Беларускія праваабарончыя арганізацыі выказалі рашучы пратэст супраць рэпрэсій у дачыненьні да незалежных прафсаюзаў.
5 студзеня 2023 году ў Менскім гарадзкім судзе вынесьлі прысуды па крымінальнай справе лідэраў беларускіх незалежных прафсаюзаў.
Судзьдзя Анастасія Папко прысудзіла:
- Васілю Берасьневу, які мае ўзрост 73 гады, —9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
- Генадзю Фядынічу, якому споўнілася 66 гадоў, —9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
- Вячаславу Арэшку, які мае ўзрост 68 гадоў, —8 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні, закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі, распальваньні сацыяльнай варожасьці, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзеле ў ім.
Усе асуджаныя — пэнсіянэры. Вядома, што ў Васіля Берасьнева ў папярэднім зьняволеньні значна пагоршылася здароўе. Ён пакутуе ад моцных боляў у адзінай нырцы. Другую выдалілі з прычыны анкалягічнага захворваньня.
Раней, 26 сьнежня, таксама ў Менскім гарадзкім судзе вынесьлі прысуды ў крымінальнай справе, заведзенай на актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў — Аляксандра Ярашука, яго намесьніка Сяргея Антусевіча і бухгальтаркі Ірыны Бут-Гусаім. Іх абвінавацілі ў «дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч.1 арт 342), а Ярашука таксама ў «закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» (ч.3 арт. 361).
Судовы працэс вяла судзьдзя Валянціна Зянкевіч, якая агучыла прысуды:
- Аляксандар Ярашук — 4 гады калёніі агульнага рэжыму;
- Сяргей Антусевіч — 2 гады;
- Ірына Бут-Гусаім — 1,5 года.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі лічаць вынесеныя Фядынічу, Берасьневу і Арэшку прысуды зь вялікімі тэрмінамі зьняволеньня палітычнай расправай і помстай за іх мірныя дзеяньні па абароне беларускіх працоўных з выкарыстаньнем нацыянальных і міжнародных інструмэнтаў, за выказваньне сваёй незалежнай пазыцыі наконт парушэньняў правоў працоўных у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
Згодна са зьвесткамі Беларускага незалежнага прафсаюзу, на цяперашні момант у беларускіх турмах знаходзяцца амаль чатыры дзясяткі прафсаюзных актывістаў і лідэраў дэмакратычных прафсаюзаў, у тым ліку былы старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага, былы намесьнік старшыні РЭП Міхаіл Громаў, былы кіраўнік пярвічнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Віталь Чычмароў, актывіст незалежнага прафсаюзу Міраслаў Сабчук, актывістка Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Яніна Малаш, а таксама віцэ-старшыня Беларускага Незалежнага прафсаюзу, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Беларуськалій» Аляксандар Мішук і іншыя.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі патрабуюць ад беларускіх уладаў:
- адмяніць прысуды і вызваліць сябраў незалежных прафсаюзаў;
- спыніць рэпрэсіі ў дачыненьні да незалежных прафсаюзаў, аднавіць у зарэгістраваным статусе прымусова ліквідаваныя прафсаюзы;
- спыніць практыку парушэньня права на свабоду асацыяцый і выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязаньні ў галіне правоў чалавека;
- распачаць канструктыўны дыялёг з МАП і адэкватна адрэагаваць на пытаньні і рэкамэндацыі Камітэту па свабодзе асацыяцый МАП і Камітэту экспэртаў па прымяненьні стандартаў МАП.
Зварот падпісалі:
- Беларускі Хэльсынскі камітэт
- Праваабарончая арганізацыя Lawtrend
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»
- Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
- Беларуская асацыяцыя журналістаў
- Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава
- Прававая ініцыятыва
- Human Constanta
- Беларускі ПЭН