Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 2, ім зацьвярджаецца новая рэдакцыя правілаў прыёму ва ўнівэрсытэты.
Без уступных выпрабаваньняў прадугледжваецца залічэньне пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, пераможцаў унівэрсытэцкіх алімпіяд пры паступленьні ў гэтыя ВНУ, выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку па рэкамэндацыі назіральнай рады, выпускнікоў ліцэяў пры ўнівэрсытэтах пры паступленьні ў гэтыя ВНУ, а таксама асоб, якія здалі Адзіны дзяржаўны экзамэн у Расеі (пры паступленьні на платную форму навучаньня).
Таксама па-за конкурсам будуць залічвацца дзеці сілавікоў, а менавіта дзеці вайскоўцаў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія сталі інвалідамі пры выкананьні службовых абавязкаў, выхаванцы вайскова-патрыятычных клюбаў пры паступленьні ў ВНУ Мінабароны, МУС, Дзяржаўнага памежнага камітэту і на вайсковыя факультэты.
Уводзяцца асаблівыя ўмовы паступленьня на спэцыяльнасьці для Ўзброеных сіл, транспартных войскаў і органаў памежнай службы. На гэтыя спэцыяльнасьці абітурыенты будуць здаваць толькі два прадметы (мова і адзін профільны прадмет у форме ЦЭ або ЦТ).
Таксама прадугледжваецца прыём на мэтавую падрыхтоўку па выніках унутранага выпрабаваньня ў ВНУ ў вуснай або практычнай форме (у залежнасьці ад спэцыяльнасьці).
Пры падачы дакумэнтаў для паступленьня абітурыент павінен мець характарыстыку са школы (каледжу).
Указам таксама замацоўваюцца паўнамоцтвы Мінадукацыі ў рэгуляваньні асобных пытаньняў правядзеньня ўступнай кампаніі, у тым ліку ў вызначэньні парадку арганізацыі і правядзеньня ЦЭ і ўнутраных экзамэнаў, тэрмінаў прыёму дакумэнтаў і залічэньня абітурыентаў.