўскай вобласьці, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Разьнічэнка.

«Гэтай ноччу ў Нікапольшчыну зноў прыляцелі расейскія снарады. Вораг накрыў агнём зь цяжкай артылерыі Міроўскую грамаду — накіраваў зь дзясятак снарадаў у сяло Вышатарасаўка. Людзей не зачапіла», — напісаў ён у тэлеграм-канале.

Тым часам Генштаб Узброеных сіл Украіны ў ранішняй зводцы за 21 сьнежня паведамляе пра працяг баёў у раёне Бахмута.

Паводле ведамства, за мінулыя суткі расейскія войскі нанеслі сем ракетных і 15 авіяўдараў, а таксама зьдзейсьнілі 68 абстрэлаў з РСЗА. Сярод пацярпелых гарадоў — Нікапаль, Гуляйполе і Краматорск. Адбітыя атакі расейцаў у раёнах населеных пунктаў Навасёлаўскае, Плашчанка і Чырвонапапоўка Луганскай вобласьці і Белагораўка, Раздолаўка, Васюкоўка, Чырвоная Гара, Ягаднае, Бахмут, Прадцечына, Вадзяное і Мар'інка Данецкай вобласьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG