Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве паліцыя затрымала людзей, якія прыйшлі да стыхійнага мэмарыялу загінулых у Дніпры


Шматкватэрны дом, які моцна пацярпеў ад расейскага ракетнага ўдару ў Дніпры, Украіна. 14 студзеня 2023
Шматкватэрны дом, які моцна пацярпеў ад расейскага ракетнага ўдару ў Дніпры, Украіна. 14 студзеня 2023

У Маскве каля стыхійнага мэмарыялу ў памяць аб ахвярах расейскага ракетнага ўдару па Дніпры затрымалі чатырох чалавек, паведамляе «ОВД-Инфо».

Па інфармацыі расейскага праваабарончага праекту, супрацоўнікі паліцыі затрымалі двух чалавек, якія ўскладалі кветкі. Двое іншых затрыманых знаходзіліся паблізу. Усіх чацьвярых пасадзілі ў паліцэйскую машыну.

Сярод затрыманых — жанчына, якая прыйшла ўскласьці кветкі разам са сваім сабакам. Жанчыну сілай пасадзілі ў машыну, а сабаку пакінулі на вуліцы. Па словах відавочцы, паліцыю выклікалі актывісты руху SERB, якія раней прыехалі да мэмарыялу. Імёны затрыманых невядомыя.

Пасьля праваабарончы праект напісаў, што сабаку жанчыны забралі яе суседзі.

Да гэтага зьявілася інфармацыя, што да стыхійнага мэмарыялу на Ўкраінскім бульвары ў аўторак увечары выклікалі паліцыю.

Паведамленьне і відэазапіс, зроблены ля помніка Лесі Ўкраінцы, апублікавала выданьне SOTAvision.

Выданьне паведаміла, што да помніка Лесі Ўкраінцы, куды масквічы прыносяць кветкі і цацкі ў памяць аб загінулых пры падзеньні ракеты на шматпавярховы жылы дом, прыйшлі так званыя Z-патрыёты — тыя, хто падтрымліваюць расейскае ўварваньне ва Ўкраіну. Яны абурыліся плякатамі зь перакрэсьленай літарай Z і дзіцячымі рознакаляровымі цацкамі (іх палічылі ЛГБТ-сымболікай за вясёлкавую расфарбоўку).

Аб стыхійным мэмарыяле ў сувязі з падзеямі ў Дняпры раней паведаміў, у прыватнасьці, карэспандэнт The Insider. Адзначалася, што да помніка на Украінскім бульвары прыносяць кветкі і цацкі, ля падножжа паставілі фатаздымак разбуранага 14 студзеня дзевяціпавярховага дома.

Удар па Дніпры быў нанесены ў суботу падчас інтэнсіўнай расейскай ракетнай атакі, падчас якой па тэрыторыі Ўкраіны былі выпушчаны дзясяткі ракет розных тыпаў. У аўторак мясцовыя ўлады паведамілі, што колькасьць загінулых у выніку пападаньня расейскай ракеты ў жылы дом вырасла да 45. Сярод іх шасьцёра дзяцей. Пра гэта паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі Валянцін Разьнічэнка. Каля 20 чалавек да гэтага часу лічацца зьніклымі бязь вестак.

Па дадзеных Паветраных сіл Украіны, па доме ў Дніпры ўдарыла ракета Х-22, цалкам разбурыўшы больш за 200 кватэр.

Мінабароны Расеі сьцьвярджае, што ракетны ўдар 14 студзеня быў нанесены «па сыстэме вайсковага ўпраўленьня Ўкраіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG