У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што Расея рыхтуецца перакінуць у зону баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны свае новыя танкі Т-14 «Армата», якія ўжо перамясьцілі на паўднёвыя расейскія палігоны — іх зьвязваюць зь дзейнасьцю перад разгортваньнем ваенных падзей ва Ўкраіне.
«Любое разгортваньне Т-14, хутчэй за ўсё, будзе вельмі рызыкоўным рашэньнем для Расеі», — перакананыя брытанскія выведнікі.
У Міністэрстве абароны Вялікай Брытаніі нагадалі, што гэты танк распрацоўваўся цягам 11 гадоў: праграма рэалізацыі неаднаразова зрывалася, былі праблемы з вытворчасьцю, і ў выніку скарацілі яе аб’ём.
Дадатковай праблемай для Расеі ў брытанскай выведцы назвалі больш складаны і цяжкі лягістычны ланцужок, чым для іншых расейскіх танкаў.
«Калі Расея разьмесьціць Т-14, то, хутчэй за ўсё, у прапагандысцкіх мэтах. Колькасьць створаных танкаў складае, пэўна, толькі некалькі дзясяткаў, і камандзіры наўрад ці будуць лічыць гэтую машыну надзейнай для вядзеньня бою», — адзначылі брытанскія выведнікі.
Якіх танкаў чакае Ўкраіна
Наступныя дні стануць ключавымі для ўхваленьня заходнімі партнэрамі Ўкраіны рашэньня аб пастаўках танкаў ва Ўкраіну. Працягваецца праца ў фармаваньні так званай «танкавай кааліцыі» — групы краінаў, гатовых перадаць танкі заходняй вытворчасьці.
Пераломным момантам можа стаць чарговая сустрэча ў фармаце Rammstein — калі ў Нямеччыне зьбяруцца дзясяткі міністраў абароны, каб абмеркаваць чарговы пакет заходняй вайсковай дапамогі Ўзброеным сілам.
Ад пачатку агрэсіі Расеі супраць Украіны краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якія з часоў Варшаўскай дамовы мелі запасы савецкіх танкаў, ужо перадалі іх Украіне. Паводле некаторых зьвестак, Украіна атрымала з посткамуністычных краін да 410 танкаў савецкай вытворчасьці — у асноўным Т-72. Іх перадалі Польшча, Чэхія, Славаччына, Баўгарыя і Славенія.
У канцы 2022 году галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны заявіў, што Ўкраіне для перамогі ў вайне трэба яшчэ 300 танкаў. Мяркуючы па ўсім, ён меў на ўвазе танкі заходняй вытворчасьці.
«Гэтыя танкі паказалі б сябе на полі бою на некалькі галоў вышэй за любы танк расейскай арміі, які цяпер ёсьць у іх на ўзбраеньні. А калі ўлічыць, што ў іх там былі ўсялякія Т-72 ці Т-90, якія, папраўдзе, мала чым адрозьніваюцца ад Т-72Б... Калі глядзець глябальна, то заходнія танкі ствараліся для таго, каб максымальна эфэктыўна супрацьстаяць у тым ліку і танкам Савецкага Саюзу», — сказаў Свабодзе галоўны рэдактар парталу Defence Express Алег Каткоў.
Цяпер усе засяродзіліся на нямецкіх танках Leopard 2, якія стаяць на ўзбраеньні многіх эўрапейскіх сябраў NATO і Эўразьвязу.
Якія краіны гатовы перадаць нямецкія танкі Leopard 2
Паводле ўкраінскіх уладаў, танкі Leopard цяпер гатовы перадаць Украіне пяць краін, але называюць пакуль толькі дзьве — Польшчу (мае каля 250 танкаў Leopard) і Фінляндыю (мае больш за сотню танкаў Leopard). Але паколькі Нямеччына зьяўляецца краінай-вытворцай, Бэрлін таксама павінен даць дазвол.
Цяпер арміі 20 краін сьвету маюць на ўзбраеньні танкі Leopard. Танк важыць больш за 60 тон, мае 120-мілімэтровую гармату і можа паражаць цэлі на адлегласьці да пяці кілямэтраў.
Але Нямеччына пакуль азіраецца на ЗША. На мінулым тыдні канцлер Оляф Шольц заявіў, што Нямеччына «ня будзе рабіць самастойных крокаў».
«Нямеччына заўсёды будзе адзіная са сваімі сябрамі і хаўрусьнікамі. Асабліва з нашым трансатлянтычным партнэрам — ЗША. Усё іншае было б безадказна ў такой небясьпечнай сытуацыі», — заявіў Шольц.
Таму Нямеччына цяпер азіраецца на ЗША, а ЗША на Нямеччыну, калі разважаюць, ці варта перадаваць амэрыканскія танкі Abrams.
Нерашучасьць у пытаньні паставак зброі ва Ўкраіну, як паведамлялі СМІ, магла стаць адной з прычын адстаўкі міністаркі абароны Нямеччыны Крыстынэ Лямбрэхт. Цяпер ёсьць пэўныя прыкметы таго, што новы міністар можа больш прыхільна паставіцца да ідэі паставак Leopard ва Ўкраіну або, прынамсі, дазволіць іншым эўрапейскім краінам пастаўляць гэтыя танкі са сваіх запасаў.
Згодна з паведамленьнямі нямецкай прэсы, калі ўрад Нямеччыны ў найбліжэйшы час ухваліць рашэньне аб перадачы танкаў Украіне, то да канца 2023 году нямецкі ўрад зможа перадаць ад 10 да 15 адрамантаваных танкаў.
Раней Польшча заявіла, што можа перадаць Украіне роту танкаў «Леапард», а гэта прыкладна 10-15 танкаў. У Давосе прадстаўнікі Польшчы паведамілі, што Варшава гатовая перадаць Украіне 14 «Леапардаў».
Экспэрты гавораць, што, пакуль гэтыя пляны рэалізуюцца, пакуль навучаць украінскія экіпажы і будзе створаная сетка для рамонту і абслугоўваньня заходніх танкаў, могуць прайсьці месяцы.
Што з амэрыканскімі танкамі
Украіна даўно просіць у ЗША танкі Abrams. Мяркуецца, што Валеры Залужны і кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША генэрал Марк Мілі маглі абмяркоўваць гэтую тэму на сустрэчы ў Польшчы.
Дагэтуль амэрыканская прэса пісала, што танкі Abrams вельмі цяжкія, але гэты аргумэнт цяпер можна адкінуць пасьля рашэньня Вялікай Брытаніі перадаць Украіне 14 цяжкіх танкаў Challenger 2. Да таго ж танкі Abrams складаныя ў абслугоўваньні і патрабуюць працяглай падрыхтоўкі экіпажаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.