Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
«Расея хоча закрыць усе дзіркі». Аналітык Чалы пра тое, як расейскія ўлады бяруць пад кантроль беларускія падаткі

«Расея хоча закрыць усе дзіркі». Аналітык Чалы пра тое, як расейскія ўлады бяруць пад кантроль беларускія падаткі


Сяргей Чалы, каляж
Сяргей Чалы, каляж

Ці можа ўдарыць па пэнсіях беларусаў плянаванае аб'яднаньне падатковых сыстэмаў Беларусі і Расеі? Наколькі нармальная сытуацыя, калі дзяржава бярэ новыя крэдыты на выплаты па ранейшых пазыках? На гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium адказвае аналітык Сяргей Чалы.

  • Заключаная летась дамова «Аб агульных прынцыпах падаткаабкладаньня па ўскосных падатках» — гэта фактычна спроба Расеі закрыць усе дзіркі, якімі карысталася Беларусь, каб зарабляць праз розьніцу ў падатковых заканадаўствах.
  • Раней было створана шмат схемаў, якія працуюць на так званым «рэгуляцыйным арбітражы». Цяпер гэты арбітраж прыбіраецца.
  • І расейскі, і беларускі фонды сацыяльнай абароны — дэфіцытныя. Міністар фінансаў Юры Селіверстаў казаў, што ў Расеі ўзровень адлічэньняў ніжэйшы, а Беларусь свой узровень паніжаць ня будзе. Але мне здаецца, што ён хутчэй шукаў аргумэнты — хай сабе і далёкія — што нам у цэлым гэтае пагадненьне ня вельмі патрэбнае.
  • Магчыма, гэта быў аргумэнт для самога Лукашэнкі — чым можна будзе кіравацца на перамовах з Пуціным.
  • Расейскі кантроль за рухам тавараў і налічэньнем мыта і падатку на даданую вартасьць — гэта вельмі сур’ёзная рэч. Найперш таму, што ПДВ — гэта самы зьбіральны падатак, і яго вельмі добра плацяць. Яго лягчэй за ўсё памяняць. І гэта першы інструмэнт, каб павялічваць паступленьні ў бюджэт ці, наадварот, стымуляваць бізнэс, зьніжаючы гэты падатак.
  • Асноўная крыніца паступленьня грошай у бюджэт Расеі — падатак на здабычу прыродных рэсурсаў. А для нас гэта якраз падаткі, атрыманыя зь бізнэсу — найперш ПДВ. Але цяпер Беларусь пазбаўляецца магчымасьці самой вызначаць стаўкі гэтага падатку.
  • Таксама вы фактычна перадаяце ў рукі ўрадавых органаў Расейскай Фэдэрацыі амаль усю інфармацыю пра тавары, у якіх ёсьць імпартаваныя складнікі або якія ідуць на экспарт. Можна сказаць, што для патэнцыйных канфліктных сытуацый Расея атрымае веды пра болевыя пункты Беларусі.
  • Лукашэнка разумее, навошта гэта робіцца, і бачыць, што поле для манэўру робіцца ўсё меншым.
  • Расея хоча сысьці ад асабістых размоваў, калі Лукашэнка прыяжджае і выпрошвае нейкія прэфэрэнцыі. Наднацыянальны падатковы камітэт якраз і мае выпрацаваць схему, якую немагчыма будзе мяняць у залежнасьці ад таго, ці здолеў Лукашэнка разжаліць Пуціна.
  • Паўсюль у інтэграцыйных праектах, дзе гаворка ідзе пра ўніфікацыю, гэта фактычна значыць пераход на расейскія стандарты.
  • Ужо шмат гадоў афіцыйная палітыка абслугоўваньня зьнешняга доўгу заключаецца ў тым, што даводзіцца нейкую частку яго рэфінансаваць. Некалі даўно мы маглі плаціць палову зь бюджэту, потым траціну, потым чвэрць.
  • Раней мы маглі яшчэ пазычаць на вонкавых рынках. Якраз для гэтага выпускаліся некалькі траншаў эўрааблігацый. Цяпер гэты мэханізм не працуе, і даводзіцца зноў пазычаць у самой Расеі, каб аддаваць ёй грошы.
  • Цяпер гэтыя крэдыты пераафармляюцца на даўжэйшы тэрмін. Фактычна гэта тэхнічны дэфолт — па тых ранейшых умовах, паводле якіх мы бралі грошы, вярнуць іх мы ня можам.
  • Працэнтная стаўка па гэтых крэдытах цяпер фіксуецца, і ў будучыні мы можам пабачыць, што яна нам нявыгадная. Расея, карыстаючыся ня вельмі добрым становішчам Беларусі, вызначае працэнтную стаўку на 5–7 гадоў наперад.
  • Тэарэтычна ў міжнародным праве ёсьць канцэпт «адыёзнага доўгу», Ён выкарыстоўваўся для некаторых афрыканскіх краін, калі ўдавалася даказаць, што крэдыты выкарыстоўваліся дыктатарамі на ўласныя патрэбы. Але для Беларусі гэта будзе цяжка ўжыць, бо пазыкі ўсё ж ішлі ў бюджэт, у тым ліку на сацыяльныя выдаткі.
  • Але для новага ўраду пасьля Лукашэнкі гэта ня будзе такой вялікай праблемай, бо адкрыецца рынак пазыкаў. Ня трэба будзе прасіць дараваньня пазыкаў — можна будзе паступова спакойна іх аддаць і забыцца пра гэта як пра страшны сон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG