Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмаграфічны партрэт паляка Беларусі


Польская школа імя Яна Паўла ІІ у Горадні
Польская школа імя Яна Паўла ІІ у Горадні

Перапіс, які пачаўся 4 кастрычніка, актуалізуе нацыянальныя праблемы, прычым як тытульнага этнасу, гэтак і этнічных меншасьцяў.

Грамадзкія дзеячы беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху заклікаюць грамадзянаў краіны называць падчас перапісу беларускую роднай мовай і мовай хатняга ўжытку. У сваю чаргу польскія актывісты вядуць кампанію за тое, каб людзі польскага паходжаньня падчас перапісу пазначалі сваю нацыянальнасьць менавіта як польскую.

Варта нагадаць, што паказаў мінулы, 2009 году, перапіс наконт польскай мяншыні ў Беларусі. Паводле таго перапісу палякамі назвалі сябе каля 300 тысячаў грамадзянаў краіны — 3% ад усяго насельніцтва. Гэта трэцяя паводле колькасьці этнічная група краіны, пасьля беларусаў (84%) і расейцаў (8%).

А чым вызначаліся, паводле таго перапісу, палякі Беларусі, якімі дэмаграфічнымі паказьнікамі адрозьніваліся ад сярэдніх па краіне?


Палякі Беларусі сканцэнтраваныя пераважна ў Горадзенскай вобласьці, у астатніх, у тым ліку і ў заходняй Берасьцейскай, іх прыкладна па 1%, у Горадзенскай — амаль кожны чацьвёрты. У гэтай вобласьці яны паводле колькасьці — на другім месцы пасьля беларусаў, якіх там утрая больш, чым палякаў.

Сярод палякаў было на чвэрць менш дзяцей і падлеткаў, чым сярод насельніцтва ў цэлым, і прыкладна настолькі ж менш моладзі да 30 гадоў.
А людзей сталага веку сярод палякаў адпаведна было прыкладна на чвэрць больш, чым сярод усіх грамадзянаў Беларусі.

Палякі таксама істотна адрозьніваліся ад насельніцтва ў цэлым паводле месца пражываньня. Сярод іх большасьць жыла ў гарадох, але доля вяскоўцаў была заўважна (амаль у паўтары разы) вышэйшая, чым у сярэднім па краіне.

Таксама значныя адрозьненьні ад сярэдняга назіраліся паводле ўзроўню адукацыі. Адпаведная табліца, складзеная па выніках перапісу 2009 году, дае разьмеркаваньне паводле адукацыі перапісаных узросту старэйшага за 9 гадоў.

Сярод палякаў мелі толькі пачатковую адукацыю амаль удвая больш людзей, чым у сярэднім па краіне. Як было адзначана вышэй, доля дзяцей і падлеткаў сярод іх была меншая, чым па краіне ў цэлым. А доля асобаў з пачатковай адукацыяй — большая. Такім чынам, зразумела, што гэта не за кошт дзяцей, якім яшчэ вучыцца, а за кошт людзей сталага веку, якія далей вучыцца ня будуць.

Адносна вышэйшай адукацыі прапорцыя была адваротная: сярод палякаў тых, хто мае вышэйшую адукацыю, прыкладна на чвэрць менш, чым выпускнікоў ВНУ сярод усяго насельніцтва.

Самая дзіўная сытуацыя — з роднай мовай і мовай хатняга ўжытку.

Сярод палякаў было ў 10 разоў больш тых, для каго родная — беларуская, чым тых, для каго родная — польская. Пры гэтым палякі паводле долі тых, для каго беларуская — родная, пераўзыходяць насельніцтва ў цэлым, і толькі крыху саступаюць этнічным беларусам — сярод апошніх роднай назвалі беларускую 61%

Падобныя ж суадносіны і з мовай камунікацыі ў сям’і: тых, для каго хатняя гутарковая мова — беларуская, сярод палякаў было амаль у 6 разоў больш, чым тых, хто дома гаворыць па-польску. Зьвяртае на сябе ўвагу той чыньнік, што пазначыўшых польскую як размоўную мову хатняй камунікацыі аказалася крыху, але больш, чым тых, хто пазначыў яе як родную.

Аднак парадаксальна, што пры гэтым паводле паказьніку мовы хатніх зносінаў палякі аказаліся самымі «беларусамі» ў параўнаньні ня толькі з насельніцтвам у цэлым, але і ў параўнаньні з этнічнымі беларусамі. Сярод тытульнага этнасу 26% адзначылі, што гавораць дома па-беларуску, сярод палякаў — 41%.

***

Графікі і табліца, якія прыводзяцца вышэй, зробленыя на падставе рэглямэнтных табліцаў Белстату па выніках перапісу 2009 году (глядзі тут і тут), а таксама статыстычнага зборніку, выдадзенага Белстатам.

Падводзячы вынікі, можна сказаць, што сярод палякаў было больш людзей сталага веку і менш моладзі, больш вяскоўцаў, больш людзей зь нізкай адукацыяй. Пры гэтым палякі заангажаваныя ў беларускую мову больш, чым насельніцтва ў цэлым, а паводле паказьніку мовы хатніх зносінаў — больш, чым нават этнічныя беларусы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG