Паводле новага закону, пазбаўляць грамадзянства хочуць «экстрэмістаў», якія выехалі за мяжу.
Прысуды па якіх артыкулах пагражаюць стратай грамадзянства?
Стала вядома, што пад «экстрэмістаў» у гэтым выпадку падпадаюць беларусы, якіх прызналі вінаватымі ў парушэньні артыкулаў:
- арт. 122-137 (артыкулы разьдзелу «злачынствы супраць міру, бясьпекі чалавецтва і ваенныя злачынствы»);
- арт. 287 (стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня і ўдзел ў ім);
- арт. 289 (акт тэрарызму);
- ч. 2 арт. 290 (садзейнічаньне тэрарыстычнай дзейнасьці);
- арт. 291 (захоп закладніка);
- арт. 292 (захоп будынкаў і збудаваньняў);
- арт. 293 (падрыхтоўка масавых беспарадкаў);
- ч. 4 арт. 294 (крадзеж агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў ці выбуховых рэчываў);
- ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў);
- ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін);
- ч. 3 арт. 311 (крадзеж або захоп з мэтай крадзяжу чыгуначнага рухомага саставу, паветранага або воднага судна);
- ч. 3 арт. 322 (незаконныя набыцьцё, захоўваньне, выкарыстаньне, збыт або разбурэньне радыяактыўных матэрыялаў);
- ч. 3 арт. 323 (выкраданьне радыяактыўных матэрыялаў);
- ч. 3 арт. 324 (пагроза небясьпечным выкарыстаньнем радыяактыўных матэрыялаў);
- ч. 2 арт. 333 (незаконнае абарачэньне моцнадзейных або атрутных рэчываў);
- арт. 356 (здрада дзяржаве);
- арт. 357 (змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады);
- арт. 359 (акт тэрарызму ў дачыненьні дзяржаўнага ці грамадзкага дзеяча);
- арт. 360 (дывэрсія);
- арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, у тым ліку фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці, удзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы, вэрбаваньне ці падрыхтоўка да ўдзелу, садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, праходжаньне навучаньне ці падрыхтоўка да яго для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасьці);
- арт. 362 (забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў, вайскоўца);
- ч. 2. арт. 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак);
- арт. 364 (гвалт або пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў);
- арт. 366 (гвалт або пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадзкі абавязак);
- ч. 2 арт. 367 (паклёп на прэзыдэнта);
- арт. 388 (гвалт у дачыненьні да судзьдзі ці народнага засядальніка).
Грамадзяне Беларусі, якія атрымалі грамадзянства іншай дзяржавы або дазвол на жыхарства, мусяць паведаміць пра гэта ў органы ўнутраных справаў або дыпляматычныя службы цягам трох месяцаў пасьля атрыманьня.
Каму зь вядомых беларусаў пагражае страта грамадзянства па нараджэньні?
Страціць грамадзянства Рэспублікі Беларусь, атрыманае па нараджэньні, могуць, у прыватнасьці кіраўніца Аб’яднанага кабінэту дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва (НАК) Павал Латушка, усе сябры АПК і НАК. Пазбавіць грамадзянства могуць і кіраўнікоў фондаў BySol і ByHelp Андрэя Стрыжака і Аляксея Лявончыка адпаведна.
Ануляваць грамадзянства краіны могуць усім байцам палку Каліноўскага, якія вядуць змаганьне за Ўкраіну ў складзе Ўзброеных сіл Украіны, удзельнікам добраахвотніцкіх фармаваньняў, інструктарам і іншым асобам, якія бяруць удзел у падрыхтоўцы байцоў і зьвесткі якіх вядомыя спэцслужбам Беларусі. Сярод іх адзін з стваральнікаў палку «Пагоня» Вадзім Пракоп’еў.
Страціць пашпарты могуць Дзяніс Дзікун, асуджаны на 23 гады пазбаўленьня волі, Алег Малчанаў і Дзьмітры Равіч — адпаведна на 21 і 22 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. А таксама іншыя «рэйкавыя партызаны», імёны якіх сталі шырока вядомыя дзякуючы дывэрсіям, якія яны ўчынілі на чыгунцы, каб расейскія войскі ня здолелі хутка дабрацца да ўкраінскай мяжы.
Безь беларускага пашпарта могуць застацца кіраўнікі каналу NEXTA, прызнанага ўладамі Беларусі «тэрарыстычнай арганізацыяй», — Сьцяпан Пуціла і Ян Рудзік, удзельнікі ініцыятывы «Чорная кніга Беларусі», «Беларускі расьсьледніцкі цэнтар», «Беларускі фонд спартовай салідарнасьці», Аляксандра Герасіменя, Аляксандар Апейкін і іншыя.
Таксама страціць грамадзянства могуць палітзьняволеныя анархісты Зьміцер Дубоўскі, Ігар Аліневіч, Сяргей Раманаў і Дзьмітры Разановіч.
Беларускі пашпарт могуць забраць і ў яшчэ аднаго чалавека, які знаходзіцца за кратамі, — Паўла Белавуса. Заснавальніка Symbal.by абвінавацілі паводле артыкулу «Здрада дзяржаве».
Без грамадзянства РБ могуць застацца і палітзьняволеныя журналісты Радыё Свабода Андрэй Кузьнечык, асуджаны за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» і Ігар Лосік, адзін з крымінальных артыкулаў якога аб «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» таксама знаходзіцца ў пераліку.
Лідэры незалежных прафсаюзаў Генадзь Фядыніч, Васіль Берасьнеў, Вацлаў Арэшка, Аляксандар Ярашук і іншыя.
Варта адзначыць, што гэта далёка ня поўны сьпіс людзей, якія падпадаюць пад дзеяньне закону ў выпадку яго прыняцьця.
Ананіч: «Пазбаўленьне грамадзянства — пацьверджаньне страты сувязі грамадзяніна зь дзяржавай»
Абноўлены закон аб грамадзянстве ў першую чаргу накіраваны на ўмацаваньне нацыянальнай бясьпекі дзяржавы, заявіла Sputnik намесьніца старшыні камісіі ў правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч, якая зьяўляецца распрацоўніцай гэтага праекту закону і прадстаўляла яго ў Авальнай залі. Паводле яе, у абноўленым законе размова не ідзе аб тым, што грамадзянін, адносна якога набыў законную моц прысуд, аўтаматычна пазбаўляецца грамадзянства.
Яна нагадала, што ў законе ёсьць пералік артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасьць за ўчыненьне злачынства тэрарыстычнай і экстрэмісцкай накіраванасьці, а таксама за злачынствы супраць інтарэсаў дзяржавы і нацыянальнай бясьпекі.
«Пазбаўленьне грамадзянства — гэта не пакараньне за зьдзейсьненыя злачынствы, указаныя ў законе. Пакараньне прадугледжвае рашэньне суду, якое ўступіла ў законную сілу. Само пазбаўленьне грамадзянства — гэта не дадатковае пакараньне, гэта фактычнае пацьверджаньне страты сувязі грамадзяніна зь дзяржавай», — сказала Ананіч.
Гэта норма датычыцца чалавека, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ў адносінах якога ўступіў прысуд аб учыненым злачынстве экстрэмісцкай накіраванасьці.
Ананіч удакладніла, што першапачаткова пытаньне аб пазбаўленьні грамадзянства разглядае камісія па грамадзянстве, але канчатковае рашэньне прымае Аляксандар Лукашэнка.