Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ухваліў законапраект аб бюджэце на 2023 фінансавы год на суму 1,7 трлн даляраў, зь якіх 44,9 млрд даляраў пойдуць на экстраную падтрымку Ўкраіны і амэрыканскіх саюзьнікаў па NATO. Дакумэнт апублікаваў Белы дом.
Амбасадар Украіны ў ЗША Аксана Маркарава раней паведаміла, што каля 9 млрд даляраў з выдзеленай сумы будуць накіраваныя на забесьпячэнне ўкраінскага войска, яшчэ амаль 12 млрд даляраў пойдуць на папаўненьне амэрыканскіх запасаў тэхнікі і зброі, раней перададзеных Украіне, каля 7 млрд даляраў — на фінансаваньне ваеннага камандаваньня ЗША у Эўропе. 13,37 млрд даляраў будуць выдзелены для эканамічнай і бюджэтнай падтрымкі ўрада Ўкраіны і 4,92 млрд — для задавальнення гуманітарных патрэб Украіны, украінскіх уцекачоў і іншых неабароненых пластоў насельніцтва.
Закон аб бюджэце на 2023 год, падпісаны ўчора Байдэнам, ўключае ў сябе таксама рэкорднае фінансаваньне Міністэрства абароны ЗША, дадатковую дапамогу студэнтам з абмежаванымі магчымасьцямі, дадатковае фінансаваньне для абароны правоў работнікаў і дадатковыя рэсурсы для прафэсійнага навучаньня, а таксама дапамогу ў павышэньні даступнасьці жыльля для сем’яў, вэтэранаў і людзей, якія пацярпелі ад хатняга гвалту.
Законапраект абʼёмам звыш 4000 старонак быў прыняты большасьцю сэнатараў (68 галасоў «за», 29 — «супраць») пры падтрымцы 18 з 50 рэспубліканцаў у Сэнаце. Законапраект таксама прыняла Палата прадстаўнікоў большасьцю галасоў у суадносінах 225 — 201 па партыйнай лініі.