Паводле зьвестак папярэдняга перапісу 2009 году этнічныя расейцы Беларусі былі другой паводле колькасьці этнічнай групай краіны пасьля беларусаў і складалі 8,3% ад усяго насельніцтва.
Табліца паказвае, як мянялася доля расейцаў у насельніцтве Беларусі
Перапісы |
1897 |
1926 |
1939 |
1959 |
1970 |
1979 |
1989 |
1999 |
2009 |
% расейцаў |
5,8 |
7,7 |
4,1 |
8,2 |
10,4 |
11,9 |
13,2 |
11,4 |
8,3 |
Зьвесткі перапісу 1897 году прыводзяцца ў табліцы па Менскай, Магілёўскай, Віцебскай, Віленскай, Горадзенскай губэрнях. Перапіс 1939 году праводзіўся да далучэньня Заходняй Беларусі да БССР. Падчас перапісу 1897 году не задавалася пытаньне пра этнічную прыналежнасьць, толькі пра родную мову. Тады сярод жыхароў 5 названых губэрняў імпэрыі 5,8% назвалі роднай расейскую («великорусский язык»). У пазьнейшых перапісах у БССР і Рэспубліцы Беларусі задавалася пытаньне пра нацыянальнасьць.
Зь першага пасьляваеннагав перапісу доля расейцаў сярод насельніцтва павялічвалася да апошняга савецкага перапісу 1989 году. Першы перапіс у незалежнай Беларусі зафіксаваў зьніжэньне долі расейцаў, у 2009 годзе доля расейцаў працягвала зьніжацца. У 2009 годзе іх доля была амаль дакладна такая ж, як і паўстагодзьдзя раней.
Зьніжэньне долі расейцаў у апошніх перапісах мае некалькі тлумачэньняў. Адразу пасьля распаду СССР была эміграцыя часткі расейцаў Беларусі ў Расею. Гэты міграцыйны паток ня быў такім моцным, як зь іншых новых незалежных дзяржаваў, але ён быў. Аднак ў нулявых гадах ён сышоў практычна на нішто і ня можа служыць тлумачэньнем зьніжэньня долі расейцаў з 1999 па 2009 год.
Другі фактар — сярод расейцаў Беларусі (як будзе паказана далей на зьвестках перапісу 2009 году) доля людзей сталага веку вышэйшая, а доля дзяцей ніжэйшая, чым сярод насельніцтва ў цэлым. Адпаведна сярод іх і натуральнае зьмяншэньне колькасьці большае.
Нарэшце, трэці фактар — тое, што некаторыя людзі, якія раней падчас перапісу называлі сябе расейцамі, у наступных перапісах называлі сябе ўжо беларусамі. Гэтае жаданьне належаць да тытульнага этнасу дзяржавы назіралася і назіраецца шмат дзе ў сьвеце. У Беларусі яно мае і аб’ектыўнае абгрунтаваньне: у краіне даволі шмат міжэтнічных шлюбаў, таму дзеці ад беларуска-расейскіх шлюбаў маглі перапісвацца з расейцаў у беларусы.
Як жа выглядаў дэмаграфічны партрэт расейца Беларусі паводле перапісу 2009 году, чым расейцы адрозьніваліся ад насельніцтва ў цэлым?
У адрозьненьне ад палякаў Беларусі, якія жывуць пераважна ў Горадзенскай вобласьці, расейцы даволі раўнамерна разьмеркаваныя па краіне. Іх доля крыху большая ў сталіцы і ў Віцебскай вобласьці, але ненашмат. Для параўнаньня — ва Ўкраіне паводле перапісу 2001 году доля расейскага насельніцтва складала на ўсёй краіне 17%, у Данбасе 38%, у Крыме — 58%. У Беларусі і доля расейцаў меншая, і яны разьмеркаваныя значна больш раўнамерна, чым ва Ўкраіне.
Сярод расейцаў у 2009 годзе было значна больш старэйшых за працаздольны ўзрост: калі сярод усяго насельніцтва іх была прыкладна чвэрць, сярод расейцаў — траціна. Зь іншага боку, сярод іх была заўважальна меншая доля моладзі і малая доля дзяцей і падлеткаў.
Калі сярод палякаў доля вяскоўцаў была вышэйшая, чым у сярэднім па краіне, то сярод расейцаў гараджанаў было больш, чым сярод насельніцтва ў цэлым.
Сярод расейцаў больш высокая доля асобаў з вышэйшай адукацыяй і меншая — зь нізкай, асобаў з пачатковай і з базавай адукацыяй сярод іх прыкладна ўдвая менш, чым сярод усяго насельніцтва. У астатніх адукацыйных катэгорыях адрозьненьні нязначныя.
Паводле роднай мовы ў расейцаў Беларусі атаясамленьне з мовай свайго этнасу амаль поўнае. Варта нагадаць, што расейцаў усяго каля 8%. З 42% усяго насельніцтва, якія назвалі роднай расейскую, расейцы склалі толькі пятую частку.
Нарэшце, падобная сытуацыя і з мовай хатняга ўжытку — амаль для усіх расейцаў Беларусі гэта расейская.
Графікі і табліца, прыведзеныя вышэй, зробленыя на падставе рэглямэнтных табліцаў Белстату па выніках перапісу 2009 году ( глядзі тут і тут), а таксама статыстычнага зборніку, выдадзенага Белстатам.
***
Падводзячы вынікі, можна сказаць, што сярод расейцаў Беларусі было больш людзей сталага веку і менш моладзі, больш гараджанаў, больш людзей з вышэйшай адукацыяй і менш — з пачатковай і базавай.
Пры гэтым расейцы атаесамляліся з расейскай мовай амаль стоадсоткава і паводле паказьніку роднай мовы, і паводле паказьніку мовы хатняга ўжытку. Заангажаванасьць гэтай этнічнай групы ў беларускую мову паводле гэтых паказьнікаў нязначная — на ўзроўні 2-3%.