Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2020-м патрэбная праўда пра беларускую мову. Тэрапэўтычная, не патолягаанатамічная


Моўныя пытаньні перапісу 2019 г.
Моўныя пытаньні перапісу 2019 г.

У Жыткавіцкім раёне людзей, якім запісалі беларускую мову роднай, паменела на 27%, а ў Камянецкім таксама на 27%, але пабольшала. Гэта лічбы перапісу 2019 году. Ня веру. Але цяпер гэта і нецікава

Сьцісла:

  • Беларускую мову ў перапісе 2019 году назвалі роднаю больш людзей, чым у 2009-м — праўда, на мізэрныя 0,9% (з 53,2% да 54,1%). Беларуская мова фармальна ня стала мовай меншасьці.
  • А папярэдні перапіс 2009 году засьведчыў спад на 20% колькасьці тых, хто назваў беларускую мову роднай.
  • Аднак моўныя пытаньні абодвух перапісаў не адпавядаюць беларускай спэцыфіцы: у нас „родная мова“ — гэта мова ідэнтычнасьці, а ня „першая засвоеная“.
  • Людзям не тлумачылі, што беларуская мова — ня толькі школьны стандарт, а і гаворкі, і „трасянка“, што беларускамоўны — гэта і той, хто валодае мовай пасіўна. І ўсіх нас разам — шмат.
  • Хібы перайшлі ў перапіс 2019 году. І падчас яго было шмат парушэньняў.
  • Дэталёвы аналіз лічбаў паказвае дзіва: У Жыткавіцкім раёне людзей, якія лічаць беларускую мову роднай, паменела на 27%, а ў Камянецкім таксама на 27%, але пабольшала.
  • І наагул ува ўсіх раёнах Берасьцейскай вобласьці людзей з роднай беларускай мовай стала больш, а ў раёнах усіх іншых абласьцей — менш.
  • Невытлумачальных перападаў у лічбах моўных пытаньняў занадта шмат, каб ім давяраць. Пагатоў яны зьявіліся тады, калі мы ведаем пра маніпуляцыі каранавіруснай статыстыкай.
  • Цяпер мільёны беларусаў сталеюць як грамадзяне, аднаўляюць сваю нацыянальную сьвядомасьць, але пакуль многія не разумеюць нават, што азначае дзяржаўнасьць мовы.
  • У адроджанай беларускай дэмакратычнай дзяржаве пройдуць аб’ектыўныя дасьледаваньні рэальнай моўнай сытуацыі, каб выпрацаваць палітыку выратаваньня мовы дзеля будучых пакаленьняў.

Я рэгулярна зьвяртаўся да ранейшых перапісаў насельніцтва Беларусі, бо — пры ўсіх засьцярогах — больш аб’ектыўнай карціны зьменаў моўных паводзінаў і моўнай ідэнтычнасьці беларусаў, на жаль, не было. І вось зьявіліся лічбы перапісу 2019 году. Як той казаў, сьвет ужо ніколі ня будзе ранейшым...

Папярэдні перапіс 2009 году

засьведчыў беспрэцэдэнтны спад долі тых, хто лічыць беларускую мову роднаю, — з 85,6%да 60,8% сярод этнічных беларусаў і з 73,7% да 53,2% сярод усіх жыхароў. За дзесяць гадоў чвэрць беларусаў выраклася беларускай мовы.

Перапісы 1897—2009. Беларуская як родная для этнічных беларусаў (сіняя лінія) і ўсяго насельніцтва (чырвоная лінія)
Перапісы 1897—2009. Беларуская як родная для этнічных беларусаў (сіняя лінія) і ўсяго насельніцтва (чырвоная лінія)

Але і моўныя пытаньні таго перапісу былі сумнеўныя. Раней пыталі проста пра родную мову. У 2009 годзе пытаньне „пашырылі“: Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве).

Адназначнага навуковага тэрміну „родная мова“ няма, выраз уключае ў сябе некалькі значэньняў. У нас „родная“ традыцыйна азначае найперш „мову нацыянальнай ідэнтычнасьці“. Беларускую мову выціснулі з бальшыні функцыянальных нішаў, і людзям, каб сябе зь ёю атаясаміць, толькі і застаецца называць яе роднаю, нават калі іхныя бацькі зь імі ўжо па-беларуску не гаварылі. Але перапіс 2009 году забраў і гэтую магчымасьць.

Не паслухалі рады добрых людзей...

Белстат спасылаецца на міжнародныя патрабаваньні да перапісаў. Але такіх няма, ёсьць рэкамэндацыі.І асноўнае пажаданьне — зважаць на рэальную моўную сытуацыю ды моўныя патрэбы краіны.

Беларускія службоўцы ў 2009 годзе тлумачылі, што слухалі UNFPA — ААНаўскую арганізацыю вывучэньня актыўнасьці насельніцтва, а ў 2019-м спасылаліся на Канфэрэнцыю эўрапейскіх статыстыкаў (КЭС) — часткі ААНаўскай структуры UNECE. Вось жа там фігуруе ангельскі тэрмін mother tongue, фактычна „першая мова“, бо ён менавіта пра парадак засваеньня моваў.

„Першая мова“ — дакладны тэрмін, але ў складанай моўнай сытуацыі спытаць пра яе мала. У многіх краінах для чалавека „першай засвоенай“ бывае мясцовая гаворка, часта даволі адрозная ад літаратурнага стандарту, але пазьней ён асвойвае гэты стандарт і лічыць сваёй мовай.

Таму профільныя міжнародныя арганізацыі прапаноўваюць прынамсі 4 агульныя моўныя пытаньні: пра „першую“ мову; пра „асноўную“ мову; пра мову дому і/ці працы; пра валоданьне рознымі мовамі. І кажуць, што пытаньні варта раскрываць:

„Шматмоўныя краіны..., магчыма, пажадаюць сабраць зьвесткі пра мовы, якія шырока ўжываюцца ў пісьмовай і вуснай практыцы, у якасьці дадатковага сродку аналізу культурнай самабытнасьці і інтэграцыі. ...Можа паўстаць неабходнасьць уключыць пытаньні аб выкарыстаньні афіцыйных моваў у сфэры заканадаўства ці палітыкі“ (п. 723 рэкамэндацыяў КЭС).

Гэта ж пра нас. Але большасьці названых пытаньняў, у тым ліку пра мову як сродак рэалізацыі культурнай самабытнасьці, у беларускім перапісным лісьце няма. Пра дыялектную мову, на якую раіць зважаць міжнародная структура, таксама ані слова.

А ў нашых варунках трэба тлумачыць, што ж такое „беларуская мова“. Многія лічаць ёю толькі школьны стандарт. Між тым беларускамоўнасьць уключае ў сябе і мясцовыя гаворкі, і зьмешанае маўленьне (так званую „трасянку“), і двумоўныя людзі ж таксама беларускамоўныя! Пасіўна валодаюць беларускай мовай прынамсі 90% жыхарства (тыя, хто вучыўся ў школе), хоць у нас пра такое не пытаюць ані ў перапісах, анідзе.

Няма варыянтаў выбару і градацыі адказаў. Ёсьць непрыдатная для нашай моўнай сытуацыі чорна-белая матрыца. Яе задачы нейкія іншыя, але дакладна ня збор верагоднай інфармацыі пра моўныя паводзіны і моўную ідэнтычнасьць.

І ў анкеце 2019 году ўсё па-ранейшаму.

Нават горш. У 2009-м было яшчэ тры моўныя пытаньні. У 2019-м пакінулі толькі два (пра родную мову ў значэньні „першай“ і пра мову хатняга ўжытку), выкінулі пытаньне Іншая(ыя) мова(ы), якой(імі) Вы свабодна валодаеце“. А яно ж давала інфармацыю аб валоданьні беларускаю моваю ў грамадзтве ў цэлым. Так, у 2009 годзе долі тых, хто назваў беларускую мову роднай (53,2%) і хто ёю проста валодаў (13,5%), у суме давалі 66,7%, г. зн. дзьве трэці жыхароў Беларусі прызнаваліся ў актыўнай беларускамоўнасьці.

Да таго ж падчас перапісу 2019 году было мноства зьвестак аб працэдурных парушэньнях.

Але дапусьцім, што яны не паўплывалі стратэгічна на прапорцыі сабраных зьвестак, і разьбярэмся ў пэўных лічбах.

Фэномэн 1. Берасьцейскі зачараваны сьвядомы трыкутнік?

У бальшыні адміністрацыйных раёнаў тых, каму запісалі беларускую мову як родную ў 2019 годзе, на 10-15-20 адсоткаў менш, чым у 2009-м.

Напрыклад, у глыбі Тураўскага Палесься, у Лельчыцкім раёне, у 2009-м такіх было 88,4%, а ў 2019 стала 72,4%. На 16% менш.

У суседнім Жыткавіцкім раёне, дзе старажытны Тураў, спад зусім вусьцішны: з 82,9% да 56%. За дзесяць гадоў на 27 адсоткаў паменела людзей, якім запісалі беларускую мову роднай! Складана патлумачыць такое толькі дэмаграфічнымі зьменамі...

Нагадаю: гэта Гомельская вобласьць. Чаму нагадваю? Зараз пабачыце.

Побач — тая самая гістарычная Тураўшчына, але ўжо ў межах Берасьцейскай вобласьці. Дык вось у Столінскім раёне ў 2009 годзе носьбітаў беларускай мовы як роднай было 83,2% (прыблізна колькі і ў Жыткавіцкім тады ж), а ў 2019-м іх ужо 89,7%, г. зн. больш на 5,5%!

Мо выпадковасьць? Паглядзім за Прыпяць, на Лунінецкі раён: было 76,8%, стала 88,2%. Рост на 5,4%. І нават у Ганцаўскім раёне, які выйшаў у нацыянальныя лідэры беларускамоўнасьці паводле перапісу-2019, у 2009-м адпаведны паказьнік быў 90,5%, а стаў — 90,8%. Хоць на тры дзясятыя працэнта, але рост.

Гм. Перасягнем мяжу зь іншай вобласьцю — Менскай. У суседнім Клецкім раёне ў 2009 годзе ажно 92,4% жыхароў назвалі роднай беларускую мову. А ў 2019 ужо толькі 85,7%. Спад на 7,7%.

У Камянецкім раёне Берасьцейскай вобласьці колькасьць тых, хто назваў беларускую мову роднай, падскочыла з 43% да 70,4%. Рост на 27%! (Роўна такі, як у Жыткавіцкім — спад.) А ў недалёкім Бераставіцкім, геаграфічна такім самым пушчанскім раёне, але ўжо Горадзенскай вобласьці, было 73,6%, стала 54,8%. Спад на 19%.

Не стамляцьму чытача, далей кожны можа супаставіць сам. Калі ў бальшыні раёнаў пяці абласьцей паказьнік беларускай мовы як роднай упаў — пераважна на двузначную лічбу, нават катастрафічную — то ў Берасьцейскай вобласьці ён усюды вырас! Гэта асабліва цікава бачыць у падзеленых абласной мяжой суседніх раёнах, дзе з этнічнага, сацыяльна-эканамічнага, моўнага і ўсякага іншага гледзішча жывуць такія самыя людзі.

Няйначай, моўныя ўсьведамлятары прызямліліся на тэрыторыі Берасьцейскай вобласьці і, строга пільнуючыся яе адміністрацыйных межаў, радыкальна падвысілі моўную самасьвядомасьць маіх землякоў. Іншыя вобласьці ніхто так не ашчасьлівіў і там беларуская моўная ідэнтычнасьць гэтаксама радыкальна, але заняпала.

Зрэшты, выклікаюць пытаньне і геаграфічныя перапады, якія былі ў 2009-м і перайшлі ў 2019-ы. Прыкладам, у Браслаўскім раёне роднаю моваю ў 2009 годзе беларускую называлі 49,6% жыхароў, у 2019-м наагул 37,4% — адзін з найніжэйшых паказьнікаў у краіне. А ў суседнім Мёрскім адпаведна 81,8% (2009) > 70,3% (2019). Удвая больш! Але абодва раёны заходнебеларускія, саветызацыя-русыфікацыя ў іх пачалася сынхронна — на паўтара пакаленьня пазьней, чым у раёнах „міжваеннай БССР“.

Але гэта ня ўсе дзівосы.

Фэномэн 2. Гарады даюць фэфэру, але па-рознаму

На фоне агульнага двузначнага спаду кідаюцца ў вочы лічбы вялікіх гарадоў. У сталічным Менскурост на 13,5% колькасьці тых, хто назваў беларускую мову роднаю: з 35,2% да 48,7%. У Наваполацку аналягічны прырост, але ўсяго на 3,9% (да 37,9%), затое ў Пінску — удвая: з 38,9% у 2009 годзе да 75,8% у 2019-м!

Агульную зьяву патлумачым матывацыяй урбаністычнага соцыюму да нацыянальнага адраджэньня. Адукаваныя і актыўныя людзі адгукнуліся на ўнутраны покліч, на заклік лідэраў думкі. Але чаму так па-рознаму? Чаму ў Пінску сьвядомасьць на трэць большая, чым у мэгаполісе Менску, і ўдвая большая за сувымерны Наваполацак?

А карціна адказаў пра „хатнюю“ мову зусім іншая.

У згаданым Камянецкім раёне запісалі, што па-беларуску дома размаўляюць усяго 5,9% жыхароў. У суседнім Пружанскім раёне — ужо 22,4%. А ў Сьвіслацкім раёне — ажно ў дзесяць разоў (!) болей, чым у Камянецкім: 54,6%! Вось у гэтай мазаіцы мне не ўдалося вывесьці нейкай „абласной“ заканамернасьці... Калі скажуць, што, маўляў, Камянецкі раён належыць да абшару заходнепалескіх гаворак, не такіх блізкіх да беларускай літаратурнай мовы, — то, па-першае, абсалютная бальшыня яго жыхароў, калі верыць перапісу, заявіла, што дома размаўляе... па-расейску. Па-другое, такі самы заходнепалескі Дарагічынскі раён на гэтае пытаньне дае адказ у пяць разоў большы (31,8%), а Столінскі ў 10 разоў большы (51,3%). У сваю чаргу ў Пружанскім раёне, дзе ўжо паўднёва-ўсходні дыялект, удвая меншы паказьнік беларускай мовы як хатняй, чым у суседніх Сьвіслацкім ці Зэльвенскім.

Або: у Пастаўскім — 35,6% носьбітаў беларускай мовы як хатняй, у суседнім, такім самым азёрным ды лясным Мядзельскім — 63,1%, а ў Браслаўскім 19,8%! У гістарычнай Усходняй Беларусі: Ушацкі 58,2%, суседні Лепельскі 17,7% (ці ж там вымерлі гаворкі і няма „трасянкі“?): розьніца больш чым у тры разы! Такія перапады ў раўніннай і культурна ды этнічна гамагеннай Беларусі рацыянальна патлумачыць няма чым.

І ў некаторых гарадах паказьнік тых, хто назваў беларускую мову „хатняй“, зьменшыўся ў параўнаньні зь лічбамі папярэдняга перапісу і зусім зьмізарнеў. У згаданых Наваполацку і Пінску адпаведна з 5% да 4,3% і з 4,8% да 3,3%. Г. зн. у Пінску першай засвоенай мовай беларуская была для 75,8%, гэта велізарны рост за 10 гадоў, але размаўляюць ёю дома менш, чым дзесяць гадоў таму, і такіх людзей у 25 разоў менш, чым тых, хто назваў беларускую мову роднай? А ў Менску беларускую называлі мовай хатняга ўжытку ў восем разоў часьцей (34,1%), чым у такім самым індустрыяльна-ўнівэрсытэцкім Наваполацку (4,3%), і ў шэсьць разоў часьцей, чым 10 гадоў таму.

Закрываў-закрываў, але так і не закрыў

Вярхоўны павадыр рэгулярна паўтараў, што ў Беларусі моўных праблемаў няма, бо ён іх вырашыў:

„Не падымайце гэтае пытаньне наагул, яно закрыта ў Беларусі (19 красавіка 2019 году, „пасланьне беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу“).

Але пачаў быў прагаворвацца, што „закрыцьцё“ беларускай моўнай праблемы зьвязана з тым, што яна выгадны тавар:

„Гэта (расейская мова. — В.В.) наша вялікая спадчына. І калі мы хочам гэтым сабе яшчэ і спарадзіць эканамічныя праблемы, то можна адмовіцца ад расейскай мовы“ (17 лістапада 2016 г., прэсавая канфэрэнцыя для расейскіх мэдыя).

Тут поўная сынхранізацыя з моўнай палітыкай Расеі. Амаль сынхронна (sic!) з апошняй цытаванай заявай Лукашэнкі пасол для асаблівых даручэньняў МЗС Расеі Элеанора Мітрафанава агучыла мэту расейскага замежнапалітычнага ведамства — дамагацца, каб расейская мова набывала статус другой дзяржаўнай у краінах былога СССР. (Нагадаю, што яна дзяржаўная, акрамя РФ, толькі ў Беларусі.)

Відавочна ж, моўнае пытаньне зусім не „закрытае“. Але ўлада зрабіла выгляд, што праблемы няма, і падчас перапісу 2019 году. І ўсё ж, відаць па ўсім, перапіс толькі выявіў моўную праблему яшчэ мацней.

Адкуль працэнтна-геаграфічныя перапады?

Сур’ёзна: ані адрасным парашутным дэсантам усьведамлятараў, ані звычайнай неахайнасьцю выканаўцаў такое не патлумачыш. Хіба ў нас розная моўная палітыка ў розных абласьцях? Ці запозьненыя інструкцыі скарэктаваць лічбы некуды дайшлі раней, а кудысьці пазьней?

Нагадаю, што ў міжчасе афіцыйная лінія моўнай палітыкі крыху вагалася — непрацяглы час улады не пярэчылі ініцыятывам дзеля адраджэньня беларускае мовы „зьнізу“, не душылі іх адразу (а маглі б і паласнуць, як ведаем). І некаторыя рамантычныя публіцысты пасьпяшаліся ўрачыста назваць гэта „мяккай беларусізацыяй“ з боку улады, а ўлада гэты прывід ахвотна прадавала на Ўсход і Захад дзеля дачасных геапалітычных профітаў. Пры гэтым беларуская мова ў галоўных сфэрах дзяржаўнага ўжытку ўціскалася па-ранейшаму.

Хібна ўкладзеныя моўныя пытаньні і агульная атмасфэра ў краіне давалі падставу экстрапаляваць тэндэнцыю пэрыяду 1999–2009 гадоў, калі лічбы беларускамоўнасьці заняпалі на 20-25%, і на наступнае дзесяцігодзьдзе. Прадбачыўся спад — упершыню ў гісторыі — тых, каму запішуць беларускую мову роднаю, ніжэй за 50%, а значыць, і фармалізаванага ператварэньня беларускамоўных у меншасьць у сваёй краіне.

Аднак гэтага не адбылося. Агучаны працэнт тых, хто ў перапісе 2019 году назваў беларускую мову роднаю, нават перасягнуў папярэдні, ад 2009 году — праўда, на мізэрныя 0,9% (з 53,2% да 54,1%). Беларуская служыць хатняй мовай для 26% грамадзянаў, тут таксама невялікі рост — на 3% (у 2009 было 23%). „На тоненькага“, як цяпер прынята казаць па-футбольнаму.

А значыць, фармальныя вынікі апошняга перапісу як бы не даюць падставы абвінаваціць улады ў далейшай маргіналізацыі беларускае мовы.

Мо ўладныя ідэолягі пабачылі рэальныя катастрафічныя лічбы, а таму і зьявіўся ліхаманкавы загад нацягнуць іх хоць на мізэрнае перавышэньне ранейшых?

Зрэшты, роўна магчмыя і іншыя вэрсіі. Напрыклад, што зьвесткі зь Берасьцейскай вобласьці (і Менску, і Горадні, і Наваполацку?) былі нерэальныя акурат у 2009 годзе. Або нерэальныя яны былі ўва ўсіх абласьцях, акрамя Берасьцейскай, у 2009-м. Ці ў 2019-м. Але якая, зрэшты, розьніца? Галоўнае, што суадносіны названых вышэй лічбаў у рэгіёнах — неверагодныя (значыць — ня годныя веры).

Пагатоў улада абнародавала іх акурат тады, калі давер да яе статыстыкі пасьля каранавірусных махінацыяў канчаткова выпарыўся. Але скончыўся таксама і рэсурс маніпуляцыяў улады кшталту „мяккай беларусізацыі“ і спробаў здабыць сабе сымпатыі сярод адукаванай і адказнай часткі грамадзтва. Таму вынікі моўнай часткі перапісу зазналі дэвальвацыю яшчэ перад іх апублікаваньнем.

Глядзім у будучыню

Раней можна было б сьціпла пацешыцца агульнымі вынікамі моўнай часткі перапісу: маем як моўная большасьць хоць якія афіцыйныя лічбы для барацьбы за моўныя правы. Але ж як за іх змагацца ў несвабоднай дзяржаве?

Аднак цяпер сотні тысяч — зрэшты, мільёны — беларусаў паскорана праходзяць працэс палітычнага сталеньня. Спрабуюць усьведаміць, як здарылася, што цягам 26 гадоў Беларусь паэтапна разварочвалі ў бок, процілеглы свабодзе і павазе да чалавека, штучна культывуючы homo sovieticus.

Яны ня ведаюць шмат чаго з найноўшай гісторыі — у тым ліку таго, што Лукашэнка пачынаў „з мовы і сьцяжкоў“ (у выключнай канцэнтрацыі на гэтых тэмах ён потым вінаваціў апазыцыю). Ня думалі пра штучна створаны крызіс беларускай мовы, пра паходжаньне моўных паводзінаў свайго і ранейшых пакаленьняў.

Не сустракаліся асабіста з моўнай дыскрымінацыяй і толькі цяпер даведваюцца пра яе. Ня ведалі, што акурат з 2009 году UNESCO ўключыла беларускую ў сьпіс моваў, якім пагражае зьнікненьне (статус vulnerable), і што гэта і ёсьць вынік моўнай палітыкі дзяржавы на чале з Лукашэнкам, у тым ліку „дзяржаўнага двумоўя“.

Беларуская мова ў Атлясе моваў сьвету ў небясьпецы UNESCO
Беларуская мова ў Атлясе моваў сьвету ў небясьпецы UNESCO

Урэшце, не разумеюць, што такое „дзяржаўнасьць мовы“. Для многіх — навіна, што дзяржаўнасьць мовы не зьвязаная з прыватнымі моўнымі паводзінамі чалавека. Гэта дзяржаўных чыноўнікаў яна вымушае гарантаваць мае моўныя правы як беларускамоўнага і тым самым забясьпечыць пэрспэктыву беларускае мове.

Падчас рэвалюцыі 2020 году мяняецца ня толькі грамадзянскае самавызначэньне беларусаў. Яно зьвязана з культурнай, цывілізацыйнай, нацыянальнай ідэнтыфікацыяй, з паўторным адкрыцьцём многімі беларускай мовы як каштоўнасьці. Людзі чарговы раз усьведамляюць сябе народам і нацыяй. Гэта дае спадзеў, што ў адроджанай беларускай дэмакратычнай дзяржаве будуць аб’ектыўныя дасьледаваньні рэальнай моўнай сытуацыі, прысутнасьці беларускае мовы ўва ўсіх яе формах у сьвядомасьці людзей — не з патолягаанатамічнай, а з тэрапэўтычнай мэтай: каб выпрацаваць палітыку выратаваньня мовы дзеля будучых пакаленьняў і вяртаньня ёй паўнацэннага функцыянальнага статусу.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не канечне адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG