Мітрапаліт Веньямін узнагародзіў граматай начальніка калёніі № 14 у Навасадах, дзе ўтрымліваюць палітвязьняў, паведаміла прэс-служба Беларускага экзархату РПЦ.
Пасьля службы праваслаўны ярарх «зьвярнуўся да зьняволеных з пропаведзьдзю», у якой «расказаў пра жыцьцё праведнага Іаана Кранштацкага і цуды, якія чыняцца па малітоўных зваротах да сьвятога», а таксама правёў зь імі гутарку.
«У гэты дзень архіярэйскімі граматамі Барысаўскай япархіі былі ўганараваныя начальнік ПК № 14, палкоўнік Васілевіч Юры Іванавіч і камандзір 740-га зэнітнага ракетнага палка палкоўнік Сарока Андрэй Васілевіч», — гаворыцца ў паведамленьні Беларускага экзархату РПЦ.
У гэтай калёніі ўтрымліваюць ня менш за шэсьць палітвязьняў — Зьмітра Дашкевіча, Сяргея Дзецука, Міхаіла Зубкова, Пятра Канстанцінава, Яўгена Кузьмянкова, Станіслава Міхайлава.