«У дыпляматычным пляне мы робім усё магчымае — паверанага ў справах Польшчы ў залю суду не пусьцілі. Адпаведныя заявы, лісты і пэтыцыі на адрас беларускіх уладаў накіраваныя, а таксама гэтая справа паднімаецца на міжнародным форуме», — заявіў PAP прадстаўнік партыі PiS Кшыштаф Сабалеўскі.
Ён адзначыў, што рабіць яшчэ нейкія дадатковыя крокі сёньня складана.
«Тады нам, напэўна, давялося б ужо парушаць беларускую мяжу, гаворачы аб больш рашучых кроках», — сказаў ён.
Кшыштаф Сабалеўскі таксама дадаў, што адзіныя сродкі ціску, якія засталіся ў Польшчы, — узмацненьне санкцый, у тым ліку супраць Беларусі. Аднак санкцыі ўжо, паводле яго слоў, «ня робяць вялікага ўражаньня на Лукашэнку і беларускі рэжым».
«Гэта таксама паказвае адну рэч — што ня без прычыны быў пастаўлены плот на польска-беларускай мяжы. Атака на польскую мяжу была пачаткам гібрыднай вайны, праверкай польскіх магчымасьцей. Павінны былі бараніцца. Калі недзе ёсьць рэжым, то з рэжымам часам складана размаўляць інакш, як сілай. На жаль, гэта праўда», — сказаў палітык.
Вядомага журналіста і аднаго зь лідэраў Саюзу палякаў Беларусі судзяць у Горадзенскім абласным судзе. Дату пачатку працэсу двойчы пераносілі зь невядомых прычын.
Суд пачаўся ў 10:30. На працэс спачатку пусьцілі толькі бліжэйшых сваякоў і некалькіх актывістаў, іншыя чакалі ў калідоры. Пазьней працэс на патрабаваньне пракурора зрабілі закрытым і ўсіх выставілі ў калідор.
Судзьдзя ў працэсе — Дзьмітры Бубенчык. Разгляд справы журналіста неаднаразова пераносілі: спачатку працэс меў адбыцца 28 лістапада, затым яго перанесьлі на 2023 год — спачатку на 9-га, затым на 16 студзеня. Прычыны пераносаў застаюцца невядомыя.
Анджэя Пачобута абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 КК («зьдзяйсьненьне групай асобаў наўмысных дзеяньняў, накіраваных на распальваньне нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасьці і зьдзяйсьненьне наўмысных дзеяньняў для рэабілітацыі нацызму») і ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»).
У кастрычніку ўлады дадалі Пачобута ў «сьпіс тэрарыстаў».