Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: сыстэмы СПА ў Маскве — падрыхтоўка расейцаў да доўгай вайны


«Панцыр С-1» на верталётнай пляцоўцы Мінабароны Расеі
«Панцыр С-1» на верталётнай пляцоўцы Мінабароны Расеі

Верагоднае разьмяшчэньне сыстэм супрацьпаветранай абароны ў Маскве не зьвязана з пагрозай атакі з боку Ўкраіны. Хутчэй за ўсё гэта гульня напаказ, з дапамогай якой Крэмль рыхтуе грамадзян да працяглай вайны і новых ахвяраў, гаворыцца ў справаздачы амэрыканскага Інстытута вывучэньня вайны (ISW).

Экспэрты інстытуту мяркуюць, што cыстэмы СПА, хутчэй за ўсё, былі ўсталяваныя спэцыяльна для публікацыі рэзанансных фота, каб папярэдзіць расейцаў аб небясьпецы, якую для іх уяўляе вайна з Украінай. Магчыма, такім чынам Крэмль хоча павялічыць колькасьць прыхільнікаў вайны сярод расейцаў і падрыхтаваць іх да далейшай мабілізацыі, адзначаецца ў справаздачы ISW.

Разам з тым, паводле дадзеных Bloomberg, усталяваньне сыстэм СПА на дахах будынкаў у Маскве можа казаць аб тым, што расейскія ўлады асьцерагаюцца нападаў украінскіх бесьпілётнікаў. Суразмоўцы агенцтва распавялі, што рашэньне аб СПА прынятае пасьля нападаў дронаў на вайсковыя аэрадромы пад Разаньню і Саратавам.

Фатаздымкі і відэа зэнітных ракетных комплексаў, якія расейскія вайскоўцы ўсталявалі на дахах дамоў у цэнтры Масквы, непадалёк ад рэзыдэнцыі Ўладзіміра Пуціна ў Нова-Агарове і побач з аэрапортам Астаф’ева, сталі зьяўляцца ў расейскіх сацсетках некалькі дзён таму. Адна з сыстэмаў — «Панцыр С-1» — была ўсталяваная наўпрост на верталётнай пляцоўцы галоўнага будынку Міністэрства абароны Расеі. Раней на ўскраінах Масквы былі заўважаныя новыя сыстэмы супрацьпаветранай абароны С-400.

Расейскія ўлады ўстаноўку сыстэмаў СПА не камэнтуюць. Прадстаўнік Крамля Дзьмітрый Пяскоў пераадрасаваў пытаньні журналістаў у Мінабароны. У камітэце абароны расейскай Думы фатаздымкі і відэа назвалі фэйкамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG