Пра тое, як мяняецца беларуская ўлада, грамадзтва і стаўленьне сьвету да Беларусі, Свабода пагаварыла з былым супрацоўнікам Міністэрства замежных спраў, аналітыкам Эўрапейскай рады міжнародных адносін Паўлам Сьлюнькіным. Экспэрт вылучыў некалькі пунктаў.
Асноўныя зьмены
- Беларусь упершыню стала саўдзельніцай ваеннага канфлікту
- Зьявілася нэгатыўнае ўспрыняцьце беларусаў у сьвеце
- Курс на страту незалежнасьці
- Беларусь становіцца таксычнай шэрай зонай
- Рэпрэсіі сталі новай сацыяльнай нормай
- Забарона крытыкі Лукашэнкі і стварэньне культу асобы
- Многія беларусы зразумелі, што такое Расея
«Галоўнае злачынства Лукашэнкі»
«Упершыню ў сваёй найноўшай гісторыі Беларусь стала ўдзельніцай ваеннага канфлікту, прычым саўдзельніцай агрэсіі», — кажа Сьлюнькін.
Ён падкрэсьлівае, што барацьба беларускага народу за дэмакратыю і супраць таталітарызму была ня толькі пра сумленныя выбары, але і за тое, каб беларусы не забівалі на вайне і не былі там забітыя.
«Адсутнасьць дэмакратыі прывяла да таго, што ўсе мы сталі закладнікамі дзеяньняў таталітарнага рэжыму, які, па сутнасьці, зьдзяйсьняе злачынствы, калі дапамагае Расеі захопліваць украінскія тэрыторыі. На мой погляд, гэта галоўнае злачынства за ўвесь час панаваньня Лукашэнкі. Ён шмат усяго натварыў, але гэта самае галоўнае».
Экспэрт лічыць, што разбураныя адносіны з украінцамі — гэта працэс на гады.
«Проста так усё не забудзецца. Беларусы могуць справядліва казаць, што гэтую ўладу ніхто не абіраў, супраць яе паўсталі людзі, змагаліся з дыктатурай. Але Беларусь дапамагае захопліваць іншую краіну».
«Успрыняцьце беларусаў у сьвеце моцна зьмянілася»
Павал Сьлюнькін лічыць, што калі да 24 лютага 2022 году беларусаў і рэжым у сьвеце ўспрымалі асобна, то цяпер сытуацыя зьмянілася.
«Калі рэжым Лукашэнкі стаў дапамагаць Расеі ў ваеннай агрэсіі, то ўсе беларусы, незалежна ад палітычных поглядаў, сталі закладнікамі гэтай сытуацыі. Я ня ўпэўнены, што полк Каліноўскага, „рэйкавыя партызаны“, „Беларускі гаюн“, BYSOL перакрываюць гэтае стаўленьне».
«Лукашэнка сам пазбаўляе сябе ўлады, а нас — незалежнасьці»
Суразмоўца Свабоды кажа, што на працягу некалькіх гадоў, да 2020-га, Лукашэнку ўдавалася манэўраваць і ўхіляцца ад выкананьня інтэграцыйных дамоваў, не пагаджацца на расейскую вайсковую базу ў Беларусі.
«Цяпер жа мы маем сытуацыю, калі некантраляваныя Лукашэнкам расейскія войскі знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Калі нават Лукашэнка захоча, каб яны выйшлі, то я вельмі сумняюся, што яго нехта будзе пытацца і слухацца».
Сьлюнькін называе гэты працэс «працягваньнем страты незалежнасьці».
«Лукашэнка застаецца паўнапраўным кіраўніком краіны, але ягоная вайсковая ўлада вельмі моцна скурчылася. Некаторыя рэчы ён ужо не кантралюе. Калі Расея захоча зрабіць яшчэ адну спробу агрэсіі з тэрыторыі Беларусі, то Лукашэнка нічога ня зможа зрабіць, нават калі і будзе супраць».
«Лукашэнка паставіў сябе на адзін узровень з кіраўніцтвам Абхазіі»
Экспэрт кажа, што мы назіраем пераўтварэньне Беларусі ў таксычную шэрую зону, дзе нікому не зразумела, хто ж у рэальнасьці кантралюе сытуацыю на гэтай тэрыторыі
«Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі абрывае адносіны з цывілізаванымі краінамі, затое інтэнсыфікуе адносіны зь непрызнанымі і акупаванымі тэрыторыямі. Ня хочацца гэтага казаць, але падобнае набліжаецца да падобнага. Беларусь пакуль не на іх узроўні, але тэндэнцыя відавочная».
Як прыклад Павал Сьлюнькін называе верасьнёўскую сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і прэзыдэнта непрызнанай Абхазіі Аслана Бжанія. Прычым менавіта Лукашэнка прыехаў зь візытам у Абхазію.
«Лукашэнка цяпер ставіць сябе на адзін узровень з Бжанія. Гэта не была прыватная сустрэча спадара Лукашэнкі і спадара Бжанія, яны абмяркоўвалі двухбаковыя адносіны Беларусі і Абхазіі. У Беларусь прыяжджае Пушылін, зь якім сустракаюцца лукашэнкаўскія чыноўнікі. Гэта шмат пра што кажа. Такі цяпер наш узровень. Раней Лукашэнка сустракаўся ў Менску з Курцам і Пампэо, а цяпер сядзіць за адным сталом з Бжанія».
«Рэпрэсіі сталі формай існаваньня рэжыму»
Павал Сьлюнькін мяркуе, што калі раней «чырвоныя лініі», за якія нельга было пераходзіць, былі зразумелыя ўсім палітычным актарам у Беларусі, то цяпер правілы гульні проста зьніклі.
«Рэжым стаў непрадказальным і жорсткім. Рэпрэсіі сталі формай існаваньня для рэжыму. Рэпрэсіі праводзяцца не таму, што пяройдзеныя чырвоныя лініі, а проста так. Можна асудзіць за камэнтар, за лайк, за павышэньне цэнаў ці таму што чалавек на вуліцы няправільна паглядзеў і трэба праверыць яго падпіскі ў тэлеграме. Рэпрэсіі сталі сацыяльнай нормай».
Суразмоўца падкрэсьлівае, што падчас сустрэчы з Пуціным Лукашэнка гаварыў, што ў Беларусі адбываецца палітычная і грамадзкая рэформа.
«Ён бачыць у рэпрэсіях стратэгічны падыход, а ня нешта тактычнае і часовае», — кажа экс-дыплямат.
«З Лукашэнкі лепяць генія»
У Беларусі фактычна не засталося палітычных партый, кажа Павал Сьлюнькін. Але, больш за тое, у краіне пад забарону трапіла любая крытыка дзеяньняў уладаў.
«Гэта нават не пра палітыку, што апазыцыянэры ня могуць трапіць у парлямэнт. Не. Гэта пра тое, што крытыкі ўлады ўвогуле не павінна існаваць. Крытыка дэ-факта стала незаконнай».
Яшчэ важным новаўвядзеньнем становіцца стварэньне культу асобы Лукашэнкі, якога паўсюль хваляць чыноўнікі і СМІ.
«Культ асобы заўсёды быў недзе побач, але не да канца. Цяпер паўсюль кажуць, які Лукашэнка вялікі і мудры. Магчыма, гэта рэакцыя на 2020 год, калі яны зразумелі, што Лукашэнка прайграў і стаў нелюбімы народам. Цяпер з Лукашэнкі лепяць сапраўднага генія, безь якога Беларусі б не было. У чынавенскім асяродзьдзі ўжо ня норма не захапляцца Лукашэнкам».
«За 150 гадоў нічога не зьмянілася»
Важнай зьменай Павал Сьлюнькін называе таксама тое, што ў многіх беларусаў расплюшчыліся вочы на тое, што зь сябе ўяўляе Расея.
«Усе старонкі нашай гісторыі — барацьба за незалежнасьць, падзелы Рэчы Паспалітай, паўстаньні Касьцюшкі і Каліноўскага, БНР, Пазьняк, Курапаты — гэта не мінулае. Цяпер мы онлайн усё гэта бачым, праз што праходзілі нашы продкі».
Павал расказвае, як падчас нядаўняга наведваньня Вільні ішоў праз Лукіскую плошчу разам зь літоўскімі дыпляматамі.
«Я кажу, што 150 гадоў таму беларусы змагаліся за незалежнасьць з Расеяй. Беларусь была акупаваная, на гэтай тэрыторыі быў свой гаўляйтэр, паднялі паўстаньне, якое здушылі, а лідэра павесілі. Гэта было ў той самы дзень, калі Палата прадстаўнікоў прыняла закон аб сьмяротным пакараньні за здраду дзяржаве. 150 гадоў прайшло, а ўсё тое самае. Па-ранейшаму барацьба за незалежнасьць з Расеяй, ёсьць гаўляйтэр, які зьбіраецца караць людзей, якія нібыта яму здрадзілі. А на нашым баку па-ранейшаму ўсе тыя ж народы, што і раней — палякі і літоўцы», — падсумоўвае Сьлюнькін.