Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 9 гадоў калёніі. Вынесьлі прысуды лідэрам прафсаюзу РЭП Арэшку, Берасьневу, Фядынічу


Генадзь Фядыніч, Васіль Берасьнеў, Вячаслаў Арэшка
Генадзь Фядыніч, Васіль Берасьнеў, Вячаслаў Арэшка

З 25 лістапада ў закрытым судзе ішоў працэс над кіраўнікамі і актывістам прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці. 27 сьнежня агучылі прысуд у гэтай справе.

У Менскім гарадзкім судзе скончыўся закрыты працэс над старшынём прафсаюзу РЭП Васілём Берасьневым, шматгадовым лідэрам гэтага аб’яднаньня Генадзем Фядынічам і актывістам Вячаславам Арэшкам.

Судзьдзя Анастасія Папко вынесла прысуд:

  • Васілю Берасьневу —9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Генадзю Фядынічу —9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Вячаславу Арэшку —8 гадоў калёніі агульнага рэжыму.

Берасьнева, Фядыніча і Арэшку вінавацілі паводле артыкулаў:

  • ч. 1 арт. 361-1 КК (Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні);
  • ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі);
  • ч. 3 арт. 130 КК (Распальваньне сацыяльнай варожасьці);
  • ч. 3 арт. 361-1 КК (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім).

Былы старшыня прафсаюзу РЭП Васіль Завадзкі заявіў, што такія прысуды людзям ва ўзросьце можна лічыць «пажыцьцёвым зьняволеньнем».

Прысуд лідэрам БКДП

26 сьнежня таксама ў Менскім гарадзкім судзе вынесьлі прысуды ў крымінальнай справе, заведзенай на актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў — Аляксандра Ярашука, яго намесьніка Сяргея Антусевіча і бухгальтаркі Ірыны Бут-Гусаім. Іх абвінавацілі ў «дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч.1 арт 342), а Ярашука таксама ў «закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» (ч.3 арт. 361).

Судовы працэс вяла судзьдзя Валянціна Зянкевіч, якая агучыла прысуды:

  • Аляксандар Ярашук — 4 гады калёніі агульнага рэжыму;
  • Сяргей Антусевіч — 2 гады;
  • Ірына Бут-Гусаім — 1,5 года.

Акурат столькі ў суду запрошваў бок абвінавачваньня.

Ліквідацыя незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі

Рашэньнем Вярхоўнага суду ў Беларусі 12 ліпеня былі зьліквідаваныя Беларускі незалежны прафсаюз і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Апошні ў красавіку быў прызнаны «экстрэмісцкай арганізацыяй».

14 ліпеня Вярхоўны суд прыняў рашэньне аб Свабодным прафсаюзе Беларускім (СПБ) і Свабодным прафсаюзе мэталістаў (СПМ). 18 ліпеня — аб Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў.

10 чэрвеня генпракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб спыненьні дзейнасьці некалькіх незалежных прафэсійных аб’яднаньняў, такіх як СПМ, СПБ, БНП, РЭП і БКДП.

Рэпрэсіі супраць лідэраў незалежных прафсаюзаў

13 траўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітвязьнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія былі затрыманыя ў красавіку 2022 году.

Палітвязьнямі прызнаныя Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП); Сяргей Антусевіч, намесьнік старшыні БКДП; Генадзь Фядыніч, лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Бут-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Берасьнеў.

«Пазбаўленьне волі ўказаных асобаў адбылося на фоне шырокамаштабнай кампаніі перасьледу незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных лідэраў апошнім часам і носіць сыстэмны характар», — гаварылася ў заяве праваабаронцаў, якія заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Міжнародная рэакцыя

Міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі падчас затрыманьняў, ператрусаў, сьледзтва і судовых працэсаў над сваімі беларускімі калегамі неаднаразова выказвалі абурэньне шматлікімі працэсуальнымі парушэньнямі з боку ўладаў і заклікалі шанаваць правы прафсаюзных дзеячоў.

Камітэт выкананьня нормаў Міжнароднай арганізацыі працы заклікаў кіраўніцтва Беларусі неадкладна аднавіць права працоўных на свабоду асацыяцый, аднак гэты заклік, як і іншыя, застаўся без адказу ў боку ўладаў дзяржавы.

Міжнародная арганізацыя працы паабяцала разглядзець санкцыі да ўладаў Беларусі за ўціск прафсаюзаў. Адпаведнае паседжаньне папярэдне прызначана на чэрвень 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG