Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадзенская вобласьць зноў увяла збор за перасячэньне мяжы — па 37 рублёў за машыну


Чарга на выезд машын у Польшчу, пераход Баброўнікі. Чэрвень 2022
Чарга на выезд машын у Польшчу, пераход Баброўнікі. Чэрвень 2022

Горадзенскі абласны савет дэпутатаў вырашыў ізноў увесьці на тэрыторыі рэгіёну збор за перасячэньне дзяржаўнай мяжы транспартнымі сродкамі ў пунктах пропуску.

Рашэньне было прынята 29 сьнежня і апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 13 студзеня.

Збор быў уведзены яшчэ ў чэрвені 2021 году, але з пачатку 2023-га папярэдняе рашэньне спыніла дзеяньне. Цяпер жа дэпутаты вызначылі збор на тэрмін да пачатку 2025 году. Плаціць яго трэба будзе зь лютага, калі рашэньне набудзе моц. У студзені выехаць з Горадзенскай вобласьці ў Польшчу і Літву можна будзе бясплатна.

Стаўка збору па-ранейшаму складае адну базавую велічыню. Але цяпер гэта 37 рублёў. Аплата праводзіцца за адзін транспартны сродак, які мае ня менш як чатыры колы і масу да пяці тон, незалежна ад колькасьці пасажыраў. Плаціць збор кіроўца.

Збор ня плацяць:

  • вышэйшыя чыноўнікі, чальцы парлямэнту, Саўміну, урадавых дэлегацый;
  • замежныя палітыкі і афіцыйныя асобы, якія прыбылі ў Беларусь па запрашэньні дзяржорганаў;
  • дыпляматы, супрацоўнікі міжнародных арганізацый і міждзяржаўных адукацый і іхныя сямейнікі;
  • людзі, якія ідуць на пахаваньне блізкіх сваякоў;
  • суправаджальнікі парэшткаў памерлых;
  • удзельнікі ВАВ;
  • інваліды ВАВ, інваліды І і ІІ групы, а таксама іх суправаджальнікі;
  • удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС;
  • тыя, хто выяжджае на лячэньне ў санаторыі;
  • удзельнікі спартовых, культурных, адукацыйных мерапрыемстваў.

Горадзенскі абласны савет дадаткова вызваліў ад выплаты збору за выезд з краіны наступныя катэгорыі:

  • прадстаўнікі дзяржорганаў Беларусі, якія выяжджаюць у службовых мэтах;
  • іншаземцы і асобы без грамадзянства, якія прыяжджалі ў Беларусь па запрашэньні дзяржорганаў і дзяржаўных арганізацый;
  • беларусы, якія выяжджаюць за мяжу для атрыманьня мэддапамогі, і іх суправаджальнікі — пры наяўнасьці рашэньня камісіі пры Міністэрстве аховы здароўя аб накіраваньні грамадзян Беларусі на лячэньне за мяжу;
  • тыя, хто суправаджае дзяцей, якія едуць на лячэньне ў санаторыі;
  • іншаземцы і асобы без грамадзянства, якія едуць па дакумэнтах, якія пацьвярджаюць ступень цяжкасьці і выяўленасьці цяжкасьцяў фізычнай актыўнасьці і ўдзелу 75-100%;
  • іншаземцы, якія прыяжджалі ў Беларусь на пахаваньне сваякоў і вяртаюцца дадому (як і ў іншых выпадках, патрэбна дакумэнтальнае пацьвярджэньне);
  • тыя, каго дэпартуюць ці высылаюць.

Напярэдадні стала вядома аб увядзеньні такога збору і ў Віцебскай вобласьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG