Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Славаччыне праваліўся рэфэрэндум, ініцыяваны прарасейскімі партыямі


Прэзыдэнты Славаччыны і Ўкраіны Зузана Чапутава і Ўладзімір Зяленскі ў Кіеве 31 траўня 2022
Прэзыдэнты Славаччыны і Ўкраіны Зузана Чапутава і Ўладзімір Зяленскі ў Кіеве 31 траўня 2022

У Славаччыне ў суботу безвынікова завяршыўся агульнанацыянальны рэфэрэндум аб унясеньні паправак у Канстытуцыю краіны, якія павінны былі аблегчыць правядзеньне датэрміновых парлямэнцкіх выбараў.

Рэфэрэндум ініцыявалі апазыцыйныя партыі, якія іх апанэнты называюць прарасейскімі празь іх пазыцыі ў адносінах да вайны ва Ўкраіне.

Рэфэрэндум быў прызнаны несапраўдным, паколькі ў ім прынялі ўдзел толькі крыху больш за чвэрць усіх выбарнікаў, якія маюць права голасу. Юрыдычную сілу вынікі рэфэрэндуму мелі б толькі ў тым выпадку, калі б на ўчасткі прыйшло больш за палову зарэгістраваных выбарнікаў.

Больш за 97% адсоткаў з тых, хто прыйшоў на ўчасткі галасавалі за папраўкі — верагодна, гаворка ідзе аб прыхільніках апазыцыі. Тыя, хто падтрымлівае кіруючую кааліцыю, засталіся дома.

Мінулай восеньню ўрад Славаччыны, які актыўна падтрымлівае Ўкраіну ў вайне з Расеяй, атрымаў вотум недаверу ў парлямэнце. Новую кааліцыю сфармаваць не ўдалося. Аднак, у адрозьненьне ад шэрагу краін, Канстытуцыя Славаччыны не прадугледжвае магчымасьці датэрміновых выбараў у такім выпадку — парлямэнт павінен дапрацаваць да заканчэньня 4-гадовага тэрміну, на які ён абраны, гэта значыць да 2024 году.

Прэзыдэнтка Славаччыны Зузана Чапутава абяцала, прызначыць тэхнічны ўрад, калі прадстаўнікі ўраду і апазыцыі да канца студзеня не дамовяцца пра мэханізм датэрміновых выбараў. Чакаецца, што такі ўрад працягне падтрымку Ўкраіны, у той час як большасьць апазыцыйных партый выступае за яе скарачэньне і за тое, каб падштурхоўваць Кіеў да перамоваў з Масквой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG