Цягам асеньняй і зімняй сэсій Палатай прадстаўнікоў быў прыняты цэлы шэраг законаў, якія выклікалі шырокае абмеркаваньне ў грамадзтве. Свабода зірнула, якія менавіта дэпутаты спрычыніліся да скандальных новаўвядзеньняў.
Ананіч і пазбаўленьне грамадзянства
Адным з найбольш скандальных новаўвядзеньняў апошняга часу стаў Закон «Аб зьменах Закона Рэспублікі Беларусь «Аб грамадзянстве». Яго ў Палаце прадстаўнікоў прадстаўляў намесьнік міністра ўнутраных спраў Юры Назаранка і дэпутатка Лілія Ананіч.
Цяпер Лукашэнка зможа пазбаўляць людзей грамадзянства Рэспублікі Беларусь, якія былі завочна асуджаныя за «экстрэмісцкую дзейнасьць».
«Законапраект забясьпечыць абарону нацыянальных інтарэсаў і бясьпеку краіны. Норма будзе тычыць толькі тых грамадзян, якія страцілі прававую сувязь з дзяржавай і нанесьлі сваімі дзеяньнямі шкоду нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», — казала дэпутатка.
Таксама з падачы Ліліі Ананіч Беларусь дэнансавала пратакол аб падачы скаргаў у Камітэт правоў чалавека ААН. Прычынай такога выхаду дакладчыца назвала «адвольнае пашырэньне паўнамоцтваў камітэту, якія ствараюць дадатковыя неабгрунтаваныя абавязкі перад дзяржавамі». Беларусь стала першай эўрапейскай дзяржавай, якая выйшла з гэтай дамовы.
Зрэшты, праваабаронцы адзначалі, што і раней Беларусь не выконвала рашэньняў Камітэту правоў чалавека ААН. Таму для беларусаў зьменіцца ня так шмат.
Ліліі Ананіч 62 гады. Яна дэпутатка ад Барысаўскай сельскай акругі. Ад 1992 году працавала ў Міністэрстве інфармацыі. У 2014–2017 гадах узначальвала гэтае міністэрства. У 2020 годзе Ананіч цалкам падтрымала гвалтоўнае задушэньне пратэстаў, а яшчэ фатаграфавалася з усёй сям’ёй у адзеньні з цытатамі Лукашэнкі.
Лянчэўская і амністыя без палітвязьняў
Пра амністыю гаварылі ўсю восень. Першапачаткова Лукашэнка нават гаварыў, што пад яе могуць трапіць удзельнікі пратэстаў, якія асуджаныя паводле няцяжкіх артыкулаў. Але ў выніку ніхто з палітвязьняў ня трапіў пад амністыю, якую 10 лістапада прыняла Палата прадстаўнікоў.
Па амністыі на волю павінны выйсьці 4,5 тысячы чалавек.
«Адно з галоўных пытаньняў — гэта прымяненьне амністыі да асобаў, якія зьдзейсьнілі злачынствы, зьвязаныя з тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасьцю. Пастаянная камісія нацыянальнай бясьпекі выслухала ўсе прапановы і прыйшла да высновы, што варта прыслухацца да меркаваньня не прымяняць амністыю да асобаў, якія зьдзейсьнілі падобныя злачынствы. На мой погляд, гэта справядліва», — казала дэпутатка Марына Лянчэўская, якая была сярод распрацоўнікаў закону.
Раней Марына Лянчэўская была ініцыятаркай зьменаў у Крымінальным кодэксе, паводле якіх за спробу тэрарыстычнага акту могуць расстрэльваць. Марыне Лянчэўскай 51 год. Яна родам зь вёскі Еўдакімавічы Шклоўскага раёну. Яе бацька — вядомы чыноўнік Аляксандар Папкоў, які калісьці працаваў дырэктарам калгаса ў Шклоўскім раёне, а потым быў віцэ-прэм’ерам і намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта.
Марына Лянчэўская працавала ў пракуратуры Магілёўскай вобласьці і Генэральнай пракуратуры. У Палату прадстаўнікоў прыйшла з пасады кіраўніцы сакратарыяту старшыні праўленьня «Беларусбанку». У прэсе Лянчэўская крытыкавала акцыі пратэсту ў 2020 годзе, кажучы, што людзьмі маніпулявалі. А ў 2022 годзе падтрымала прызнаньне Расеяй незалежнасьці «ДНР» і «ЛНР».
Давыдзька і азначэньне грамадзянскай супольнасьці
На плечы былога кіраўніка Купалаўскага тэатра і экс-дырэктара Белтэлерадыёкампаніі легла распрацоўка законапраектаў аб грамадзянскай супольнасьці і палітычных партыях.
«Пэўныя сілы вельмі доўга настойвалі, што грамадзянская супольнасьць — гэта апазыцыя, гэта тыя, хто жадае ледзь не зьвяржэньня ўлады. Што грамадзянская супольнасьць — гэта любы крыкун на плошчы, які выказвае свой пункт гледжання, і ён зьяўляецца членам грамадзянскай супольнасьці. Не. Сёньня гістарычны дзень, паколькі мы вызначаем, што такое грамадзянская супольнасьць. Грамадзянская супольнасьць складаецца зь людзей, зацікаўленых у дабрабыце сваёй айчыны і аб’яднаных у вялікія групы паводле ідэяў», — сказаў Генадзь Давыдзька 20 сьнежня.
Цягам 2021–2022 гадоў улады зьліквідавалі сотні грамадзкіх арганізацый, замест гэтага ў якасьці альтэрнатывы грамадзянскай супольнасьці прапануюцца буйныя дзяржаўныя ўтварэньні, як БРСМ, «Белая Русь» ці Саюз жанчын.
Закон аб палітычных партыях яшчэ не прыняты, але можна меркаваць, што ў ім будзе. Генадзь Давыдзька ўжо цяпер кажа, што з 15 зарэгістраваных партый «толькі 4-5 накіраваныя на паляпшэньне палітычнай сыстэмы». Можна меркаваць, што прыкладна столькі партый перажыве перарэгістрацыю. Партыі ж, якія маюць заснавальнікаў за мяжой, а таксама «нясуць шкоду», прапануюць зьліквідаваць.
Паводле праекту закону, у партыі цяпер павінна быць мінімум 5 тысяч сяброў замест ранейшай тысячы.
Генадзю Давыдзьку 67 гадоў. Ён родам зь Сянна Віцебскай вобласьці. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь. Ад 2010-га да 2018-га ўзначальваў Белтэлерадыёкампанію. Ад 2018-га быў кіраўніком «Белай Русі». Знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу і ЗША.
Бонус. Клішэвіч і айцішнікі
Прапанову дэпутата Сяргея Клішэвіча асобным законам не аформілі, але яна зьвярнула шмат чыю ўвагу. Дэпутат-камуніст прапанаваў вазіць айцішнікаў з рыдлёўкамі на працу ў Хатынь.
«Магчыма, трэба было б іх, можа, не на пастаяннай аснове, але пэрыядычна адрываць ад кампутара і везьці ў Хатынь, каб яны там папрацавалі рыдлёўкай на гэтым аб’екце разам з нашымі камсамольцамі. Каб яны прасякнуліся яшчэ і духоўнымі пытаньнямі, ня толькі кампутарамі», — сказаў Клішэвіч.
Сяргею Клішэвічу 32 гады. Ён родам зь Менску. Скончыў гістфак БДУ. Быў сярод кіраўніцтва БРСМ. У 2016 годзе адзначыўся бойкай зь лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам. У 2020 годзе зьбіраў подпісы за Аляксандра Лукашэнку. Падтрымліваў сілавы разгон акцый пратэсту і адлічэньне з ВНУ студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў шэсьцях.