Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускіх аптэках і шпіталях перабоі з імпартнымі лекамі. Людзі шукаюць іх за мяжой. ВІДЭА


Аптэка ў Бабруйску
Аптэка ў Бабруйску

Пакуль Аляксандар Лукашэнка спрабуе дыстанцыявацца ад вайны ва Ўкраіне, супраць Беларусі пачалі дзейнічаць эканамічныя санкцыі Захаду за падтрымку гэтай вайны.

Ад беларускага рынку адмаўляюцца сусьветныя фармацэўтычныя брэнды, ад чаго ў аптэках Беларусі ўсё мацней адчуваецца недахоп імпартных прэпаратаў.

Першымі ў дэфіцыце лекі для шчытападобнай залозы і для лячэньня цукровага дыябэту. Нястачу на сабе адчулі і людзі, якія пакутуюць на остэапароз, расказвае «Настоящее время».

Жыхарка Менску Людміла доўга шукала для сяброўкі ў менскіх аптэках швайцарскі прэпарат «Бонвіва». Гэта іньекцыя, якую робяць пацыентам з остэапарозам касьцей раз на тры месяцы.

Яна змагла знайсьці лекі толькі ў Польшчы.

«Палякі адпускаюць па нашым рэцэпце. Ну складана, вядома. Патурбавалі ўсіх знаёмых, каб знайсьці гэты прэпарат. Цяпер робім дзеяньні, як яго адтуль атрымаць», — дзеліцца Людміла.

Ня лепшая сытуацыя і зь нямецкім прэпаратам гармонаў шчытападобнай залозы Euthyrox. Калі ён зноў зьявіцца ў продажы, у аптэках ня ведаюць, і ў лепшым выпадку прапануюць запісацца ў чаргу.

Дэфіцыт закрануў ня толькі беларускія аптэкі, але і лякарні. Па словах рэаніматоляга Расьціслава Савіцкага, у яго на працы заканчваюцца жыцьцёва важныя імпартныя мэдыкамэнты. Асабліва цяжка зь лекамі, якія раней закуплялі ва Ўкраіне.

«У нас застаюцца толькі расейскія рынкі, якія ў поўным абʼёме ня могуць папоўніць усе дэфіцыты. Ёсьць папаўненьне анальгетыкамі расейскай вытворчасьці, але наконт атрапіну ў нас вялікая праблема. Яго мала ў лякарні. У пэрспэктыве мы ня бачым, каб былі вялікія пастаўкі», — кажа лекар-рэаніматоляг Расьціслаў Савіцкі.

Беларускія чыноўнікі дэфіцыту замежных лекаў стараюцца не заўважаць і паралельна настойліва раяць пераходзіць на айчынныя аналягі. Паводле намесьніка міністра аховы здароўя Дзьмітрыя Чараднічэнкі, ўсяму «крытычнаму імпарту ёсьць замена».

Адзінае выйсьце, якое застаецца цяпер беларусам, — шукаць дэфіцытныя лекі за мяжой: у Польшчы і краінах Балтыі.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG