Як паведамляе «Наша Ніва», трох удзельнікаў гурту Tor Band — Яўгена Бурло, Дзьмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка — перавялі ў Гомельскае СІЗА. Гэта значыць, што супраць іх завялі крымінальную справу.
16 студзеня Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі прызнаў Tor Band «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Tor Band заняў 109-е месца ў сьпісе экстрэмісцкіх арганізацый, які вядзе МУС Беларусі. Гэта адзіны ў сьпісе музычны калектыў.
Кліпы на іх песьні «Мы не „народец“», «Жыве», «Кто, если не ты?!» набіралі больш за мільён праглядаў на YouTube.
Удзельнікаў гурту Tor Band разам з жонкамі затрымалі 28 кастрычніка ў Рагачове. У канцы сьнежня паведамлялася, што яны ня выйшлі на волю пасьля 60 дзён арышту.