Былы брамнік беларускай зборнай Васіль Хамутоўскі, асуджаны на два гады «хатняй хіміі», апублікаваў зварот, у якім абвінаваціў праваабаронцаў у стварэньні лішняга інфармацыйнага шуму за дзень да суду над ім і папрасіў не лічыць яго палітычным зьняволеным.
«Хачу зьвярнуцца да тых, хто бяз згоды мяне, маіх родных, за дзень да суду прызналі палітзьняволеным. Калі вы лічыце сябе праваабаронцамі, то павінны дапамагаць людзям, а не ствараць інфармацыйны шум за дзень да суду бяз згоды родных і блізкіх. Прашу не лічыць мяне палітзьняволеным», — сказаў у звароце Хамутоўскі.
Хамутоўскага асудзілі паводле артыкулу 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
28 сьнежня ў судзе Ленінскага раёну Менску пачаўся разгляд крымінальнай справы былога брамніка футбольнай зборнай Беларусі і трэнэра Васіля Хамутоўскага. Працэс вяла судзьдзя Тацяна Шоцік, паведамляе «Вясна».
Хамутоўскага абвінавацілі ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак», паводле арт. 342 КК. Праваабаронцы прызналі славутага спартоўца палітычным зьняволеным.
29 сьнежня Хамутоўскаму прызначылі пакараньне ў выглядзе 2 гадоў «хатняй хіміі».
Камэнтар праваабаронцаў
Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павал Сапелка ў камэнтары BPN заявіў, што Хамутоўскі не зьяўляецца палітвязьнем, бо ўжо знаходзіцца на волі. Ён падкрэсьліў, што праваабаронцы не пытаюцца ў затрыманых ці іхніх сваякоў згоды на прысваеньне статусу палітвязьня.
«Мы канстатуем факт таго, што чалавек зьяўляецца палітвязьнем, і, адпаведна, адмова гэтага факта не мяняе»,— падкрэсьліў прадстаўнік «Вясны».
Васіля Хамутоўскага затрымалі 30 верасьня пасьля вяртаньня ў Беларусь з-за мяжы. Спачатку яму прысудзілі 13 дзён адміністрацыйнага арышту за перасылку матэрыялаў з тэлеграм-канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім. Аднак пазьней Хамутоўскага перазатрымалі ўжо ў крымінальнай справе.
Пасьля выбараў Васіль асудзіў гвалт супраць мірных пратэстоўцаў, падпісаўшы ліст беларускіх спартоўцаў «За сумленныя выбары і супраць гвалту», і выехаў з краіны.
Апошнім часам Хамутоўскі працаваў ва Ўкраіне ў футбольным клюбе «Львоў». Пасьля пачатку вайны працаваў таксама ў трэнэрскім штабе бухарэсцкага «Сьцяўа». У Беларусь ён вырашыў прыехаць, каб зрабіць сабе апэрацыю на калене.
Цягам кар’еры футбаліста Хамутоўскі абараняў брамы клюбаў ня толькі ў Беларусі, ён шмат гадоў правёў у камандах Румыніі і Нямеччыны, выступаў таксама ва Ўкраіне і Расеі. Правёў 26 матчаў за нацыянальную зборную Беларусі, лічыўся адным з найлепшых брамнікаў краіны нулявых і 10-х гг.