Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Расеі «зьнік» мільён беларусаў, а зь Беларусі — 600 тысяч расейцаў. Яшчэ раз пра парадоксы дэмаграфіі


Чым можна патлумачыць істотнае скарачэньне за 30 гадоў колькасьці беларусаў у Расеі і расейцаў у Беларусі?

Сьцісла

  • Колькасьць беларусаў, якія жывуць у Расеі, зьменшылася з 1989 па 2021 год на мільён чалавек.
  • Адзін з фактараў зьмяншэньня — натуральная страта насельніцтва. Этнічных расейцаў у Расеі за той жа час стала меней на 14 мільёнаў.
  • На пачатку 90-х была даволі заўважная міграцыя беларусаў з Расеі ў Беларусь.
  • Амаль за той жа прамежак часу колькасьць этнічных расейцаў у Беларусі зьменшылася на 600 тысяч.
  • Большая частка гэтага зьмяншэньня прыпала на 1999–2019 гады, калі Беларусьсю кіраваў Лукашэнка.
  • Параўнаньне перапісаў у Расейскай імпэрыі (1897), Польшчы (1931) і СССР (1959) паказвае, што доля жыхароў, якія называлі сябе палякамі, істотна мянялася: спачатку на мільён чалавек павялічылася, потым амаль на столькі ж зьменшылася.
  • Уяўляецца, што мэханізм гэтых зьменаў — зьмена людзьмі ідэнтычнасьці, вынік імкненьня быць з этнічнай большасьцю краіны, дзе жывеш.

Алесь Чайчыц у сваім блогу «У Расеі „зьнік“ адзін мільён беларусаў. Куды?» прывёў дадзеныя аб скарачэньні колькасьці беларусаў, якія жывуць у Расеі. Паводле апошняга савецкага перапісу 1989 году, у РСФСР жылі адзін мільён дзьвесьце тысячаў беларусаў; паводле ўсерасейскага перапісу 2021 году іх засталося 208 тысячаў. Скарачэньне — амаль на мільён чалавек.

Адзінае тлумачэньне гэтага Чайчыц прапануе наступнае: «У свой час высокапастаўлены расейскі беларус мне ў прыватнай гутарцы проста як відавочную і агульнавядомую рэч сказаў, што колькасьць беларусаў у афіцыйных расейскіх перапісах штучна заніжаецца».

Гэтае тлумачэньне падаецца непераканаўчым. Па-першае, яго немагчыма праверыць. Па-другое, фальсыфікацыя такіх маштабаў павінна была мець безьліч пацьверджаньняў. Нарэшце, па-трэцяе, ёсьць шмат іншых, менш кансьпіралягічных тлумачэньняў гэтай зьявы.

За той жа пэрыяд — зь перапісу 1989 году па перапіс 2021 году — колькасьць этнічных расейцаў у РСФСР/РФ зьнізілася са 120 мільёнаў чалавек да 106 мільёнаў. А гэтае зьмяншэньне на 14 мільёнаў таксама тлумачыцца «штучным заніжэньнем»?

А можа, тым банальным чыньнікам, што сярод этнічных расейцаў нараджальнасьць даволі нізкая, а сьмяротнасьць — высокая? Дык і сярод беларусаў гэтыя паказьнікі супастаўныя. І прынамсі часткова скарачэньне колькасьці беларусаў у РФ тлумачыцца тымі ж чыньнікамі, што і скарачэньне там колькасьці этнічных расейцаў — нізкай нараджальнасьцю і высокай сьмяротнасьцю.

Чайчыц піша: «Уся Сібір і расейскі Далёкі Ўсход населеныя людзьмі зь беларускімі і ўкраінскімі прозьвішчамі». Так, але калі там зьявіліся людзі з гэтымі прозьвішчамі? Падчас масавых міграцыяў яшчэ ў Расейскай імпэрыі і ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя, калі беларусы ехалі на «будоўлі камунізму». Але самі гэтыя людзі, якія ехалі зь Беларусі туды, ужо ладнай часткай у лепшым сьвеце.

Яшчэ адно тлумачэньне — гэта міграцыя 1990-х гадоў. Пасьля распаду СССР амаль усе наваствораныя постсавецкія краіны мелі з Расеяй адмоўнае міграцыйнае сальда — зь іх больш людзей ехала ў Расею, чым з Расеі да іх.

Беларусь была выключэньнем. У 90-я ў яе з Расеі ехала больш людзей, чым зь Беларусі ў Расею.

І хто ж ехаў у Беларусь з Расеі? А беларусы.

Аналіз дынамікі чыстага міграцыйнага сальда (1990–2009) паказвае, што на працягу прыкладна дзесяцігодзьдзя 1990–1999 у Беларусь штогод прыяжджала на сталае жыхарства па некалькі дзясяткаў тысячаў этнічных беларусаў. І галоўным донарам гэтага патоку вяртаньня была менавіта Расея.

Потым постсавецкія міграцыйныя патокі абмялелі і складалі ўжо нязначныя лічбы, але ў 90-я добрых 100 тысячаў беларусаў прыехалі ў Беларусь з Расеі.

Гэта не тлумачыць скарачэньня іх колькасьці на мільён чалавек, але частка гэтага скарачэньня прыпадае менавіта на фэномэн вяртаньня беларусаў з Расеі на бацькаўшчыну.

Але перш чым гаварыць пра галоўны чыньнік «зьнікненьня» беларусаў у РФ, варта зьвярнуцца да ня менш цікавай зьявы — істотнага скарачэньня колькасьці этнічных расейцаў у Беларусі. Паводле перапісу 1989 году, іх у БССР было 1 мільён 342 тысячы, паводле перапісу ў Беларусі ў 2019 годзе — 707 тысячаў: зьмяншэньне на 600 тысячаў.

Адносна іх можна задаць пытаньне, сымэтрычнае пытаньню Алеся Чайчыца: куды ў Беларусі «зьніклі» 600 тысячаў этнічных расейцаў?

Дарэчы, некаторыя расейскія і беларускія прарасейскія выданьні ў свой час прапаноўвалі дакладна такую ж трактоўку, якую прапануе цяпер Чайчыц адносна скарачэньня колькасьці беларусаў у РФ: беларускія ўлады штучна заніжалі колькасьць расейцаў. Тлумачэньне настолькі ж пераканаўчае.

Між тым тут можна прапанаваць тлумачэньні менш кансьпіралягічныя і больш натуральныя. Байкі Лукашэнкі пра «расейцаў, якія сядзелі на валізах» да яго прыходу да ўлады, байкамі і былі. Але паток расейцаў, якія ехалі зь Беларусі ў Расею ў першыя гады незалежнасьці, сапраўды быў. Паміж беларускімі перапісамі 1989 і 1999 гадоў колькасьць расейцаў у Беларусі зьменшылася на 200 тысячаў. Беларусы вярталіся з Расеі дамоў, расейцы зь Беларусі — дамоў да сябе.

Аднак скарачэньне іх колькасьці ў Беларусі паміж перапісамі 1999 і 2019 гадоў было ўдвая большае і прыпала цалкам на гады кіраваньня Лукашэнкі.

Чаму ж на фоне дэмагогіі пра «адзіную Айчыну» і «расейцам у Беларусі жыць лепш, чым у Расеі» іх колькасьць скарацілася ў Беларусі амаль удвая?

Але ёсьць беларускі прыклад, які яшчэ больш уражвае маштабамі кардынальных зьменаў этнічнага складу. Калі я рыхтаваў цыкль публікацый пра этнасы Беларусі, параўноўваў дадзеныя пра польскае насельніцтва беларускіх земляў па трох перапісах.

Паводле перапісу 1897 году ў паветах Расейскай імпэрыі, якія цяпер уваходзяць у склад Беларусі, пражывала 225 тысячаў чалавек з роднай польскай мовай.

У 1931 годзе ў Польшчы праводзіўся перапіс. Я ўзяў дадзеныя гэтага перапісу па тых паветах Рэчы Паспалітай, якія цяпер — часткі Рэспублікі Беларусь. І паводле таго польскага перапісу ў тых паветах, якія ўваходзяць у сучасную Заходнюю Беларусь, палякамі назвалі сябе 1 мільён 320 тысячаў жыхароў (беларусамі — 898 тысячаў, тутэйшымі — 632 тысячы).

Нарэшце, падчас савецкага перапісу 1959 году на тэрыторыі ўсёй тагачаснай БССР палякамі назвалі сябе 539 тысячаў жыхароў.

Адрозьненьні — на сотні тысячаў. І тут дарэчнае пытаньне Чайчыца: куды зьніклі прынамсі амаль 800 тысячаў палякаў з 1931 па 1959 год? Хоць добрае і адваротнае пытаньне: адкуль узяліся з 1897 па 1931 год на адной і той жа і нават меншай тэрыторыі больш за мільён палякаў?

Зразумела, пасьля далучэньня да Польшчы Заходняй Беларусі ў Рэчы Паспалітай была міжрэгіянальная міграцыя, быў інстытут «асадніцтва». Ну, і насельніцтва вырасла ў цэлым. Зь іншага боку, пасьля 1939 году і да вайны і пасьля ў Заходняй Беларусі быў сталінскі тэрор і дэпартацыі палякаў, на вайне загінула шмат жыхароў Беларусі, у тым ліку і палякаў, пасьля вайны быў абмен насельніцтвам з Польшчай.

Але гэта не тлумачыць зьмены памерам у мільён чалавек, прычым у розныя бакі. Фальсыфікацыі? Таксама тэарэтычна нельга выключаць. Але чые? Імпэрскіх чыноўнікаў, якія ладзілі перапіс 1897 году; польскіх, якія ладзілі перапіс 1931 году; савецкіх, якія праводзілі перапіс 1959 году? Ці ўсіх разам?

Выключаць нічога нельга, але ўяўляецца, што ёсьць агульны мэханізм, які тлумачыць як зьмяншэньне колькасьці беларусаў у РФ, гэтак і зьмяншэньне колькасьці расейцаў у Беларусі і скачкі колькасьці палякаў на сучасных беларускіх землях у 1897–1959 гадах.

Гэта — зьмена ідэнтычнасьці. Падчас перапісаў людзі самі адказваюць на пытаньні пра сваю нацыянальнасьць (этнічнасьць) і пра родную мову; іх адказы не правяраюць, не зьвяраюць зь нейкім дакумэнтальным пацьверджаньнем. У савецкія часы ў пашпарце была графа «нацыянальнасьць». У постсавецкія часы яе няма ні ў беларускіх, ні ў расейскіх пашпартах.

Як сам чалавек сябе ідэнтыфікуе, так перапісчыкі і запісваюць. А ёсьць пэўная спакуса адносіць сябе да тытульнага этнасу краіны, дзе ты жывеш. І ў краінах, дзе шмат зьмяшаных шлюбаў, дзе суіснуе некалькі культураў, гэта часам і не абавязкова сьвядомая няпраўда.

Дзіця ад шлюбу, скажам, беларуса і расейкі ў якім-небудзь 1989 годзе магло падчас перапісу ў БССР сказаць, што лічыць сябе расейцам. І ў пашпарце магло так папрасіць запісаць. Расейцы — яны ж у СССР галоўныя. А ўжо ў якім 1999 годзе той жа чалавек ужо на беларускім перапісе мог нават шчыра сказаць, што ён беларус. Ну, неяк камфортней у сувэрэннай Беларусі адчуваць сябе прыналежным да этнічнай большасьці. Ня тое, што ў Беларусі этнічных расейцаў неяк дыскрымінуюць. Але жаданьне быць з большасьцю — моцнае пачуцьцё. Вось празь яго і «зьнікла» пераважная большасьць з тых 600 тысячаў этнічных расейцаў незалежнай Беларусі.

І аналягічна — з таго мільёну «зьніклых» беларусаў Расеі. Іх бацькі ці маці, бабулі ці дзядулі некалі сапраўды прыехалі зь Беларусі ў Расею. Але пабраліся шлюбамі зь мясцовымі, пераважна этнічнымі расейцамі, іх дзеці і ўнукі таксама перажаніліся і павыходзілі замуж за мясцовых. І вакол пераважна расейцы. Ну, дык і ёсьць спакуса сказаць падчас перапісу — я расеец (расейка). А што прозьвішча на -іч — ну, вось такое прозьвішча.

Тое самае было і з насельніцтвам гарадоў і вёсак Заходняй Беларусі. У імпэрыі падчас перапісу 1897 году назвалі роднай мовай хутчэй беларускую, а ў 1931 годзе назваліся палякамі. Ну, неяк так — гаварылі ж адразу на некалькіх мовах. А якая нацыянальнасьць... дзяржава ж польская. Ну і нацыянальнасьць адпаведная. А падчас савецкага перапісу 1959 году тыя ж людзі маглі назвацца беларусамі.

І паўтаруся — гэта не абавязкова сьвядомая няпраўда. Шмат рознай крыві ў многіх жыхарах Беларусі намяшана, шмат моваў яны чуюць (прынамсі, чулі).

І моцна працавалі і працуюць у ХХ і ХХІ стагодзьдзях асыміляцыйныя мэханізмы. Можна сказаць, што асабліва эфэктыўна яны працуюць адносна беларусаў зь іх няпэўнай ідэнтычнасьцю. Але, як бачым па дынаміцы колькасьці этнічных расейцаў у Беларусі, даволі істотны асыміляцыйны патэнцыял мае і беларускае грамадзтва.

Тлумачыць такія складаныя грамадзкія зьявы ўладнымі фальсыфікацыямі, зразумела, можна. Але наўрад ці прадуктыўна. Пра іх мэханізмы (а галоўнае — маштабы) мала што вядома.

Зразумела, дзяржаўная статыстыка — штука неідэальная. І яна сапраўды ўразьлівая да палітычнай замовы. Але калі альтэрнатыва — «а мне вось адзін беларус сказаў», то лепш, напэўна, статыстыка — нават пры ўсіх яе хібах.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG