Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнтагон: перастаноўкі ў камандаваньні – сьведчаньне праблем, якія адчувае Масква ва Ўкраіне


Патрык Райдэр
Патрык Райдэр

Прадстаўнікі Міністэрства абароны ЗША і Белага дома пракамэнтавалі чарговыя перастаноўкі ў расейскім вайсковым кіраўніцтве.

Прадстаўнік Пэнтагона заявіў 12 студзеня, што бесьперапынныя праблемы, якія адчуваюць расейскія сілы ва Ўкраіне, верагодна, прывялі да нядаўняй перастаноўкі ў вайсковым кіраўніцтве, і заклікаў Маскву спыніць вайну замест таго, каб прызначаць новых генэралаў, якія павінны будуць кіраваць далейшым уварваньнем у суседнюю краіну.

Крэмль у сераду прызначыў начальніка Генэральнага штаба РФ Валерыя Герасімава кіраваць ваеннай кампаніяй ва Ўкраіне. Толькі ў кастрычніку мінулага года на гэтую пасаду быў прызначаны Сяргей Суравікін, які застанецца намесьнікам Герасімава.

«Верагодна, гэта адлюстроўвае некаторыя сыстэмныя праблемы, зь якімі расейскія вайскоўцы сутыкнуліся з пачатку ўварваньня, — заявіў на прэс-брыфінгу афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны ЗША Патрык Райдэр. — Мы казалі пра некаторыя з гэтых рэчаў з пункту гледжаньня праблем лягістыкі, камандаваньня і кіраваньня, праблем са здольнасьцю вядзеньня працяглых баявых дзеяньняў, маральным духам і няздольнасьцю дасягнуць стратэгічных мэт, якія яны перад сабой паставілі».

Джон Кірбі, каардынатар Савета нацыянальнай бясьпекі Белага дома па стратэгічных камунікацыях, выказаўся ў падобным ключы на сёньняшнім прэс-брыфінгу, адзначыўшы, што Крэмль ужо зьмяніў некалькі кіраўнікоў ваеннай кампаніі, імкнучыся пераадолець розныя цяжкасьці, у тым ліку цяжкасьці зь «лягістыкай, працяглым вядзеньнем баявых дзеяньняў, вядзеньнем выведкі, рэкагнасцыроўкай, зборам інфармацыі, перадачай загадаў і ўзаемадзеяньнем паміж падразьдзяленьнямі, безумоўна, з баявым духам і згуртаванасьцю падразьдзяленьняў».

«Проста паглядзіце, што адбывалася апошнія пару тыдняў на полі бою. Цікава, што цяпер яны вярнуліся да Герасімава, які... у самым пачатку... быў, па сутнасьці, начальнікам штаба іхняга войска, а не апэратыўным камандзірам, — адзначыў Кірбі. — Я думаю, што гэта паказальна і дэманструе, у якой ступені расейцы працягваюць... спробы вырашыць праблемы кіраўніцтва, камандаваньні і кіраваньні».

Джон Кірбі таксама заявіў, што прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн «цалкам падтрымлівае» рашэньні цэлага шэрагу краін аб перадачы Ўкраіне цяжкага ўзбраеньня, уключаючы танкі. Ён выказаў падзяку Нідэрляндам, якія ўжо далі Кіеву сродкі СПА і гаўбіцы.

«Гэтыя заявы, я думаю, умацоўваюць веру ў тое, што міжнародная супольнасьць праяўляе надзвычайную салідарнасьць з Украінай і шукае спосабы падтрымаць Украіну, — заявіў Кірбі. — Прэзыдэнт лічыць, што ўсе гэтыя рашэньні насамрэч узаемна ўзмацняюць... цьвёрдую падтрымку Украіны міжнароднай супольнасьцю».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG