«Яна сама прыняла рашэньне пра вяртаньне»
19 сьнежня Генэральная пракуратура паведаміла, што 28 сьнежня ў Гомлі пачнуць судзіць былую адміністратарку чатаў «97%» Тацяну Курыліну. Яна летась вярнулася ў Беларусь, зьнялася ў прапагандысцкім сюжэце для БТ. Аказалася, што з чэрвеня 2022 году Тацяна знаходзіцца ў СІЗА. Цяпер ёй пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі па 12 артыкулах Крымінальнага кодэксу.
Пра новыя падрабязнасьці гэтай справы Свабодзе расказала іншая адміністратарка, якая знаходзіцца за межамі Беларусі.
— Тацяна пасьля вяртаньня ў Беларусь і інтэрвію дзяржаўнай прапагандзе села ў турму. Можа быць такое, што празь яе дзеяньні пацярпелі іншыя людзі?
— Тое, што яе цяпер спрабуюць некаторыя паказаць як ахвяру, проста ў галаве не ўкладаецца. Празь яе і яе ўчынак многія людзі трапілі пад затрыманьні і ў турму. Яна здала і нас усіх, адмінаў, хоць мы не ў Беларусі. Не выключаю, што і актывістаў (пацьверджаньня таго, што Тацяна Курыліна назвала сілавікам асабістыя дадзеныя іншых адмінаў і актывістаў, няма. — РС). Тацяна ведала шмат людзей, бо была вельмі камунікабэльная. Яна завязвала на сябе многія актыўнасьці ў некаторых гарадах. Таму яна ведала актывістаў. Яна сама навязвалася да людзей і перапісвалася зь імі.
Яна ведала, хто, дзе і калі праводзіў акцыі, хто быў адмінам раённых чатаў, прозьвішчы актывістаў ведала таксама. Карацей, валодала інфармацыяй. Той, якую ёй давяралі людзі.
— Чаму яна вырашыла вярнуцца ў Беларусь? Вы ведалі пра гэты крок?
— Пачнем з таго, што раней Тацяна жыла ў Маскве. Там да яе прыйшлі спэцслужбы. Яна сама пра гэта казала. Яе, у сваю чаргу, хутчэй за ўсё, здаў «пацук», які некаторы час быў сярод нас. Дый яна сама не сачыла за інфармацыйнай гігіенай. Можа быць і такое, што яе завэрбавалі яшчэ ў Маскве.
Незадоўга да ад’езду яна была ў мяне ў гасьцях, у Варшаве. Было адчуваньне, што яна пачала заглядаць у бутэльку. Казала толькі пра тое, што расчараваная ва ўсім. Што яна не гатовая так доўга змагацца. Што яна ня можа знайсьці сябе ў Польшчы. Але кожны з нас праходзіць гэта — пэрыяд адаптацыі. Таму я параіла ёй зьвярнуцца да псыхоляга. Яна адмовілася. Тацяна жалілася, што ня можа тут знайсьці сабе мужчыну.
Празь нейкі час нашы чаты пачалі ламаць. Мы былі занятыя тым, што адбываецца. Тацяна ў гэты час проста зьнікла з радараў. Потым яна зьвязалася з адным з адмінаў і папрасіла зьняць зь яе правы адміністратаркі. Быццам бы ў яе нешта здарылася з тэлефонам. Празь нейкі час яе сястра паведаміла, што разьбіла тэлефон Тані з гэтым акаўнтам у адказ на рашэньне Курылінай паехаць у Беларусь. Мы пачалі зьвязвацца з Тацянай, але яна ўсім хлусіла, што сястра ўсіх падманула і сама Тацяна знаходзіцца ў Польшчы. На самой справе яна была ўжо ў Менску, у гатэлі пад поўным кантролем спэцслужбаў.
— Што яна ўвогуле за чалавек, кім працавала?
— У Маскве яна працавала бухгальтарам. У Польшчы была вымушаная працаваць у краме прадаўцом. Гэта моцна біла па яе фанабэрыстасьці. Яна ад гэтага пакутавала, яе гэта не адпускала. Потым пачаліся праблемы са здароўем. Тацяна шмат скардзілася і наракала. Казала, што адчувае сябе самотнай. Яна эксцэнтрычная асоба, з завышанай самаацэнкай. А яшчэ яна рэальна не разумела, на што падпісалася. І што тут няма месца пачуцьцям. Альбо ты змагаесься і ідзеш да канца, альбо ўвогуле ня лезь. У яе ж было ўсё як гульня.
— Адміны праходзілі нейкую праверку, вэрыфікацыю?
— Як яна трапіла ў адміны, я ня ведаю, я прыйшла значна пазьней за яе. На момант 2020 году, я так думаю, там асабліва не правяралі адмінаў. Я прыйшла праз асабістае знаёмства з адным з адмінаў. Я праходзіла вэрыфікацыю.
Калі я прыйшла ў каманду, Таня была старшым адмінам. Калі пачыналіся спрэчкі, яна проста затыкала ўсім рот. Паколькі яна была адной зь першых, да яе прыслухоўваліся.
— Вы ведаеце пра вэрсію, што ў Тацяны быў раман з былым сілавіком?
— Яна нам казала жартам нібы, што перапісваецца з былым сілавіком. І што ў іх раней там «нешта было». Я на гэта не зьвяртала ўвагі. Яе папросту абдурылі, вось і ўсё. Пра каханьне не скажу, але раман нейкі — так. Тым больш яна, як я казала, скардзілася на самоту і што ня можа знайсьці тут мужчыну. І яшчэ Тацяна рэальна верыла, што яе не пасадзяць. Але выйшла вось так.
— Іншым адмінам чатаў «97%» паступалі прапановы ад сілавікоў аб вяртаньні?
— Многім, мне ў тым ліку. Я іх паслала. Былі пагрозы. Потым пачалі са мной спрабаваць «правярнуць» тое самае, што зь ёй. Зноў не атрымалася. Пачалі пісаць пра тое, што я закаханая ў адміна, што ў мяне зь ім нічога не атрымаецца, што ён мяне кіне, як і «Танку». Таму зараз час ад часу яны пішуць пагрозы і спрабуюць нашкодзіць мне ў дыяспары, настройваючы людзей супраць мяне.
Я чарговы «лот» у іх сьпісе. Бо кожнага адміна яны пазначылі як лот і далі нумар. Як на аўкцыёне. Яны так і пішуць паведамленьні нам: «Лот нумар такі». Потым прозьвішча, імя, адрас. Потым «лот амаль ліквідаваны ці ліквідаваны». А потым проста пагрозы. І пра сямʼю, і тое, што я ўсё адно сяду. Што і тут дастануць. Але зь сямʼёй я разарвала ўсе кантакты. Пра «сяду» — ну, вяртацца я не зьбіраюся да перамогі, а тут дастануць — ну хай паспрабуюць. Але я не такая вялікая шышка, каб празь мяне рабіць міжнародны скандал. Таму я і не баюся, і ціснуць на мяне няма як.
— Ёсьць нейкія правілы бясьпекі для ўдзельнікаў чатаў «97%»?
— Мы не зьбіралі інфармацыю пра карыстальнікаў, калі людзі самі не пісалі сваіх дадзеных. Наш бот не дэаноніць (не раскрывае асабістыя дадзеныя. — РС) людзей. У нас адкрытыя чаты. І мы не нясем адказнасьці за кібэрбясьпеку карыстальнікаў. Хаця ўвесь час пра гэта пішам і нагадваем людзям, што нельга пераходзіць па незнаёмых спасылках, не правераных. Нельга перадаваць свае дадзеныя іншым удзельнікам чатаў, бо там можа сядзець міліцыянт. Адміны ўсе за мяжой. Цяпер нас няшмат, толькі правераныя людзі.
— Цяпер, калі прайшло больш за два гады, ці ёсьць сэнс у чатах «97%»?
— Ёсьць. І будзе. Бо яшчэ нічога ня скончылася. Я ведаю шмат людзей, якія заходзяць у чаты паглядзець, што адбываецца. Людзі чакаюць моманту, калі змогуць выйсьці. І чаты ім змогуць дапамагчы ў гэтым.