Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ва ўсім вінаваты Tut.by». Расказваем пра Марыну Золатаву і Людмілу Чэкіну, якіх будуць судзіць


Людміла Чэкіна (зьлева) і Марына Золатава. Каляж
Людміла Чэкіна (зьлева) і Марына Золатава. Каляж

Справу кіраўнікоў і журналістаў парталу Tut.by пачнуць разглядаць 9 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе. Судзьдзя — Валянціна Зянькевіч. Ужо абвешчана, што працэс будзе ісьці ў закрытым рэжыме.

«Галавакружэньне ад посьпехаў» і кароткая гісторыя перасьледу

Беларускія чыноўнікі нават вышэйшага ўзроўню лічылі за гонар даць інтэрвію журналістам Tut.by. Папулярных карэспандэнтаў і кіраўнікоў партала запрашалі на прыёмы, прэзэнтацыі, імпрэзы.

У траўні 2020 году, калі пачалася перадвыбарчая прэзыдэнцкая кампанія, а разам зь ёю перасьлед апазыцыйных кандыдатаў, Tut.by пабіў агульнанацыянальны рэкорд: 176 мільёнаў наведваньняў цягам месяца на ўсе старонкі сайту.

У апошнія дні перад закрыцьцём сайт наведвалі 3,3 мільёна ўнікальных карыстальнікаў у дзень — кожны трэці жыхар Беларусі (згодна з дасьледаваньнем кампаніі Gemius, праведзеным у красавіку 2021 году). У кампаніі працавалі каля 200 супрацоўнікаў, больш за 70 — у рэдакцыі сайта.

  • Пасьля пачатку пратэстаў у жніўні 2020 году журналістаў Tut.by затрымлівалі 38 разоў. Кацярыну Барысевіч асудзілі на 6 месяцаў зьняволеньня за праўдзівую публікацыю пра тое, што забіты Раман Бандарэнка з «плошчы Перамен» быў цьвярозы.
  • Летам 2020 году нарадзіўся сумны жарт «Ва ўсім вінаваты Tut.by».
  • 18 траўня 2021 году рашэньнем Мінінфармацыі Tut.by быў заблякаваны (фармальная падстава — згадваньне фонду BySol).
  • У той жа дзень завялі крымінальную справу ў дачыненьні да кіраўніцтва парталу аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Арыштавалі і зьмясьцілі ў СІЗА 15 чалавек: галоўную рэдактарку сайта Марыну Золатаву; гендырэктарку Tut.by Людмілу Чэкіну і двух яе намесьнікаў; рэдактарку аддзелу палітычных і эканамічных навінаў Вольгу Лойку; журналістку разьдзелу «Грошы і ўлада» Алену Талкачову; галоўнага інжынэра Алу Лапатку; бухгальтараў, юрыстаў, іншых супрацоўнікаў.
  • Нават удава заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская была пад хатнім арыштам. Частку фігурантаў справы цягам году вызвалілі, некаторых ужо асудзілі.
  • Летам 2021 году Tut.by выключылі з складу рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій.
  • 13 жніўня 2021 году суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • Цяпер абвінавачаных пяцёра. Пад вартай утрымліваюць былых галоўную рэдактарку парталу Марыну Золатаву і генэральную дырэктарку Людмілу Чэкіну.
  • Журналісткам Вользе Лойцы, Алене Талкачовай і юрыстцы Кацярыне Ткачэнцы ўвесну 2022 году зьмянілі меру стрыманьня, яны на волі.

Расказваем пра асноўных фігурантаў справы.

«Рэдакцыя жартавала, што Марына ніколі ня сьпіць»

Марыне Золатавай 45 гадоў. Яна нарадзілася ў Менску, скончыла ліцэй БДУ, філфак БДУ і асьпірантуру Інстытуту мовазнаўства. Дасканала ведае баўгарскую мову.

Марына Золатава
Марына Золатава

У журналістыку прыйшла ў 19 гадоў яшчэ студэнткай — спачатку на Радыё 101,2 FM, затым працавала ў інфармацыйным агенцтве БелаПАН. У 2004 годзе прыйшла на Tut.by — тады сайт быў агрэгатарам навінаў, туды быў патрэбны галоўны рэдактар. Дзякуючы шмат у чым Марыне Золатавай Tut.by стаў самым папулярным інтэрнэт-парталам краіны.

Былая супрацоўніца Tut.by Ульяна Бабаед кажа, што пра Марыну Золатаву вельмі цяжка расказваць — не хапае словаў, каб паказаць маштаб асобы.

«Вельмі вялікая па беларускіх мерках рэдакцыя працавала як невялікі гнуткі стартап. „Паспрабуем? Давайце — проста зараз“. „Добра спрацавала — будзем разьвіваць. Не — паспрабуем нешта новае“.

Хуткасьці былі касьмічныя. Сьмеласьць, адсутнасьць страху перад новым, уменьне мяняцца, пачынаць, шукаць — адметныя рысы Марыны.

Рэдакцыя жартавала, што Марына ніколі ня сьпіць. На Tut.by выходзіла за дзень да 200 матэрыялаў, і мне здаецца, што толькі Марына магла прачытаць іх усе! Ня ведаю, калі яна адпачывала, але паведамленьні ад Марыны прыходзілі мне і а 7-й раніцы, і а гадзіне ночы.

Гэта пры тым, што ў Марыны сям’я, двое дзяцей, яна актыўна займаецца спортам. Гэтую загадку — адкуль у яе на ўсё ёсьць сілы, час і энэргія — я так і не разгадала», — прызнаецца Ўльяна Бабаед.

Марына захапляецца спортам, бегае паўмаратоны, добра плавае, любіць падарожнічаць. Займацца фізкультурай, падтрымліваць добрую фізычную форму яна знаходзіць магчымасьць нават у СІЗА.

19-гадовая дачка Золатавай Надзея Кішкурна раней расказвала Свабодзе:

«Яны займаюцца спортам разам з бацькам — ім вельмі падабаецца спорт. Мама навучыла тату плаваць, а ён — нас. У іх такі „пункцік“ — спорт. Ім вельмі падабаецца на роліках катацца. Яны гуляюць у бадмінтон. Мы з братам, калі былі малыя, таксама любілі ролікі, ровар, бегалі, трэніраваліся. Брат Фёдар захапляецца спортам...

А яшчэ мама вельмі добра малюе. Яшчэ калі яна вучылася ў школе, яе малюнак трапіў на міжнародны конкурс у Мюнхэн, і яна яго выйграла», — узгадвае дачка Марыны Золатавай Надзя.

Дзяўчаты, якія сядзелі з Марынай у адной камэры і выйшлі, зь цеплынёй узгадваюць яе чалавечыя якасьці, дабрыню, клапатлівасьць, спагадлівасьць.

Калега Марыны Золатавай Ульяна Бабаед кажа, што ў Марыны ёсьць стрыжань.

«Дастаткова паразмаўляць зь ёй паўгадзіны, каб зразумець, што гэта чалавек зь цьвёрдай пазыцыяй, маральнымі прынцыпамі і правільнымі жыцьцёвымі арыенцірамі. Яна заўсёды хацела як мага больш расказаць пра Беларусь, пра тое, што тут адбываецца, кожная дробная падзея была навіной для Tut.by — таму што Марына верыць у тое, што ўсё можна выправіць, палепшыць, верыць у дыялёг, у дыскусію, у разьвіцьцё грамадзтва — і, галоўнае, у тое, што ўсё можна зрабіць самім, без аглядкі на кагосьці», — перакананая Ўльяна Бабаед.

Галоўная рэдактарка Тut.by мае прэстыжныя журналісцкія прэміі: у 2018-м яна была «Чалавекам году» па вэрсіі «Нашай Нівы», мае прэмію «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая (2019 год), узнагароду «Reporter:innenpreis 2021», якую штогод уручае Форум рэпартэраў Нямеччыны.

«Людміла ніколі не парушыць ніводнага закону, нават самага супярэчлівага»

Генэральная дырэктарка «Тут Бай Медыа» Людміла Чэкіна нарадзілася ў 1978 годзе ў расейскім Сергіевым Пасадзе. Бацька Людмілы — вайсковец, яе сям’я шмат разоў пераяжджала і яшчэ да развалу Савецкага Саюзу асела ў Жодзіне. Людміла скончыла спачатку юрыдычны тэхнікум з чырвоным дыплёмам, пасьля юрыдычны факультэт БДУ.

Працавала юрыстам у Жодзіне, 8 гадоў таму пераехала ў Менск.

У 2008 годзе стала юрысконсультам кампаніі «Надзейныя сыстэмы» — яе прывёў у калектыў заснавальнік Tut.by Юры Зісер.

У 2012-м Чэкіну прызначылі генэральным дырэктарам «Надзейных сыстэм». Яна скончыла курс Executive MBA у бізнэс-школе ІПМ. У 2017-м узначаліла «Тут Бай Медыа».

Былая рэдактарка парталу Ўльяна Бабаед расказвае, што калі яна пачала там працаваць, Людміла яшчэ не была гендырэктарам, была юрыстам.

«Таму ўсе праблемныя тэксты я ўзгадняла зь ёй. Людміла вельмі ўедлівы, скрупулёзны юрыст, які разьбірае падрабязна ўсе нюансы і тонкасьці. Яна верыць у закон. І я, паколькі працавала зь ёю, магу з упэўненасьцю сказаць, што ўсе абвінавачваньні ў яе адрас абсурдныя і надуманыя: Людміла ніколі не парушыць ніводнага закону. Гэта тычыцца нават самых супярэчлівых законаў, якія дзейнічаюць у сёньняшняй Беларусі».

Людміла Чэкіна, архіўнае фота
Людміла Чэкіна, архіўнае фота

Калі ў 2017-м Людмілу Чэкіну прызначылі гендырэктарам, Ульяна нават крыху засмуцілася, што рэдакцыя губляе высакакляснага юрыста, якому ўсе давяралі.

Калегі кажуць, што Людміла Чэкіна — вельмі дэмакратычны дырэктар. У яе ніколі не было асабістага кабінэта і сакратара. Яна езьдзіла на грамадзкім транспарце. Часьцяком на працу хадзіла ў джынсах, абедала разам з усімі супрацоўнікамі на агульнай кухні ў офісе.

Сын Людмілы Чэкінай Аляксей вучыцца ў БДУ на дызайнэра, дома яе чакаюць два каты — Оскар і Веня.

У чым абвінавачваюць Tut.by

  • Людмілу Чэкіну абвінавачваюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, арганізацыі распальваньня сацыяльнай варожасьці, распаўсюджваньні матэрыялаў з заклікамі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь.
  • Марыну Золатаву, Вольгу Лойку і Алену Талкачову абвінавачваюць у дапамозе ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, распальваньні сацыяльнай варожасьці, распаўсюджваньні матэрыялаў з заклікамі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь.
  • Кацярыну Ткачэнку вінавацяць у дапамозе ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх абвінавачваюць былых супрацоўніц Tut.by, прадугледжваюць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі да 6 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG