Лукашэнка выказаў надзею, што Лаўроў будзе згодны з тым, што ніякая інкарпарацыя не патрэбна.
«Думаю, вы падтрымаеце гэтую ідэю. Упэўнены, што падтрымаеце. Мы не настолькі дурныя, каб кагосьці інкарпараваць, як на Захадзе кажуць, ці ўключаць у склад ці Беларусі Расею, ці Расеі Беларусь. Мы дастаткова разумныя, каб дзьве незалежныя дзяржавы маглі выбудаваць такую канструкцыю нашых адносін, што пазайздросьцяць у сьвеце і іншыя. Мы да гэтага ідзём, рухаемся», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
Лукашэнка адзначыў, што ўвесь час чуе галасы аб паглынаньні Беларусі, але гэтага не адбываецца.
«Я ўвесь час чую: заўтра паглынаньне, заўтра інкарпарацыя... 30 гадоў прайшло. Не інкарпаравалі, не паглынулі, нічога не павезьлі. А калі ўжо шчыра, то мы ад Расеі атрымліваем усё тое, што трэба сувэрэннай незалежнай дзяржаве. Так, былі ў нас розныя часы. Мы і спрачаліся, як блізкія людзі».
«Ня трэба енчыць і крычаць, што Пуцін захапіў Беларусь, што хоча, тое і робіць. У нас разумная і ўзгодненая палітыка дзьвюх сувэрэнных дзяржаваў, за якую адказваюць Лаўроў і Макей», — сказаў Лукашэнка.
«Пад кіраўніцтвам вярхоўных галоўнакамандуючых», — дадаў Лаўроў.
«Але вы нам раіце. Але гэта не здымае з нас адказнасьці», — удакладніў Лукашэнка.
Сустрэча адбываецца ў Менску, а ў Горадні 30 чэрвеня стартаваў 9-ы Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі. На яго меўся прыехаць прэзыдэнт Расеі Пуцін, аднак затым памяняў сваё рашэньне. Лукашэнка паразмаўляе зь ім толькі па відэасувязі.