«Сёньня мы адзначаем важную падзею ў гісторыі сучасных Украіны, Польшчы і Літвы... 160 гадоў таму нашыя народы аб’ядналі свае сілы і сталі поплеч супраць расейскага імпэрыялізму і тыраніі», — гаварылася ў віншавальным лісьце, які зачытаў Васіль Зварыч.
Адсутнасьць узгадваньня ролі беларускага народу ў паўстаньні 1863 году абурыла шмат беларускіх грамадзкіх дзеячоў і палітыкаў.
Свабода сабрала рэакцыі вядомых беларусаў:
Пісьменьніца Сьвятлана Курс (Ева Вежнавец):
«Я глыбока расчараваная і абражаная тым, што ўчора нашаму народу не далі слова сказаць і вянок пакласьці на сьвяткаваньні 160-годзьдзя нашага агульнага паўстаньня. Нібыта наша слова, наша кроў і наша сьмерць нічога ня вартыя.
Гэта было зроблена, я падазраю, на запыт украінскай дзяржавы. Я разумею іх горыч і боль. Але не прымаю і не прыму таго, што нам, нашчадкам Яські, гаспадара з-пад Вільні, адмаўляюць у гонары.
Таму што ў турмах і магілах і цяпер дзясяткі тысяч нашых змагароў. А іншыя ў туляньні, бяздом’і, паняверцы, адрэзаныя ад Бацькаўшчыны і сям’і, ад сваіх бацькоў старых, якіх ня могуць дагледзець і пахаваць.
Але ведаеце што? Мы і гэта зьнясем з годнасьцю і стойкасьцю, бо мы разумныя, гордыя і стойкія, закаханыя ў свой край і ў агульную чалавечнасьць. І мы можам дзяліць волас начацьвёра.
Я ганаруся ня тым, што нарадзілася беларускай — бо мы таго не выбіраем — а тым, што я сто тысяч разоў выберу ёй быць.
Жыве Беларусь. Памятайма нашых герояў і гераінь».
Кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак:
«„Не зачароўвайся, каб не расчароўвацца“, — чарговы ўрок і напамін пра адзін з галоўных слоганаў у маім жыцьці. Сёньняшні „выпадковы“ правал памяці Уладзіміра Зяленскага, які „забыўся“ ў шэрагу народаў, якія паўсталі супраць імпэрыі ў 1863-1864, прыгадаць беларусаў — вельмі сымптаматычны прыклад, які кажа беларусам пра тое, што і сёньня і далей па гістарычнай канве, дзейсная ўлада Ўкраіны прасоўвае падыход real-politik.
Няма чаго сумаваць з гэтага факту, Украіна і яе гісторыя суседзтва з намі шырэй за шостага яе прэзыдэнта. Ведаю, што значная частка ўкраінскага грамадзтва падтрымлівае падыход — „наш паўночны сусед — Расея“, не адрозьніваючы нас ад імпэрыі, але гэта тая рэальнасьць, у якой нам далей жыць.
Суседзяў не выбіраюць. Дэмакратычная супольнасць Беларусі зацікаўленая ў перамозе Ўкраіны над імпэрыяй і я буду падтрымліваць Украіну да самай перамогі, нягледзячы на сыноў і дачок Украіны, якія хочуць ня бачыць нас як асобнага гульца. Гэта іх справа. Нашая справа — пабудова бясьпечнай і ўстойлівай Усходняй Эўропы.
А яна немагчымая безь незалежных Беларусі і Ўкраіны, якія абароненыя ад імпэрскіх прэтэнзій і атак».
Кіраўнік фонду дапамогі беларусам BY_help Аляксей Лявончык.
«Зяленскі: (абышоў беларусаў, зрабіўшы выгляд, што яны ў паўстаньні не прысутнічалі). Гэта зразумела, Каліноўскі ж украінец. Раз ужо палякі адціснулі Траўгута. Затое беларусаў прыгадаў Дуда.
Складана ня ўспомніць імя аднаго са знакавых правадыроў гэтай падзеі, але Зяленскаму гэта пасьпяхова ўдалося. Як і ўдалося некаторы час адмазваць Лукашэнку ад санкцыяў. Усё лягічна.
Real-politik — штука зразумелая. Менавіта яе і прасоўвае прэзыдэнт Украіны. Ды толькі тады незразумела, а чаго ён крыўдуе на Оляфа Шольца, які тупіць з танкамі для ўкраінскага войска. Гэта таксама real-politik. Узровень бог. У абодвух».
Рада БНР таксама выказала засмучэньне з нагоды таго, што «ў дні, калі адзначаецца 160-гадовы юбілей пачатку паўстаньня Кастуся Каліноўскага супраць расейскай імпэрыі, прэзыдэнт Украіны не знайшоў магчымасьці прыгадаць удзел у ім беларускага народу».
«Прычына гэтага зразумелая і палягае не ў гісторыі, а ў сучаснасьці: саўдзел Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны. Аднак важна памятаць, што Лукашэнка зьяўляецца ўзурпатарам і не выяўляе волі беларускага народу. Ён выконвае волю Пуціна, у інтарэсах якога зьнішчыць незалежнасьць Беларусі», — гаворыцца ў заяве Рады БНР з гэтай нагоды.