Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абавязковы экзамэн замест выпускных і льготы для «мэтавікаў». Расказваем пра зьмены ў правілах паступленьня


У студэнцкай аўдыторыі. Горкі Магілёўскай вобласьці. Архіўнае фота
У студэнцкай аўдыторыі. Горкі Магілёўскай вобласьці. Архіўнае фота

3 студзеня Лукашэнка падпісаў указ, які зацьвярджае новыя правілы для паступленьня ў ВНУ і каледжы; ён ужо апублікаваны на сайце president.gov.by. Глядзім, як было і як стала.

Выпускныя іспыты і ЦТ

Як было

Абітурыенты на большасьці спэцыяльнасьцяў здавалі цэнтралізаваны тэст па расейскай ці беларускай мове, а таксама яшчэ два ЦТ па профільных спэцыяльнасьцях. У выніку іх залічвалі ў ВНУ паводле набраных на трох тэстах балах. Таксама ў школе абітурыенты здавалі ўнутраныя іспыты.

Як стала

З гэтага году выпускнікі будуць здаваць адзіны экзамэн у школе па расейскай ці беларускай мове і яшчэ адзін прадмет на выбар у фармаце цэнтралізаванага іспыту. Сэртыфікаты аб цэнтралізаваным іспыце можна будзе падаваць у ВНУ нароўні з сэртыфікатамі аб цэнтралізаваным тэставаньні. Таксама гэты экзамэн заменіць сабой выпускныя іспыты.

Ільготы

Як было

Раней ільготы пры паступленьні мелі пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіядаў, многія зь іх паступалі без іспытаў.

Як стала

Засталіся льготы для пераможцаў алімпіядаў, па-за конкурсам будуць залічвацца дзеці вайскоўцаў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія сталі інвалідамі пры выкананьні службовых абавязкаў. А таксама выхаванцы вайскова-патрыятычных клюбаў пры паступленьні ў ВНУ Мінабароны, МУС, Дзяржаўнага памежнага камітэту і на вайсковыя факультэты.

«Мэтавікі» і абітурыенты сілавых ВНУ

Для гэтых катэгорый значна спрасьцілася працэдура паступленьня. «Мэтавікі» — гэта тыя абітурыенты, хто мае адмысловы ліст ад раённых уладаў, дзе прапісана, што раёну патрэбен менавіта такі спэцыяліст. Пасьля сканчэньня ВНУ яны адпрацоўваюць па разьмеркаваньні ня 2, а 5 гадоў.

Як было

Раней мэтавікі здавалі іспыты, як і ўсе іншыя абітурыенты, але паступалі паводле свайго асобнага конкурсу. Таксама паступалі па агульнай праграме абітурыенты сілавых ВНУ.

Як стала

Цяпер ва ўказе прапісана, што мэтавікі могуць здаць два экзамэны ў школе, але паступаюць па адным унутраным у ВНУ. Тое ж самае працуе для абітурыентаў сілавых ВНУ. Таксама значна павялічыцца колькасьць месцаў для мэтавікаў. На мэдычных спэцыяльнасьцях ім могуць аддаць да 80% месцаў, на сельскагаспадарчых спэцыяльнасьцях — да 70% месцаў, на ўсіх іншых — да 60%. Гэта максымальная магчымая колькасьць месцаў, але можа быць і менш, іх вызначэньнем зоймецца Міністэрства адукацыі.

Пры гэтым ва ўказе не прапісаныя квоты. Ці будуць у мэтавікаў асобныя месцы, або яны будуць дзяліць агульную колькасьць месцаў зь іншымі абітурыентамі, незразумела.

Ліцэі пры ўнівэрсытэтах

Як было

Раней выпускнікі ліцэяў пры ўнівэрсытэтах (напрыклад ліцэй БДУ ці БНТУ) здавалі іспыты і паступалі ва ўнівэрсытэты, як і ўсе іншыя абітурыенты.

Як стала

Цяпер выпускнікі ліцэяў пры ВНУ могуць мець права паступаць без іспытаў, але не ва ўсе ўнівэрсытэты, а толькі ў той, ад якога быў іх ліцэй. Канчатковыя сьпісы ліцэяў складае Міністэрства адукацыі. Пакуль вядома толькі, што такім ліцэем будзе ліцэй пры БДУ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG