Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусу можа быць камфортна сярод палякаў і ўкраінцаў». Зьявіўся новы беларускі каляндар на чатырох мовах


Каляндар «Мова вольных»
Каляндар «Мова вольных»

Выйшаў каляндар «Мова вольных» ад новага беларускага выдавецтва ў Кракаве. Пагутарылі зь яго галоўнай рэдактаркай пра тое, як прыйшла ідэя, у чым унікальнасьць календара, а таксама ці складана адкрыць выдавецтва ў іншай краіне.

Нядаўна ў Кракаве адкрылася Эўрапейскае беларускае выдавецтва «Гутэнбэрг».

«Мы разумелі, што нам трэба будзе зьяжджаць зь Беларусі, думалі, што ж мы будзем рабіць у іншай краіне. Не хацелася выпасьці зь беларускіх спраў і займацца чымсьці чужым. То мы прывезьлі з сабой свае кніжныя праекты, свае ідэі і вырашылі пачаць з такога важнага, патрэбнага і зразумелага праекту, як каляндар», — кажа галоўная рэдактарка выдавецтва Валянціна Андрэева.

Валянціна Андрэева
Валянціна Андрэева

Каляндар зроблены адразу на чатырох мовах: беларускай, украінскай, польскай і ангельскай.

«Мы вельмі салідарныя з Украінай. Таму нам хацелася зрабіць каляндар, які б падкрэсьліваў, што геапалітычна, моўна, культурна мы вельмі блізкія народы з Украінай і Польшчай. Хацелася, каб па календары было відаць чалавеку, што беларусу вельмі камфортна можа быць сярод палякаў і ўкраінцаў. Бо нашыя мовы маюць вельмі шмат блізкіх словаў і для нас гэта зусім не чужое моўнае асяродзьдзе», — кажа Валянціна.

Каляндар «Мова вольных»
Каляндар «Мова вольных»

Рэдактарка прызнаецца, што было складана разабрацца ў тонкасьцях і адценьнях моваў суседзяў.

«Нашыя мовы маюць шмат лексычных адзінак вельмі блізкіх. Відаць, што яны мелі агульныя карані, але з часам крыху набылі розныя сэнсавыя адценьні. Напрыклад, слова „кутасік“. Вядома, што ў беларускай мове — гэта некалькі нітачак, зьвязаных паміж сабой, гэтыя кутасікі ёсьць на канцах ручніка, слуцкага пояса. Ёсьць гэтае слова і ва ўкраінскай, і ў польскай мове. Аднак на сёньня ў польскай мове слова „кутасік“ азначае зусім іншае (мае непрыстойнае значэньне. — РС). То бок дадатковае значэньне зьявілася і перамагло гістарычнае. І вось гэтыя нюансы і тонкасьці адсачыць, упільнаваць было даволі складанай задачай, на якую мы выдаткавалі шмат энэргіі і высілкаў».

Каляндар «Мова вольных»
Каляндар «Мова вольных»

«Мы перадалі 30 календароў для падарункаў настаўнікам»

Днямі выдавецтва зрабіла акцыю падтрымкі настаўнікаў, якія выкладаюць беларускую мову ў Беластоку. Ім перадалі 30 календароў.

«Мы хацелі напярэдадні сьвятаў прыўзьняць ім трошачкі настрой, зрабіць жэст. Паказаць, што мы вельмі цэнім тое, што яны нясуць беларускае слова і культуру дзеткам на Беласточчыне. Гэта дае надзею, натхняе, што ўсё ў нас будзе добра, што можна захоўваць сваю культуру ў розных умовах і цешыцца зь яе».

Падарункі для настаўнікаў беларускай мовы на Беласточчыне
Падарункі для настаўнікаў беларускай мовы на Беласточчыне

У камандзе, якая працавала над праектам, каля дзесяці чалавек, расказала Валянціна Андрэева. Кожную моўную вэрсію рэдагаваў асобны рэдактар.

«Дызайнэр і яшчэ таксама каманда зь некалькіх чалавек, якая займаецца арганізацыяй, плянаваньнем, каб гэты каляндар можна было выпусьціць, даставіць, аформіць юрыдычна і іншае. То бок за вырабам адной адзінкі такога беларускага аб’екта стаіць вялікая падрыхтоўчая праца — стварэньне юрыдычнай асобы, наладжваньне магчымасьці плацяжоў з розных краін, куды прадаём і адпраўляем гэты каляндар».

Валянціна Андрэева
Валянціна Андрэева

«У Польшчы ўсё вельмі проста: ты толькі заяўляеш, што цяпер выдаеш кнігі»

Сёньня ў Беларусі адкрыць беларускамоўнае выдавецтва фактычна немагчыма, кажа Валянціна.

«Нават у тыя часы, калі гэта ня мела ідэалягічных перашкодаў, каб пачаць выдаваць кнігі ў Беларусі, неабходна было здаваць іспыт у Міністэрстве інфармацыі, прычым для розных відаў кніг — розныя ўзроўні гэтага іспыту. А ў Польшчы ўсё вельмі проста, тут не патрабуюць здаваць нейкія іспыты. Ты проста заяўляеш, што ты цяпер выдаеш кнігі. З другога боку, калі мы былі ў Беларусі, то плацілі падатак толькі ў Беларусі. А падатковая сыстэма Эўразьвязу прадугледжвае, што мы мусім плаціць падатак ва ўсе краіны Эўразьвязу, у якія мы прадаём свае выданьні, у адпаведнасьці зь іх заканадаўствам. Гэта патрабуе пэўнай кампэтэнцыі, але разабрацца магчыма».

Каляндар «Мова вольных»
Каляндар «Мова вольных»

Цяпер новаму выдавецтву патрэбныя людзі, гатовыя ўключацца ў праекты, кажа рэдактарка.

«Калі хтосьці нечым карысным займацца, то мы запрашаем у нашую каманду. Але на сёньня мы пакуль ня маем ніякага капіталу, то ня можам адразу запрасіць на заробак. Усё робіцца ў надзеі, што наш праект будзе пасьпяховым, якасна зробленым — і тады мы заробім самі сабе сродкі. Калі ёсьць ахвочыя далучыцца і зрабіць штосьці на базе валянтэрскага праекту, а пасьля, калі гэта прынясе вынікі, атрымаць нейкую ўзнагароду, то, вядома, далучайцеся».

Таксама выдавецтва шукае цяпер інвэстараў, якія маглі б фінансава падтрымаць праекты, кажа Валянціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG