Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навоша: Цяпер чарга сілавікоў прасіць, каб іх ня білі

абноўлена

Старшыня КДБ Іван Тэртэль і мэдыямэнэджар Дзьмітрый Навоша.
Старшыня КДБ Іван Тэртэль і мэдыямэнэджар Дзьмітрый Навоша.

Па 12 гадоў турмы «завочна» прысудзіў суд у Менску фігурантам «справы Чорнай кнігі Беларусі». Сярод асуджаных і мэдыямэнэджар, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com Дзьмітрый Навоша. У інтэрвію Свабодзе ён расказаў, што думае пра гэты суд, эфэктыўнасьць «ЧКБ» і пра яе карысьць у будучыні.

Па справе «Чорнай кнігі Беларусі» праходзілі адразу пяць чалавек. Акрамя Навошы, гэта Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Валерыя Занямонская і Вольга Высоцкая. Ніводнага зь іх у судзе не было, яны жывуць за мяжой і на працэс, які вяла судзьдзя Натальля Бугук, не прыехалі.

Дзьмітры Навоша нічога ня ведае пра сам працэс і не кантактаваў з адвакатам. Гэта спрабавала зрабіць іншая асуджаная, але пасьля настойлівых просьбаў тады яшчэ абвінавачанай расказаць пра лінію абароны адвакат заблякаваў яе ў мэсэнджары. Навоша кажа, што ня бачыць ніякай лёгікі гэтага судовага працэсу і лічыць, што адзіная мэта рэжыму — паказаць хаця б нейкія перамогі падчас поўнага, на думку Навошы, банкруцтва ўлады і дзяржавы.

Навоша лічыць, што праект «ЧКБ» яшчэ будзе карысны для грамадзтва, калі пачнецца суд над адказнымі за парушэньне закону. Тым ня менш «ЧКБ» ня выканаў цалкам сваёй мэты, бо гвалт з боку сілавікоў працягваецца. Не паўплывалі на сілавікоў і заклікі спыніць гвалт. Ён ня бачыць іншага мэханізму ўзьдзеяньня, акрамя як «украінская школа».

«Гэта школа ўкраінскага народу па тым, як адстойваць сваю свабоду і захоўваць свой выбар і сваю годнасьць. Гэта гучыць вельмі жорстка. Гэта рабіць няпроста, я сам не гатовы гэта рабіць, і я ня схільны заклікаць да таго, чаго я сам не раблю. Але „міліцыя з народам“, на добры лад, павінна крычаць сама міліцыя. Міліцыя павінна казаць — ня біце нас, павінен быць закон, павінен быць суд. Гэтага балянсу ў Беларусі няма. У Беларусі сіла выключна ў аднаго боку, і ён будзе ёю карыстацца да канца лукашызму, таму што гэта адзіны інструмэнт, які ў іх працуе. Гэтыя людзі набралі на сябе вельмі шмат крымінальных злачынстваў. Ім давядзецца быць з Лукашэнкам да канца», — сказаў Дзьмітры Навоша.

«Чорная кніга Беларусі» паўстала ў верасьні 2020 году ў адказ на гвалт з боку супрацоўнікаў сілавых структур. У аднайменным тэлеграм-канале публікаваліся асабістыя зьвесткі людзей, якія спрычыніліся да фальсыфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў. Дзейнасьць абвінавачаных сьледзтва кваліфікавала як падбухторваньне да злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасьці. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG