Шэсьць пакістанскіх цывільных і адзін афганскі салдат былі забітыя ў нядзелю ў перастрэлцы на мяжы Пакістану з Афганістанам, паведаміла Reuters са спасылкай на інфармацыю, прадстаўленую абодвума бакамі.
Армія Пакістану абвінавачвае сілы, якія ахоўваюць афганскую мяжу, у адкрыцьці «несправакаванага і масавага абстрэлу зь цяжкага ўзбраеньня, уключна з артылерыяй і мінамётамі, па цывільных асобах» на памежным пераходзе Чаман, які злучае афганскую правінцыю Кандагар з пакістанскім Белуджыстанам.
Пакістанскі бок заяўляе, што ад абстрэлу загінулі шэсьць мірных жыхароў, яшчэ 17 атрымалі раненьні. Па дадзеных Міністэрства абароны Пакістану, пакістанскія салдаты адкрылі агонь у адказ на стрэлы з боку афганскага войска.
Тым часам афганскі бок паведамляе, што сутыкненьні адбыліся пасьля таго, як пакістанская армія запатрабавала ад афганцаў спыніць работы па будаўніцтве новай памежнай заставы на афганскім баку мяжы.
Прадстаўнік паліцыі Кандагару Хафіз Сабер паведаміў, што ў выніку пакістанскага абстрэлу адзін афганскі салдат загінуў, а дзесяць цывільных, у тым ліку трое мірных жыхароў, параненыя.