Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зробім усё, каб хлусьня ня стала ісьцінай». Рэдакцыя Zerkalo.io апублікавала зварот напярэдадні суду над супрацоўнікамі Tut.by


Людміла Чэкіна і Марына Золатава цяпер на лаве падсудных разам з калегамі
Людміла Чэкіна і Марына Золатава цяпер на лаве падсудных разам з калегамі

Больш чым праз паўтара года пасьля затрыманьня, 9 студзеня, пачынаецца суд над супрацоўнікамі Tut.by: галоўным рэдактарам Марынай Золатавай, гендырэктарам Людмілай Чэкінай, рэдактарам Вольгай Лойкай, журналісткай Аленай Талкачовай і юрыстам Кацярынай Ткачэнкай.

Рэдакцыя Zerkalo.io зьвярнулася да чытачоў за некалькі гадзін да пачатку працэсу, які пройдзе ў закрытым рэжыме.

«Увесь гэты працэс — сюр, які можна назваць фінальным рыўком па дарозе ў альтэрнатыўную рэальнасьць, дзе сапраўдныя навіны — гэта зло. А зло, як вядома, павінна быць пераможана.

Мінуў год народнага адзінства, за ім мінуў год гістарычнай памяці, а цяпер вось год міру і стварэньня ледзь пачаўся, а ў Беларусі ўсё стабільна: аблавы, ператрусы, катаваньні, ізалятары, прысуды, тэрміны, суткі, тыдні, месяцы, гады — неабвешчаная пяцігодка рэпрэсій ідзе стаханаўскімі тэмпамі. Шконкі адных палітвязьняў у сьледчых ізалятарах займаюць іншыя, ня менш палітычныя, новыя справы адкрываюцца, ледзь старыя адправілі ў суд. Лёсы беларусаў рухаюцца па канвэеры рэпрэсій з аднаго цэху ў іншы, пакуль не апынаюцца ў жалезнай запячатанай клетцы з «экстрэмісцкай» біркай на бачным месцы. І ўсё роўна хто ты: лекар, былы сьледчы, афіцэр, чыноўнік, журналіст, рабацяга з заводу ці нобэлеўскі ляўрэат — судзіць цябе будуць не па справах тваіх, а па перакананьнях.

Для многіх з нас, журналістаў і рэдактараў «Зеркала», справа Tut.by — асабістая. Наша мэдыя была створана выхадцамі з гэтага парталу. Абвінавачаныя ў справе нашыя былыя калегі для кагосьці і блізкія сябры. Але гэты тэкст не пра асабістае, ён пра ўсіх нас, пра беларусаў.

Для нашай краіны Tut.by быў, безь перабольшаньня, вялікім праектам. Не залежачы ад грошай дзяржавы, разьлічваючы толькі на сябе, ён змог стаць месцам, зь якога свой дзень пачыналі мільёны беларусаў. Месцам, дзе ўсе мы чыталі сапраўдныя навіны. Месцам, дзе мы заўсёды маглі знайсьці адказы на пытаньні аб тым, што насамрэч адбываецца ў краіне.

У краіне, якую большасьць беларусаў жадаюць пабудаваць, незалежныя СМІ — адзін зь непарушных слупоў дэмакратыі. У гэтай краіне супрацоўнікі Tut.by, «Нашай нівы», БелаПАН — гэта паважаныя людзі, якім верыць грамадзтва, а чыноўнікі і палітыкі выстройваюцца ў чаргу, каб праз матэрыялы мэдыя данесьці свае ідэі да масаў.

І гучыць жа праўдападобна, праўда? Ды толькі вы самі выдатна ведаеце, што рэжым у сучаснай Беларусі абраў альтэрнатыўную дарогу, дзе сапраўдныя навіны — гэта галоўны вораг.

Тыя, хто рабілі сапраўдныя навіны — на лаве падсудных або ў турме. Тыя, хто хоча іх чытаць — таксама. Затое штатныя прапагандысты заклікаюць разбамбіць Кіеў, украінцаў называюць «тварями» і «гнидами позорными», саміх беларусаў — «сблевом белорусского народа», а тыя, хто павінен абараняць закон і кожнага з нас, лезуць у ніжнюю бялізну да дзіцяці ці б’юць чалавека патэльняй за тое, што ён... ведаеце, вельмі складана растлумачыць, завошта. Схадзіце па спасылцы, прачытайце.

У нас у рэдакцыі няма ніякіх сумневаў у тым, што справа Tut.by сфабрыкаваная ад і да і зьявілася толькі таму, што рэжым баіцца журналістаў. Баіцца сапраўдных навін. Мы лічым, што супрацоўнікі Tut.by павінны быць вызваленыя ў залі суду.

А яшчэ мы ведаем, што гэтага ня здарыцца. Бо разьлічваць у сучаснай Беларусі на справядлівы суд не даводзіцца. Гэты палітычны працэс — ня першы, не дзясяты і нават ня тысячны. Толькі палітвязьняў зараз у краіне 1442. Да моманту, калі вы чытаеце гэты тэкст, іх, напэўна, стала больш.

Наша любімая краіна ўсё глыбей і глыбей апускаецца ў цемру. Калі, здаецца, горш быць ня можа — зьяўляецца чарговая навіна, якая кідае ў здранцвеньне. Беларусь на ўсіх парах нясецца па дарозе ў альтэрнатыўную рэальнасьць, дзе сапраўдныя навіны — гэта зло. І ўлада спрабуе гэтае зло перамагчы.

Але мы абяцаем вам рабіць усё, каб у іх ня выйшла. Дзеля калег, якіх сёньня пачынаюць судзіць, і дзеля будучыні нашай краіны мы будзем працягваць справу Tut.by — і расказваць, як насамрэч ідуць справы ў Беларусі.

І мы зробім усё, каб хлусьня ня стала ісьцінай».

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
  • Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
  • На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
  • 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
  • 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG