Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярнулася ў Беларусь па праграме сілавікоў «Дарога дамоў». Цяпер яе будуць судзіць паводле 12 артыкулаў


Тацяна Курыліна
Тацяна Курыліна

У Гомельскім абласным судзе прызначаная дата разгляду крымінальнай справы 49-гадовай адміністратаркі пратэставых чатаў Тацяны Курылінай. Судовы працэс пачнецца 28 сьнежня і пройдзе ў закрытым рэжыме.

Справу разгледзіць судзьдзя Мікалай Доля, паведамляюць праваабаронцы.

У чым абвінавачваюць Курыліну?

Тацьцяну Курыліну абвінавачваюць паводле шэрагу крымінальных артыкулаў:

  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады);
  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх);
  • ч.1 арт. 203-1 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных);
  • ч.1 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці);
  • ч.3 арт. 203-1 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных);
  • арт. 188 (паклёп);
  • ч. 1 арт. 367 (паклёп у дачыненьні Лукашэнкі);
  • ч. 2 арт.203-1 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестак);
  • ч. 1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта);
  • ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта, зьдзейсьнены паўторна);
  • ч.2 арт. 366 (гвалт альбо пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадзкі абавязак).

Жанчыне можа пагражаць да 15 гадоў зняволення.

Што паведамляе пра справу пракуратура?

Па матэрыялах сьледзтва, Тацяна Курыліна з 20 жніўня 2020 году па 20 лютага 2022 году праз Telegram-рэсурсы заклікала ўдзельнікаў чатаў да гвалтоўных дзеяньняў супраць прадстаўнікоў улады і сілавых структур.

Яна ж бяз згоды пацярпелых, якімі прызнаныя ў тым ліку пракурорскія работнікі і судзьдзі, неправамерна зьбірала, сыстэматызавала і распаўсюджвала зьвесткі аб іх прыватным жыцьці, чым прычыніла істотную шкоду іхным правам і законным інтарэсам. У такіх паведамленьнях нібыта зьмяшчалася загадзя лжывая інфармацыя.

У тэкставых паведамленьнях абвінавачанай у Telegram-чатах таксама зьмяшчаліся абразы з выкарыстаньнем ненарматыўнай лексыкі, пагрозы гвалтам у дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі.​

ByPol: Тацяну Курыліну падманулі беларускія спэцслужбы, пацярпеў «Рабочы рух»

Як паведамлялася ў СМІ, Тацяна Курыліна доўгі час знаходзілася за мяжой. У студзені 2022 году беларускія сілавікі ўзламалі шэраг чатаў «97%». А ў лютым Курыліну паказалі на беларускай тэлевізіі ў праграме прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай, піша «Вясна».

Лебедзева расказала, што актывістка вярнулася ў Беларусь з Польшчы ў рамках праграмы «Дарога дадому».

Пра тое, як папраўдзе Курыліна апынулася ў Беларусі, «Медиазоне» расказалі яе знаёмыя. Па словах Дзяніса, жанчына жыла ў Маскве, але зьехала ў Польшчу, «калі стала зразумела, што яе сапраўдныя дадзеныя, хутчэй за ўсё, вылічылі».

Ужо пасьля пераезду Курылінай напісаў незнаёмы мужчына, зь якім у яе «завязалася сяброўства, а потым зьявіліся — як яна думала — стасункі», кажа Дзяніс. Новы знаёмы Курылінай прадставіўся «былым сілавіком з шырокімі сувязямі». Ён прапанаваў Тацяне прыехаць у Беларусь, бо «даведаўся па сваіх каналах», што там яе не шукаюць.

Амаль праз паўгода зносін — у студзені 2022 году — Курыліна папрасіла калег па чатах зьняць зь яе правы адміністратара «ў сувязі з хваробай і тым, што ў яе зламаўся тэлефон». Неўзабаве яе сястра, якая таксама жыве ў Польшчы, расказала ім, што Курыліна паехала ў Беларусь, кажа іншая адміністратарка чатаў «97%» Алена.

Даведаўшыся пра гэта, актывістка патэлефанавала Курылінай у Telegram — тая сказала, што знаходзіцца ў Варшаве, але хоча пабыць адна. Абмеркаваўшы размову з астатнімі адміністратарамі і раскрыўшы падман, Алена зьвязалася з Тацянай зноў.

«Было шмат нецэнзурнай лексыкі — гэта эмоцыі, кожны баяўся за сваіх родных. Я пачула мужчынскі сьмех. (...)Я сказала, што яна прадалася гэбэшнікам і адзінае, што можа зараз зрабіць — гэта залезьці ў пятлю. Тады яна прызналася, што знаходзіцца ў Беларусі», — расказвае знаёмая Курылінай.

Паводле яе, Тацяна казала, што ў Польшчы ёй было цяжка, а тым, хто вярнуўся ў Беларусь, „праўда нічога ня будзе“, усіх адправяць на „хатнюю хімію“.

Прапагандыстка напісала, што Курыліна „пачынае новае жыцьцё“, а сама Лебедзева вядзе перапіску зь „дзясяткам ахвочых вярнуцца“.

Алена кажа, што сілавікі прапанавалі вярнуцца дадому і іншым адміністратарам пратэставых чатаў. Яны абяцалі, што тыя «проста пасядзяць на „хатняй хіміі“». Самой жанчыне такія прапановы паступалі неаднойчы.

На тэлевізіі Курыліна гаварыла таксама, што пратэставыя чаты ня маюць сэнсу, але кантралююцца польскімі спэцслужбамі, заяўляла пра шчыльныя кантакты з ByPol, расказвала нюансы сваёй працы.

Прадстаўнікі ByPol таксама лічаць, што Тацяну Курыліну падманулі беларускія спэцслужбы.

«Гэтую жанчыну спакусіў малады чалавек і папрасіў вярнуцца да яго ў Беларусь, абяцаў вырашыць усе пытаньні. Яна вярнулася, але гэта аказалася спэцапэрацыяй КДБ. І жанчына стала „ўсіх зьліваць“», — кажа прадстаўнік ByPol.

Што вядома аб праграме «Дарога дамоў»

Сілавікі ініцыявалі праграму «Дарога дамоў», якая, паводле іх, «дазваляе тым, хто выехаў, вярнуцца без наступстваў». Для гэтага трэба ўсяго толькі напісаць на пошту darohadadomu@gmail.com, дзе выпадак кожнага разгледзяць індывідуальна ці паведамяць, што «награшылі вы так, што дапамагчы вам ужо нельга».

Самую раньнюю згадку аб праграме «Дарога дамоў» выданьне «Медиазона» знайшла ў тэлеграм-канале прапагандыста Юрыя Цераха.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG