Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар фінансаў Беларусі не падтрымаў ідэі поўнай уніфікацыі падатковага заканадаўства Беларусі і Расеі


Міністэрства фінансаў Беларусі, Менск
Міністэрства фінансаў Беларусі, Менск

На думку міністра, неабходна глядзець, што дасьць такая ўніфікацыя, ці ёсьць у ёй сэнс.

«Аддалены пасыл» аб поўнай уніфікацыі падатковага заканадаўства Беларусі і Расеі зьмяшчаецца ў саюзных праграмах, аднак у гэтым выпадку Менск можа страціць магчымасьць падтрымліваць існы ўзровень пэнсій, заявіў на тэлеканале «Беларусь-1» міністар фінансаў Беларусі Юры Селіверстаў.

«Такія тэзісы запісаны ў саюзных праграмах, але трэба глядзець, для чаго патрэбна гэта ўніфікацыя, што гэта дасьць», — сказаў ён.

Паводле беларускага міністра, у РФ «ніжэйшыя адлічэньні ў Фонд сацыяльнай абароны (Пэнсійны фонд Расеі), чым у нас».

«Па сутнасьці, калі былі добрыя часы, нашы калегі субсідавалі частку выдаткаў, перадаючы туды трансфэрты. Мы раней таксама так рабілі. Але калі стала пытаньне аб тым, што гэтая сума пачынае нарастаць, пэнсіянэраў стала больш, паднялося пытаньне, што неабходна альбо падымаць пэнсійны ўзрост — што ў нас паэтапна было зроблена — альбо павялічваць памер субсыдый. І гэта пры тым, што нашыя адлічэньні былі вышэйшымі», — заявіў Селіверстаў.

Паводле яго дадзеных, у калег у Расеі гэта вырашалася павелічэньнем субсыдаваньня фонду.

«Таму цяпер узьнікае пытаньне: калі гэтыя рэчы ўніфікаваць, ці будуць яны падымаць свае адлічэньні ў Фонд сацыяльнай абароны? Тут ім лепш відаць. Але мы свае дакладна апускаць ня будзем, таму што гэта адаб’ецца на ўзроўні даходу фонду і на магчымасьці падтрымліваць той узровень пэнсій, які неабходны грамадзянам», — сказаў кіраўнік Мінфіну.

12 студзеня на нарадзе па інтэграцыі з Расеяй Аляксандар Лукашэнка заявіў, што стварэньне наднацыянальнага падатковага камітэту не прывядзе да «страты нейкай часткі нашага сувэрэнітэту».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG