Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Эдуард Бабарыка стаў рэкардсмэнам у знаходжаньні ў СІЗА падчас сьледзтва

абноўлена

Турма ў Магілёве, архіўнае фота
Турма ў Магілёве, архіўнае фота

Агулам на сёньня праваабаронцы «Вясны» прызналі палітвязьнямі 1446 чалавек. Аднак дакладная колькасьць людзей, якія знаходзяцца за кратамі з палітычных матываў, невядомая.

Брэдзелева перавялі ў Баранавічы

Палітзьняволенага прэс-сакратара мабільнага апэратара A1 Мікалая Брэдзелева да разгляду апэляцыйнай скаргі перавялі ў баранавіцкае СІЗА, паведамляе «Вясна».

24 кастрычніка Брэдзелеву прысудзілі 4 гады калёніі паводле двух артыкулаў КК: ч. 2 арт. 424 («злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі») і арт. 361-2 («фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня»).

Справу Брэдзелева разглядалі ў Менскім гарадзкім судзе ў закрытым рэжыме.

За кратамі Мікалая ўтрымліваюць з 10 сьнежня 2021 году. Праваабаронцам вядома, што сілавікі білі яго пасьля затрыманьня.

Эдуард Бабарыка — рэкардсмэн у знаходжаньні ў СІЗА падчас сьледзтва

Сын Віктара Бабарыкі Эдуард Бабарыка стаў рэкардсмэнам Беларусі ў знаходжаньні ў СІЗА падчас папярэдняга сьледзтва — 2,5 гады. Пра гэта паведаміў ягоны адвакат Уладзімер Пыльчанка, якога пазбавілі ліцэнзіі. Таксама ён падзяліўся іншымі фактамі, як Эдуард перажывае зьняволеньне.

  • У СІЗА адна маленькая камэра і адзін маленькі прагулачны дворык. Вось да такіх памераў сьціскаецца жыцьцё чалавека.
  • Спатканьне з «топавымі» зьняволенымі праходзяць у пакоі для асабліва небясьпечных злачынцаў. Памяшканьне падзелена перагародкай, у якой ёсьць плястыкавае акенца і яшчэ сетка-рабіца.
  • Нічога падобнага на крымінальны працэс там няма. Чалавек проста як закладнік знаходзіцца ў ізаляцыі, відавочна, для ціску на бацьку.
  • Эдуард не марнуе часу. Шмат чытае, адкрывае новыя сфэры, навучыўся клясна маляваць.

Статкевіч пра ШЫЗА

Палітвязень Мікалай Статкевіч прыслаў жонцы ліст. Ён датаваны 29 сьнежня, калі палітычны дзеяч выйшаў з штрафнога ізалятару.

«Я там хаджу, бо месца там не раўнуй болей, чым у адзіночках. Тым болей што ў маёй цяперашняй камэры, як ні скарочвай крок, болей за чатыры ад вакна да дзьвярэй не атрымоўваецца. Ды й „бонусаў“ у 5-7 см у шырыню, які быў паверхам вышэй, таксама няма. Бо сьцены таўсьцейшыя. Затое цяплей».

Лістоў ад іншых людзей Статкевіч не атрымлівае; мяркуе, што іх не прапускаюць.

«Але падзякуй ад мяне усім, хто спрабаваў павіншаваць мяне, хто маліўся за нас. Мае калядныя віншаваньні ўсім ім. А таксама каляднае пажаданьне людзям нашай і суседніх краін — „Міру і волі!“ На жаль, досьвед былых каляніяльных дзяржаў (Англіі, Францыі, Партугаліі і г.д.) сьведчыць — адзіны эфэктыўны сродак ад імпэрскіх комплексаў нацыі — гэта кроў яе сыноў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG