Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыі, якія «нясуць шкоду», маюць замежныя грошы і заснавальнікаў ці сяброў не ў Беларусі, прапануюць зьліквідаваць


Алег Гайдукевіч і Генадзь Давыдзька
Алег Гайдукевіч і Генадзь Давыдзька

Пасьля закрыцьця сотняў грамадзкіх арганізацыяў і рэпрэсіяў супраць сяброў апазыцыйных палітычных партыяў улады бяруцца за зьмены ў законах, якія рэгулююць іх працу.

Зьмены ў законы «Аб палітычных партыях» і «Аб грамадзкіх аб’яднаньнях» абмеркавалі ў аўторак падчас круглага стала. Яго ініцыявала пастаянная камісія правоў чалавека, нацыянальных адносін і сродкаў масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў, якую ўзначальвае Генадзь Давыдзька, і рэспубліканскага грамадзкага абʼяднаньня «Белая Русь».

У сустрэчы ўзялі ўдзел праўладныя экспэрты, ніхто з прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў запрошаны ня быў.

«Сьвет страчвае бачнасьць дэмакратыі; мы, наадварот, нарошчваем гэтыя інстытуты», — заявіў Давыдзька і прапанаваў «даць большую свабоду для палітычнага волевыяўленьня», каб не паўтарыліся падзеі 2020 году.

У чым гэтая свабода будзе праяўляецца, патлумачыў удзельнікам круглага стала намесьнік міністра юстыцыі Алег Кот.

Што зьменіцца для палітычных партыяў

  • Праектам закону прапаноўваюць замацаваць унівэрсальныя агульныя мэты і задачы, якія павінны быць адлюстраваны ў статутах палітычных партыяў. То бок гэта дзяржава будзе вырашаць, якія павінны быць задачы ў палітычнай партыі, а не яе стваральнікі.
  • Палітычная партыя, якая вядзе тэрарыстычную і іншую забароненую заканадаўствам дзейнасьць, наносіць шкоду дзяржаве, будзе падлягаць ліквідацыі.
  • Асновай для ліквідацыі можа стаць і атрыманьне грашовых сродкаў або маёмасьці з замежных крыніц.
  • Прапануецца, што заснавальнікамі і чальцамі партый могуць быць ня проста грамадзяне Рэспублікі Беларусі, яны павінны яшчэ і пастаянна жыць у краіне.

Цягам трох месяцаў з дня набыцьця моцы законам партыям неабходна будзе падаць у Міністэрства юстыцыі дакумэнты на перарэгістрацыю з улікам новых патрабаваньняў або прыняць рашэньне аб ліквідацыі.

За шэсьць месяцаў з дня набыцьця моцы закону партыі павінны прайсьці перарэгістрацыю. У іншым выпадку яны спыняць сваю дзейнасьць паводле рашэньня Вярхоўнага суду.

Прапановы зьменаў у закон аб дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў, якія агучыў Кот, пакуль вельмі агульныя.

  • Зьмяняецца азначэньне грамадзкага абʼяднаньня. Гэта будзе добраахвотнае абʼяднаньне грамадзян, якія ў вызначаным заканадаўствам парадку абʼядналіся на аснове агульнасьці інтарэсаў для ажыцьцяўленьня сацыяльных, эканамічных, культурных і іншых інтарэсаў.
  • Прадугледжваецца пашырэньне абавязковай тэрытарыяльнай прысутнасьці для рэспубліканскіх грамадзкіх абʼяднаньняў.
  • Для міжнародных грамадзкіх абʼяднаньняў уводзіцца абавязак мець структуры ня толькі за мяжой, але і на тэрыторыі Беларусі.
  • Будзе спрошчаны парадак атрыманьня юрыдычнага адрасу грамадзкімі абʼяднаньнямі і іх структурамі.
  • Грамадзкія абʼяднаньні будуць мець права ўдзельнічаць у рабоце грамадзкіх кансультацыйных радаў, якія ствараюцца пры дзяржаўных органах.

Гэтыя зьмены ўжо падтрымаў прысутны на сустрэчы Алег Гайдукевіч, які кіруе праўладнай Лібэральна-дэмакратычнай партыяй. Пайсьці далей прапанаваў старшыня праўладнай арганізацыі «Белая Русь» Алег Раманаў. На яго думку, палітычныя партыі «павінны стаяць на канструктыўнай, стваральнай, прадзяржаўнай і пранароднай пазыцыі».

Ад жніўня 2020 году ў Беларусі зьліквідавалі ці давялі да стадыі ліквідацыі 880 недзяржаўных арганізацыяў. У месцах пазбаўленьня волі знаходзяцца ня менш за 10 лідэраў і актывістаў беларускіх незалежных прафсаюзаў. Працягваецца ціск на прадстаўнікоў рэлігійных арганізацыяў, палітычных партыяў, новых ініцыятываў.

Лідэры дзьвюх зарэгістраваных партыяў (АГП і БНФ) Мікалай Казлоў і Рыгор Кастусёў, а таксама лідэр аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец асуджаныя паводле „палітычных“ артыкулаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG