Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьню Ігару Лосіку не дазваляюць ліставацца з жонкай Дар’яй, пакуль яна ў СІЗА


Дар'я і Ігар Лосікі, каляж
Дар'я і Ігар Лосікі, каляж

На 18 студзеня прызначылі пачатак працэсу па справе палітзьняволенай Дар’і Лосік. Справа ўжо месяц у Берасьцейскім абласным судзе.

Трэці дзень народзінаў дачка палітзьняволеных Ігара і Дар’і Лосікаў сустракае бяз бацькі, першы — і бяз маці. На сваё 4-годзьдзе дзяўчынка сама ўпрыгожыла сьвяточны торт. Увечары яна задзьме сьвечкі ў форме адзінарогаў разам з бабулямі і дзядулямі.

«Паўлінцы ў садку падабаецца, ужо асвоілася»

Цяпер Паўлінка Лосік жыве ў бацькоў Дашы. Пэўны час яна была ў Ігаравых бацькоў — бо ўсе бабулі і дзядулі працуюць, з маленькай унучкай яны сядзелі па чарзе. Нядаўна Паўлінку ўладкавалі ў дзіцячы садок побач з домам Дашыных бацькоў, расказаў бацька Ігара Аляксандар.

«Паўлінка ўжо трэці тыдзень ходзіць у садок. Як і ўсе маленькія дзеткі, рана ўставаць унучка ня любіць. А ў самім садку ёй падабаецца, ужо асвоілася, пасябравала зь іншымі дзеткамі, добра гуляе зь імі, сьпявае песенькі, калі вяртаецца. Мы з жонкай сёньня ўвечары пойдзем да сватоў віншаваць унучку з народзінамі», — расказаў бацька Ігара Аляксандар Лосік.

На Новы год Паўлінка атрымала шмат падарункаў. На свой дзень народзінаў сьвяточны торт 4-гадовая дзяўчынка ўпрыгожвала сама.

Сьвяточны торт, які ўпрыгожыла сама Паўліна Лосік
Сьвяточны торт, які ўпрыгожыла сама Паўліна Лосік

Бабулі і дзядулі афармляюць апеку над унучкай

Што тычыцца афармленьня апекі над унучкай, цяпер бабулі і дзядулі вырашаюць бюракратычныя пытаньні.

«Паводле закону, з бацькоў дзяўчынкі павінны спаганяць грошы на ўтрыманьне дзіцяці, а яны абое за кратамі. Дык мы са сватамі дамовіліся, што самі будзем пагашаць. Сума там невялікая — крыху больш за 200 рублёў, па 100 рублёў на сям’ю атрымліваецца», — паведаміў спадар Аляксандар.

«Ігар вельмі перажывае за Дашу»

Бацькі Ігара 17 сьнежня езьдзілі да сына ў Наваполацкую калёнію на спатканьне. Размова адбывалася праз шкло і тэлефон.

«Ігар стараецца трымацца бадзёра. Лісты ад яго прыходзяць таксама даволі бадзёрыя — сын ні на што ня скардзіцца. Працуе на сартаваньні нейкіх мэталічных дэталяў на складзе, праца нібыта ня вельмі цяжкая.

У лістах Ігар піша, што вельмі перажывае за Дашу. Просіць як мага больш пісаць пра яе, якія ў яе навіны, як яна трымаецца. А пра Дашу навінаў у нас няшмат: усе ў чаканьні суду», — кажа бацька Ігара Лосіка.

Дата суду над Дар’яй Лосік датэтуль невядомая. Яе справа трапіла ў пракуратуру Берасьцейскай вобласьці 1 сьнежня, і ўжо 6 сьнежня з пракуратуры яе накіравалі ў суд. Паводле сьледзтва, Дар’ю Лосік абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК). Ёй пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Лісты ад Ігара даходзяць толькі ягоным бацькам. Нават са сваякамі — з бабулямі, цёцямі і дзядзямі — перапіска забароненая.

Пакуль Дар’я ў СІЗА, а муж у калёніі, ліставаньне паміж імі забаронена.

  • Ігара Лосіка арыштавалі 25 чэрвеня 2020 году. 14 сьнежня 2021-га яму прысудзілі 15 гадоў пазбаўленьня волі. Дар’ю Лосік затрымалі 18 кастрычніка 2022 году, яе абвінавачваюць у садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці за камэнтар тэлеканалу «Белсат» аб умовах утрыманьня Ігара Лосіка ў калёніі.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG