Улады Беларусі павінны неадкладна вызваліць расейскую журналістку Кацярыну Яньшыну і даць усім прадстаўнікам прэсы магчымасьць свабодна працаваць, заявіў у Парыжы 10 студзеня Камітэт абароны журналістаў (CPJ).
Праваабаронцу і журналістку Яньшыну, якая супрацоўнічае з расейскай праваабарончай арганізацыяй «Мемориал» арыштавалі 5 студзеня, у першы дзень разгляду «справы Вясны».
Беларускія ўлады абвінавацілі Яньшыну ў зрыве судовага разбору шляхам фатаграфаваньня і вядзеньня рэпартажу, а затым абвінавацілі яе ў хуліганстве.
6 студзеня менскі суд пастанавіў арыштаваць журналістку на 15 дзён. Паводле зьвестак СМІ, Яньшына ўтрымліваецца ў ІЧУ на Акрэсьціна, зь ёй 6 дзён няма сувязі. За гэты час яе адвакату некалькі разоў адмаўлялі ў сустрэчы з падабароннай, апошні раз ён атрымаў адмову 12 студзеня, паведамілі ў «Мемориале».
Па зьвестках паравабаронцаў, супрацоўнікі ІЧУ на Акрэсьціна спачатку адмаўлялі, што праваабаронца знаходзіцца ў іх. Пасьля заявілі, што няма вольных сьледчых кабінэтаў. Некалькі разоў яны прызначалі час для наведваньня, але ў выніку яго пераносілі.
Перадачы ў ІЧУ пры гэтым не прымаюць. Па зьвестках расейскіх праваабаронцаў, адміністрацыя зьвязвае гэта з каранавіруснымі абмежаваньнямі і «распараджэньнем начальства».
«Арышт журналісткі Кацярыны Яньшынай падчас палітычнага працэсу — змрочнае адлюстраваньне стаўленьня ўладаў Беларусі да іншадумства і незалежных журналістаў», — заявіла ў Нью-Ёрку Гульноза Саід, каардынатар праграмы КАЖ па Эўропе і Цэнтральнай Азіі.
«Улады павінны неадкладна вызваліць Яньшыну і дазволіць усім журналістам асьвятляць пытаньні, якія прадстаўляюць грамадзкі інтарэс, не асьцерагаючыся арышту», — адзанчыла яна.
Натальля Сакратарова, кіраўніца юрыдычнага аддзела праваабарончага цэнтра «Мемориал», паведаміла КАЖ праз праграму для абмену паведамленьнямі, што Яньшына не здымала ні відэа, ні фота, а суд «Вясны» «быў адкрытым, таму на ім мог прысутнічаць любы ахвотны».
КАЖ зьвярнуўся па электроннай пошце ў Сьледчы камітэт Беларусі па камэнтар, але адказу не атрымаў.
- У судзе Ленінскага раёну Менску з 5 студзеня працягваецца суд у «справе Вясны», фігурантамі якой выступаюць старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна», нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі, ягоны намесьнік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч, а таксама Зьміцер Салаўёў, які вымушаны быў пакінуць Беларусь (яго судзяць завочна).
- Трох праваабаронцаў працягваюць утрымліваць на судзе ў клетцы ў кайданках, нягледзячы на хадайніцтвы на папярэдніх пасяджэньнях зьняць іх. Уладзь, якому ўчора выклікалі «хуткую» на суд, працягвае хварэць. Захварэў таксама і Алесь Бяляцкі.