Кіраўнік рэгіянальнай паліцыі Талібану і яшчэ двое загінулі ў выніку выбуху замінаванага аўтамабіля ў паўночна-ўсходняй правінцыі Бадахшан у Афганістане.
Прэс-сакратар міністэрства Абдул Нафі Такур паведаміў Радыё Азадзі, што чацьвёра падазраваных былі арыштаваныя ў сувязі з выбухам, які, паводле яго слоў, быў зьдзейсьнены з выкарыстаньнем аўтамабіля, абсталяванага мінамі.
Ніякая групоўка ня ўзяла на сябе адказнасьці за выбух аўтамабіля, у выніку якога, паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных спраў, загінуў кіраўнік рэгіянальнай паліцыі Абдулхак Абу Амар. Міністэрства не ідэнтыфікавала яшчэ двух забітых. Чатыры чалавекі атрымалі раненьні, паведамляюць мясцовыя СМІ.
Лічыцца, што Амар — самы высокі чыноўнік службы бясьпекі талібаў, забіты пасьля таго, як жорсткая ісламісцкая групоўка захапіла ўладу ў жніўні 2021 году. З моманту вяртаньня да ўлады ўрад пад кіраўніцтвам талібаў сутыкнуўся зь бесьперапыннай хваляй гвалту.
Некаторыя напады, у тым ліку на поўначы Афганістану, прыпісваюцца экстрэмісцкай групоўцы «Ісламская дзяржава-Харасан».
Узброены рух супраціву, вядомы як Фронт нацыянальнага супраціву (NRF), таксама быў створаны ў краіне і актыўна дзейнічаў на поўначы Афганістану. Аднак цяпер прадстаўнік NRF сказаў, што «напад стаўся вынікам унутранай барацьбы талібаў».
Правінцыя Бадахшан мяжуе з Таджыкістанам на поўначы, Кітаем на ўсходзе і Пакістанам на паўднёвым усходзе.