Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) завяршае разьмяшчэньне сваіх сталых місій на ўсіх украінскіх атамных электрастанцыях: Ровенскай, Паўднёваўкраінскай, Хмяльніцкай, Запароскай і Чарнобыльскай.
«Упершыню ў гісторыі чалавецтва ядзерныя аб’екты сталі элемэнтам наступальнай ваеннай стратэгіі. Сёньня я пачуў ад генэральнага дырэктара МАГАТЭ запэўненьне ў поўнай падтрымцы нашых намаганьняў па гарантаваньні ядзернай бясьпекі, у тым ліку на Запароскай АЭС», — сказаў прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве 19 студзеня пасьля сустрэчы з кіраўніком МАГАТЭ Рафаэлем Гросі.
Украінскі прэм’ер заклікаў МАГАТЭ спрыяць зьмяншэньню ўплыву Расеі на гэтую арганізацыю, а таксама ўвядзеньню санкцый супраць расейскай кампаніі «Росатом».
«Партфэль замежных заказаў кампаніі «Росатом» складае 200 мільярдаў даляраў. Упэўнены, большасьць гэтых сродкаў у выпадку атрыманьня пойдзе на фінансаваньне ракет, якія забіваюць мірных украінцаў і ствараюць ядзерную небясьпеку для ўсяго сьвету. Таму мы працягнем настойваць на абмежаваньні правоў Расеі і прывілеяў Расеі ў МАГАТЭ і спыненьні супрацы з кампаніяй «Росатом», — заявіў Дзяніс Шмыгаль.
У сваю чаргу генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі паведаміў, што галоўным фокусам іхнай увагі застаецца Запароская АЭС і стварэньне вакол яе дэмілітарызаванай зоны.
«Нашы спэцыялісты будуць даваць парады і аказваць тэхнічную дапамогу, а арганізацыя будзе перадаваць неабходнае абсталяваньне», — сказаў ён.
Паводле Рафаэля Гросі, работа місій будзе трываць цягам ваеннага становішча і некаторы час пасьля завяршэньня вайны, каб дапамагчы аднавіць усё, што пашкоджана ў выніку вайны і абстрэлаў.
На тэрыторыі Ўкраіны пяць атамных станцый. Адну зь іх — Запароскую — з пачатку вайны захапіла Расея і спрабавала перападключыць у сваю энэргасыстэму.
Найбуйнейшая ў Эўропе Запароская АЭС неаднаразова зазнала артабстрэлы, у якіх Расея і Ўкраіна абвінавачвалі адна адну.
Украіна заклікала ААН накіраваць міратворцаў на Запароскую АЭС, нават без дамовы з Расеяй аб стварэньні зоны бясьпекі.
«Праблема ў тым, што на ўзроўні МАГАТЭ няма рашэньня. Працэс ня рухаецца. Мы б прапанавалі вынесьці гэтае пытаньне на наступны ўзровень», — сказаў кіраўнік украінскай кампаніі «Енергоатом» Пятро Коцін.