Аляксандра Апейкіна і Аляксандру Герасіменю абвінавачваюць у закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК). Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Увесну гэтага году БФСС улады прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй. Апейкін і Герасіменя — у ліку заснавальнікаў фонду. Апейкін працуе выканаўчым дырэктарам БФСС і сёньня, а Герасіменя сёлета праз рознагалосьсі пакінула арганізацыю.
У судзе прысутнічаюць дзяржаўны абвінаваўца, абаронцы, прадстаўнікі грамадзянскага пазоўніка, піша БелТА.
Абвінавачаньне настойвае на тым, што Герасіменя і Апейкін заклікалі дзяржавы і міжнародныя арганізацыі ўвесьці санкцыі супраць Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, перанесьці чэмпіянат сьвету ў хакеі зь Менску і адмовіцца яго спансаваць. Іх дзеяньні паспрыялі скасаваньню шэрагу спартовых мерапрыемстваў і прычынілі шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі ў палітычнай і сацыяльных сфэрах.
Беларускі фонд спартовай салідарнасьці ўтварыўся ў 2020 годзе дзякуючы намаганьням атлетаў, у тым ліку алімпійскіх і сусьветных чэмпіёнаў, прызэраў, якія выступілі за свабодныя дэмакратычныя выбары і супраць гвалту. За час сваёй дзейнасьці БФСС падаў некалькі пазоваў і прашэньняў у міжнародныя арганізацыі з просьбай разабрацца з палітызацыяй спорту афіцыйнымі органамі РБ.
У кастрычніку-лістападзе дэлегацыя БФСС наведала ЗША. Падчас візыту прадстаўнікі фонду сустрэліся з амэрыканскімі спартоўцамі, журналістамі і палітыкамі, а таксама з прадстаўнікамі беларускай і ўкраінскай дыяспараў.