Як стала вядома Свабодзе, рэпэтытара Яўгена Лівянта, ягоную жонку Юлію, дачку Ганну, яе мужа Мікіту Дразда і суўладальніка адукацыйнага цэнтру «100 балаў» Аляксея Іванова перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Супраць іх завялі крымінальную справу паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
Паводле гэтага артыкулу можа пагражаць да 4 гадоў пазбаўленьня свабоды альбо да 5 гадоў абмежаваньня свабоды.
Затрыманаму 28 сьнежня Яўгену Лівянту спачатку прысудзілі 14 сутак арышту, ягонай жонцы Юліі — 15, іхнай дачцы Ганьне — 14 сутак арышту. Іх утрымлівалі ў менскай турме на Акрэсьціна.
Пазьней Лівянта асудзілі другі раз па адміністрацыйным артыкуле і далі яму 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Лівянт уваходзіў у склад Каардынацыйнай рады.
Вядома, што дачку Лівянта Ганну і яе мужа Мікіту Дразда затрымалі ў канцы сьнежня пасьля іх вяртаньня з Польшчы.
30 сьнежня сілавікі затрымалі таксама суўладальніка адукацыйнага цэнтру «100 балаў» Аляксея Іванова. На відэа сілавікоў яго прымусілі назваць свой агульны даход за год, а таксама «прызнацца» ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Яго спачатку арыштавалі на 14 сутак.