Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нашая дачушка, магчыма, нелегал». Як зарэгістраваць і легалізаваць дзіця, што нарадзілася ў беларусаў за мяжой


Нованароджанае дзіця. Ілюстрацыйнае фота
Нованароджанае дзіця. Ілюстрацыйнае фота

Жыцьцё працягваецца і ў беларусаў, якія вымушаныя былі пакінуць радзіму праз палітычны перасьлед альбо ўцячы ад вайны ва Ўкраіне. Нараджаюцца дзеці, і даводзіцца вырашаць праблемы, як зарэгістраваць дзіця, атрымаць на яго дакумэнты. Выслухалі рэальныя гісторыі і камэнтар юрыста-міжнародніка.

«Мы нелегаламі не зьяўляемся, у нас нават штампы ў пашпартах ёсьць. А дачка-немаўлятка, магчыма, і нелегал»

Алена з мужам Мікалаем зьехалі зь Беларусі ў траўні 2021 года. Жылі ва Ўкраіне. У сьнежні 2021 году Алена зацяжарала. У лютым пачалася вайна, з Украіны маладая сям’я пераехала ў Польшчу. Алена ўладкавалася на працу, і яны з мужам падалі дакумэнты на карту побыту (дазвол на жыхарства) на падставе працы Алены.

«Як атрымаць беларускі пашпарт для дачкі — вялікае пытаньне. Мы разьлічваем гэта зрабіць празь беларускую амбасаду. Усе кажуць, што гэта немагчыма, але мы будзем спрабаваць! Каб падаць дакумэнты праз амбасаду Беларусі, нам самім трэба атрымаць карты побыту. Так што мы ў чаканьні сваёй легалізацыі, каб зьвярнуцца ў беларускую амбасаду і зрабіць пашпарт для дачкі. А потым ужо падаць дакумэнты на ДНЖ для дзіцяці», — расказвае маці трохмесячнай беларускі Веры.

Паколькі ў Алены была праца, яна змагла трапіць у польскую радзільню бясплатна; там ёй далі даведку, што нарадзілася дзіця. Па гэтай даведцы ў мясцовай мэрыі можна атрымаць пасьведчаньне аб нараджэньні. І па гэтым дакумэнце можна атрымаць PESEL (асабісты нумар. — РС). Ён неабходны, каб вырашаць бюракратычныя пытаньні. Цяпер дачка Алесі можа абслугоўвацца ў паліклініцы. Аднак ня можа выехаць за мяжу, бо няма пашпарта, няма куды ставіць візы.

«Я крыху непакоюся. Калі не дадуць карту побыту, мы будзем падавацца на міжнародную абарону — гэта варыянт для палітычных уцекачоў, якія былі вымушаныя выехаць з краіны. Калі мы самі атрымаем міжнародную абарону, наша дачка таксама можа на яе прэтэндаваць. Тады можна падавацца на «праязны міжнародны дакумэнт», — разважае Алена.

Што тычыцца тэрмінаў, то звычайна чакаць карту побыту даводзіцца мінімум паўгода. Але бываюць выпадкі, што і нашмат болей.

«Самі мы нелегаламі не зьяўляемся, у нас нават штампы ў пашпартах ёсьць. А дачушка, магчыма, і нелегалка», — уздыхае маці трохмесячнай беларускі Веры Алена.

«Калі даюць статус уцекача альбо міжнародную абарону бацькам, гэта распаўсюджваецца і на дзіця»

Беларус Тадэвуш нарадзіўся ў Варшаве 23 ліпеня 2022 года. Яго бацькі Зьміцер і Ганна пераехалі зь Беларусі ва Ўкраіну 1 студзеня 2022 года. Пасьпелі ў сярэдзіне лютага зрабіць у Кіеве гуманітарныя візы і трапіць у Варшаву. Жонка была на 4-м месяцы цяжарнасьці. Прайшлі цэлы квэст, пакуль разабраліся з польскай мэдычнай сыстэмай.

«Ужо пасьля нараджэньня дзіцяці я пайшоў у мясцовы Аддзел у справах іншаземцаў і ўцекачоў, каб атрымаць пасьведчаньне аб нараджэньні сына, не зьвяртаючыся ў беларускае пасольства ці консульства. Да таго ж у мяне канчаўся тэрмін дзейнасьці беларускага пашпарта», — кажа Зьміцер.

Атрымаць пасьведчаньне аб нараджэньні дзіцяці ў Польшчы ня так ужо і складана: неабходны пасьведчаньні (аб нараджэньні бацькоў, аб шлюбе) натарыяльна завераныя, а таксама даведка са шпіталя. Шпіталь накіроўвае выпіску ў мясцовы «ўжонд» (адміністрацыю. — РС) па месцы прапіскі бацькоў у Польшчы. І там ужо можна атрымаць пасьведчаньне аб нараджэньні дзіцяці. Бываюць і цікавыя моманты, расказвае Зьміцер.

«Мы з жонкай вырашылі, што сына назавём менавіта „Тадэвуш“ — беларускі варыянт. І жанчына ў мясцовым „ужондзе“ ніяк не магла зразумець, чаму ў гэтым імені трэба пісаць літару „w“ — Tadewusz». Але мы настаялі, і цяпер наша дзіцятка, у якіх бы краінах сьвету не апынулася, будзе адчуваць сябе беларусам", — прызнаецца Зьміцер.

Звычайна ў такой сытуацыі, калі дзіця нараджаецца за мяжой, людзі зьвяртаюцца ў беларускае консульства альбо амбасаду, каб атрымаць пасьведчаньне аб нараджэньні дзіцяці і беларускі пашпарт. Але некаторых амбасады адразу ж накіроўваюць у Беларусь.

«Некалькі нашых знаёмых езьдзілі ў Беларусь, каб зарэгістраваць дзіця і атрымаць пашпарт (хто даўно жыве ў Польшчы і ня мае палітычнага перасьледу). Расказваюць, што ёсьць цяжкасьці з выдачай дакумэнтаў амбасадай і консульствамі.

Але калі даюць статус уцекача альбо міжнародную абарону бацькам, гэта распаўсюджваецца і на дзіця. Я ўжо атрымаў статус уцекача і легалізацыю ў Польшчы на 3 гады. Акрамя плястыкавай карты побыту, мне выдалі праязны дакумэнт «жэнэўскага» ўзору, што дазваляе езьдзіць ў 52 краіны, якія падпісалі «жэнэўскае пагадненьне».

Жонка падала дакумэнты пазьней, ейная справа яшчэ на разглядзе.

«Спадзяёмся, і Тадэвуш атрымае адпаведны статус», — дзеліцца малады бацька Зьміцер.

«У тэорыі консульскія аддзелы беларускай амбасады павінны выдаваць пашпарты дзецям»

Юрыст-міжнароднік Алесь Міхалевіч запэўнівае, што кожнае дзіця, якое нарадзілася за мяжой, мае права атрымаць пасьведчаньне аб нараджэньні.

«Наколькі я разумею, звычайна пры наяўнасьці дазволу на жыхарства ў бацькоў у той ці іншай краіне з пасьведчаньнем аб нараджэньні дзіцяці праблем не павінна ўзьнікнуць».

Пасьведчаньне аб нараджэньні пацьвярджае бацькоўства, і гэта робіцца ў кожнай краіне, дзе беларусы знаходзяцца. Але што тычыцца пашпартоў, то трэба зьвяртацца ў консульскія аддзелы амбасадаў, раіць юрыст-міжнароднік.

«У тэорыі консульскія аддзелы беларускай амбасады павінны выдаваць пашпарты дзецям. Але беларускім дыпляматычным установам ніхто не забараняе сказаць: „Пашпарт дзіцяці мы дамо на тэрыторыі краіны“. У прававой дзяржаве такога быць не павінна, амбасада павінна дапамагаць сваім грамадзянам. Натуральна, падстава атрымаць грамадзянства ў дзіцяці ёсьць, але куды консульства адправіць іх гэта рабіць, залежыць ад консульства», — разважае юрыст Алесь Міхалевіч

Што тычыцца сытуацыі, калі людзі ня могуць ці ня хочуць зьвяртацца па дакумэнты для дзіцяці ў Беларусь, то ў дзяцей будзе такі самы статус, які ёсьць у бацькоў.

«Калі ў бацькоў пастаянны дазвол на жыхарства, яны могуць спрабаваць зьвяртацца па дазвол на жыхарства для дзіцяці. Калі ў бацькоў статус уцекача і „жэнэўскі пашпарт“, „трэвэл дакумэнт“ (дакумэнт для паездак за мяжу. — РС) уцекача, то дзіця таксама атрымлівае такі ж самы „трэвэл дакумэнт“. Трэба зьвяртацца ў мясцовую эміграцыйную службу і яго атрымліваць. То бок, калі хоць адзін з бацькоў мае статус уцекача, праблем у дзіцяці таксама яго атрымаць ня будзе», — кажа юрыст Алесь Міхалевіч.

Аднак могуць быць і «падводныя камяні»: ва ўсіх краінах выданьне дазволу на жыхарства прывязанае да наяўнасьці пашпарта, тлумачыць юрыст.

«І я не зьдзіўлюся, што палякі ці чэхі скажуць, маўляў, «мы гатовыя гэтаму дзіцяці выдаць дазвол на жыхарства ў выпадку, калі вы пакажаце яго пашпарт. Зрабіце пашпарт, і мы вам яго выдадзім», — кажа юрыст.

«Можна адправіць дзіця ў Беларусь са сваякамі, але тут ёсьць і свае рызыкі»

Што тычыцца гуманітарных візаў, на падставе якіх тысячы беларусаў прыехалі ў Польшчу і яшчэ не пасьпелі легалізавацца, у іх могуць узьнікнуць праблемы.

«Бо ў дзіцяці няма пашпарта, куды гэтую візу можна паставіць. У скрайнім выпадку, маючы пасьведчаньне аб нараджэньні дзіцяці, можна аформіць натарыяльныя дазволы і адправіць дзіця ў Беларусь для рэгістрацыі. Таксама амбасада, безумоўна, абавязаная такому дзіцяці выдаць даведку на вяртаньне — такі «аднаразовы пашпарт», — тлумачыць юрыст Алесь Міхалевіч.

Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

Гэта значыць, тэарэтычна дзіця з Польшчы ў Беларусь можна адправіць з бабуляй, дзядулем ці іншымі сваякамі, калі бацькі асьцерагаюцца вяртацца на радзіму. Такі варыянт ёсьць, але, безумоўна, тут ёсьць і свае рызыкі, лічыць юрыст Алесь Міхалевіч.

«Бо гэтае дзіця трэба вяртаць зь Беларусі да бацькоў, напрыклад у Польшчу. А для беларускай памежнай службы павінен быць натарыяльна завераны дазвол аднаго з бацькоў, каб дзіця вярнуць назад», — тлумачыць юрыст Алесь Міхалевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG